Паступае супярэчлівая інфармацыя пра стан прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава, які два дні таму перанёс кровазьліцьцё ў мозг. Увечары ў панядзелак інфармацыйнае агенцтва «Фергана» паведаміла пра сьмерць 78-гадовага Карымава. Гэтую інфармацыю абверглі расейскія афіцыйныя агенцтвы — «Інтэрфакс» і «РИА Новости», са спасылкамі на крыніцы ў апараце прэзыдэнта Ўзбэкістану. «Ягоны стан мэдыкі ацэньваюць як стабільны», — спасылаецца на сваю крыніцу агенцтва «Інтэрфакс».
Супрацоўнік аддзяленьня праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch у Цэнтральнай Азіі Стыў Сьвярдлоў са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што пра сьмерць Карымава былі паінфармаваныя супрацоўнікі праваахоўных органаў Узбэкістану. Інфармацыю пра сьмерць Карымава пацьвердзіла прэзыдэнт асацыяцыі «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» Надзежда Атаева.
Ніякіх афіцыйных зьвестак на гэты конт не паступала.
78-гадовага прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава праваабарончыя арганізацыі лічылі адным з найбольш жорсткіх дыктатараў.
Раней дачка Карымава — Лола — паведаміла ў сацыяльнай сетцы Instagram, што ў яе бацькі ў суботу раніцай здарыўся інсульт, і стан ягоны ацэньваецца як «стабільны». Паводле афіцыйнага паведамленьня кабінэту міністраў, зробленага ў нядзелю, Карымаў знаходзіўся на «стацыянарным лячэньні».
У апошнія гады існаваньня СССР Іслам Карымаў быў першым сакратаром ЦК камуністычнай партыі Ўзбэкістану, а з моманту абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе — нязьменным прэзыдэнтам краіны. Паводле працягласьці знаходжаньня ва ўладзе з кіраўнікоў дзяржаваў на постсавецкай прасторы Карымаў быў другім пасьля Назарбаева, саступаючы яму толькі на адзін дзень.
Міжнародная супольнасьць і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова выказвалі жорсткія ацэнкі аўтарытарнаму стылю кіраўніцтва Карымава, крытыкавалі яго за адсутнасьць палітычнай апазыцыі і незалежных СМІ, сыстэматычнае ўжываньне катаваньняў. Паводле ацэнак «Мэмарыялу», колькасьць палітзьняволеных ва Ўзбэкістане большая, чым у краінах — былых рэспубліках СССР, разам узятых.
У траўні 2005 годзе ЗША і краіны Эўразьвязу асудзілі ўжываньне зброі пры падаўленьні хваляваньняў у Андыжане, калі, паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 187 чалавек. Пратэстоўцы патрабавалі паляпшэньня ўмоваў жыцьця і грамадзянскіх свабодаў. У адрозьненьне ад Захаду, пасьля падзеяў у Андыжане Крэмль падтрымаў Карымава, неўзабаве на тэрыторыі Ўзбэкістану былі разьмешчаныя расейскія вайсковыя базы. Амэрыканская вайсковая база была з Узбэкістану выведзеная.
На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у сакавіку 2015 года Карымаў набраў 90,39% галасоў.
Пэўны час пераемніцай Карымава лічылася ягоная старэйшая дачка Гульнара, якая займала пасаду асмбасадара ў Мадрыдзе, аднак у 2013 годзе, пасьля абвінавачваньняў у адмываньні грошай яе адносіны з бацькам сапсаваліся. Паведамлялася, што яна знаходзіцца пад хатнім арыштам.