Эрдаган пацьвердзіў гатовасьць вярнуць сьмяротнае пакараньне пасьля ўхваленьня парлямэнту

Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у нядзелю пацьвердзіў гатовасьць вярнуць сьмяротнае пакараньне, калі парлямэнт прагаласуе за гэтую меру. Пра гэта паведамляе Reuters.

Пра вяртаньне сьмяротнага пакараньня кіраўніцтва Турэччыны, дзе найвышэйшую меру не прымяняюць ужо больш за 20 гадоў, загаварыла пасьля правалу спробы вайсковага перавароту. Сам Эрдаган тлумачыў гэтую меру просьбай народу, агучанай на мільённым мітынгу ў падтрымку дзейнай улады.

У ноч на 16 ліпеня ў Турэччыне група мяцежнікаў учыніла спробу вайсковага перавароту, у выніку якой 246 турэцкіх грамадзян загінулі, ня лічачы мяцежнікаў, больш за 2 тысячы чалавек атрымалі раненьні, мяцеж быў здушаны.

У Турэччыне сьмяротнае пакараньне не ўжывалася ад 1984 году. У 2004 годзе ў рамках усталяваных Эўразьвязам патрабаваньняў да краін, якія прэтэндуюць на сяброўства, Турэччына афіцыйна забараніла навышэйшую меру.

Эрдаган ня раз сьцьвярджаў, што для Анкары сяброўства ў Эўразьвязе зьяўляецца стратэгічнай мэтай. Аднак у ЭЗ папярэдзілі, што вяртаньне сьмяротнага пакараньня спыніць усе перамовы па далучэньні Турэччыны да Эўразьвязу.