У эфіры тэлеканала «Беларусь-5» генэральны сакратар Фэдэрацыі хакею Беларусі Яраслаў Заўгародні распавёў пра падачу заяўкі на правядзеньне Чэмпіянату сьвету па хакеі-2021 у Беларусі.
Паводле словаў чыноўніка, афіцыйныя дакумэнты ўжо накіраваныя ў Міжнародную фэдэрацыю хакею. Хто падаў заяўкі разам зь Беларусьсю, стане вядома на паўгадавым кангрэсе Фэдэрацыі, які пройдзе 7-10 верасьня ў Парыжы. Канчатковае рашэньне пра месца правядзеньня будзе прынятае на гадавым кангрэсе ў Кёльне 18-20 траўня 2017 году.
Паводле неафіцыйных зьвестак, на правядзеньне чэмпіянату ў 2021 годзе таксама будзе прэтэндаваць Фінляндыя, якую Заўгародні назваў «вельмі сур’ёзным супернікам» (праводзіла 6 чэмпіянатаў сьвету самастойна, два — супольна са Швэцыяй, у 2012 і 2013 гадах).
«Але ў выпадку няўдачы мы будзем падаваць заяву на правядзеньне Чэмпіянату сьвету 2022 году, — заявіў Заўгародні. — Ды заява на ЧС-2021 дасьць нам пэўную перавагу. Мы ўпэўненыя, што альбо ў 2021, альбо ў 2022 годзе мы мусім атрымаць форум».
У Менску праводзіўся Чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 году. Прэтэндэнтамі на правядзеньне таго чэмпіянату былі таксама Вугоршчына, Латвія, Украіна і Чэхія — апошняя адклікала заяву, у выніку Беларусь абралі зь вялікай перавагай.
У чэмпіянаце перамагла Расея, срэбра і бронза дасталася Фінляндыі і Швэцыі. Беларусь дайшла да чвэрцьфіналу, дзе прайграла Швэцыі 3:2. Беларусь наведалі больш за 80 тысяч замежных турыстаў, якім пры наяўнасьці квітка на гульню прадстаўляўся бязьвізавы ўезд. Агулам было набыта больш за 650 тысяч квіткоў на гульні. Да чэмпіянату было збудавана мноства гатэляў — за два гады Менск падвоіў колькасьць гатэльных месцаў. Пад чэмпіянат была ўведзеная забарона на паленьне ў грамадзкіх месцах.