Куды паляціць «чорны лебедзь» міграцыйнага крызысу

Прыток уцекачоў у Эўропу зьнізіўся. Ці можна сказаць, што мігранцкі крызыс скончыўся?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.


Цыганкоў: Чакаецца, што да канца сёлетняга году ў Нямеччыну прыбудуць каля 300 тысяч уцекачоў, заявіў у інтэрвію нямецкаму выданьню Bild кіраўнік фэдэральнага ведамства па справах міграцыі і ўцекачоў Франц-Юрген Вайс.

Паводле яго, ведамства можа пасьпяхова справіцца з уладкаваньнем 250-300 тысяч імігрантаў. Гэты ўзровень чыноўнік назваў аптымальным. «Калі прыбудзе больш, нам давядзецца працаваць пад ціскам. Мы ўвойдзем у крызысны рэжым», — заявіў Вайс.

Аднак цяжкі 2015 год не паўторыцца, мяркуе ён. Летась у Нямеччыну прыбылі больш за мільён уцекачоў і імігрантаў, у асноўным з краін Блізкага Ўсходу, Аўганістану і Афрыкі.

Згодна зь інфармацыяй Bild, цяпер разгляду чакаюць 530 тысяч заявак на атрыманьне прытулку ў Нямеччыне.

У чэрвені было аб’яўлена, што Эўракамісія рыхтуе шматмільярдны плян барацьбы зь міграцыйным крызысам. Прадугледжана заключыць партнэрскія пагадненьні зь дзевяцьцю краінамі Афрыкі і Блізкага Ўсходу, каб процістаяць нелегальнай міграцыі. Такія пагадненьні плянуецца заключыць з Ярданіяй, Лібанам, Тунісам, Нігерам, Малі, Этыёпіяй, Сэнэгалам, Нігерыяй і Лібіяй. З кожнай з гэтых краінаў Эўракамісія хацела б заключыць розныя дамоўленасьці аб тым, каб названыя дзяржавы прымалі назад нелегальных мігрантаў.

Натуральна, што ўся праблема міграцыі ня будзе так вырашаная, але вельмі пазытыўны крок у тым, што Эўропа пачала нешта рабіць, каб гэтую плынь павярнуць у больш кантраляванае рэчышча.

Таксама ўжо дзейнічае пагадненьне з Турэччынай, якая абавязалася прымаць назад мігрантаў, якія трапілі ў Грэцыю. Турэччына абавязалася перакрыць паток мігрантаў у Эўразьвяз у абмен на грашовую дапамогу, бязьвізавы ўезд у ЭЗ для сваіх грамадзянаў і перамовы аб уступленьні Турэччыны ў Эўразьвяз. Хаця, як выглядае, пасьля апошніх падзеяў у Турэччыне пасьля спробы путчу гэтыя перамовы ня вельмі актуальныя.

Такім чынам Эўракамісія перастала заплюшчваць вочы на мігранцкі крызыс, як гэта адбывалася ў 2015 годзе, калі ў ліпені-жніўні колькасьць мігрантаў памнажалася кожны месяц.

Пэўны час эўрапейскія палітыкі кіраваліся славутым выразам прэм’ер-міністра Нямеччыны Ангелы Мэркель: «Мы дамо рады». Але практыка паказала, што без дадатковых захадаў, бяз пэўных абмежаваньняў — проста прыняцьцем мігрантаў не абысьціся. Першымі тут выступілі ўсходнеэўрапейскія палітыкі, якія пачалі будаваць сьцены і заяўляць, што яны не гатовыя прымаць нават тыя сьціплыя квоты мігрантаў, якія ім вызначала Эўракамісія.

Як мы ведаем, рэйтынг Ангелы Мэркель на тле яе словаў «Мы дамо рады» апусьціўся да гістарычна самых нізкіх для яе паказьнікаў, паколькі большасьць нямецкага грамадзтва не ўспрыняла такога занадта лібэральнага падыходу да мігрантаў, маўляў, едзьце хто хоча, а мы справімся.

Ёсьць тыя дзеяньні, якія я пералічыў, і мэта іх — ператварэньне нелегальнай міграцыі ў легальную, наданьне больш законнага спосабу гэтаму патоку, які ў 2015-м годзе выглядаў панічным і бескантрольным. Цяпер эўрапейскія СМІ паказваюць, як можна іміграваць легальна, зьяўляюцца нават артыкулы ў тых краінах, адкуль пераважна прыходзіць міграцыя, пра тое, што рай зямны іх у Эўропе не чакае, пра цяжкасьці, якія суправаджаюць нелегальную міграцыю.

Да таго ж, Эўропа пачала змагацца зь нелегальнымі перавозчыкамі, якія ўсё гэта арганізоўваюць. Аправіўшыся ад першага шоку, Эўропа перайшла на больш заканадаўчы спосаб. Натуральна, што ўся праблема міграцыі ня будзе так вырашаная, але вельмі пазытыўны крок у тым, што Эўропа пачала нешта рабіць, каб гэтую плынь павярнуць у больш кантраляванае рэчышча.

Дракахруст: Магу прапанаваць іншую інтэрпрэтацыю (хоць я не настойваю на ёй) — што Эўропе проста пашанцавала. Зараз вельмі модная тэорыя амэрыканскага дасьледчыка Насіма Талеба, якая называецца «чорны лебедзь».

Сэнс яе, калі коратка, у тым, што нечаканасьці здараюцца, у цяперашнім сьвеце яны здараюцца часьцей. Яны маюць велізарныя наступствы, і па вялікім рахунку прадказаць іх нельга, на іх трэба толькі рэагаваць і быць да іх гатовымі.

Сэнс тэорыі «чорны лебедзь», калі коратка, у тым, што нечаканасьці здараюцца, у цяперашнім сьвеце яны здараюцца часьцей. Яны маюць велізарныя наступствы, і па вялікім рахунку прадказаць іх нельга, на іх трэба толькі рэагаваць і быць да іх гатовымі.

Прычым калі той «чорны лебедзь» прылятае, калі нечаканасьць здараецца, то знаходзіцца шмат аналітыкаў, у тым ліку і аналітыкаў перадачы «Трайны ўдар», якія потым гэта ўсё рацыянальна тлумачаць, гавораць, што вось там у Сырыі вайна, а ў Афрыцы бедна жывуць.

Але ў Афрыцы заўсёды жылі бядней, чым у Эўропе, вайна ў Сырыі доўжыцца даўно, а хваля пайшла толькі ў 2015 годзе. Гэтыя патокі сапраўды нельга прадказаць. Па вялікім рахунку, чаму адбылася гэтая міграцыя? Ну, таму ж, чаму адбываюцца землятрусы, паводкі, і шмат што іншае на сьвеце.

Але калі прылятае «чорны лебедзь», гэта не азначае, што і ўсе наступныя лебедзі будуць чорнымі. У рэшце рэшт працэсы пачынаюцца, у тым ліку і нечаканыя, а потым заканчваюцца.

Вось вы, Віталь, пералічылі некаторыя крокі: і з Турэччынай дамова, і, як вы сказалі, Эўразьвяз мяркуе пра штосьці там дамовіцца з афрыканскімі краінамі. Ён мяркуе, а хваля ўжо спадае. Наўрад ці яго меркаваньне на гэта так паўплывала. Ня выключана, што мадэль, падобная на працу акумулятара — назапасілася нейкая энэргія ў людзей, пабеглі, гэты імпульс выйшаў, і цяпер сытуацыя вярнулася на колы свае.

Міграцыя, зразумела, усё роўна велізарная, вось нямецкі міністар казаў пра 300 тысячаў. Гэта значна менш, чым было летась, але значна больш, чым было раней. Цалкам ня выключана, што гэтая хваля спадае, як спадае паводка, як спыняюцца эпідэміі, як сканчаюцца землятрусы.

Хоць варта сказаць, што гэты крызыс вельмі моцна зьмяніў Эўропу. Хваля можа спадзе, але тыя зьмены, якія яна спарадзіла, магчыма, будуць дзейнічаць яшчэ вельмі доўга.

Карбалевіч: Дасюль сярод гісторыкаў няма дастаткова адназначнага тлумачэньня, якія прычыны стаялі за тым працэсам, які быў названы «вялікім перасяленьнем народаў» у 1-м тысячагодзьдзі нашай эры.

Што тычыцца прытоку ўцекачоў. Захады, прынятыя і ЭЗ у цэлым, і асобнымі краінамі, далі свой вынік — былі пастаўленыя фізычныя перашкоды на шляху ўцекачоў, больш эфэктыўна сталі працаваць памежныя службы і інш.

Працягваецца рост уплыву правых партыяў у ЭЗ, якія патрабуюць жорсткай палітыкі адносна мігрантаў. Таму мігранцкая праблема ў ЭЗ доўгаіграючая.

Але гэта не азначае, што мігранцкі крызыс скончыўся. Бо, па-першае, канфлікт на Блізкім Усходзе працягваецца, вайна ў Сырыі, баі вакол Алепа разгараюцца з новай сілай, што падштурхоўвае новыя патокі ўцекачоў.

Дамова ЭЗ з Турэччынай наконт уцекачоў працуе дрэнна, ёй перашкаджаюць палітычныя супярэчнасьці.

У самой Эўропе разгараюцца палітычныя жарсьці, праблема ўцекачоў актыўна абмяркоўваецца. Вось прэзыдэнт Чэхіі Зэман прапанаваў закрыць межы для мігрантаў. Працягваецца рост уплыву правых партыяў у ЭЗ, якія патрабуюць жорсткай палітыкі адносна мігрантаў. У Францыі — жорсткія дыскусіі вакол купальнікаў жанчын-мусульманак. У Нямеччыне падзеньне даверу да Мэркель, найперш, з-за яе пазыцыі адносна ўцекачоў. Таму мігранцкая праблема ў ЭЗ доўгаіграючая.