У Віцебску прайшлі ўжо другія «Барадулінкі»

Паводле аднаго з арганізатараў, Уладзімера Булаўскага, галоўная мэта і мінулагодняй, і сёлятней імпрэзаў — гэта даніна памяці дзядзьку Рыгору, народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну.

Афіша “Барадулінак – 2016”

Адразу на ўваходзе ў «Арт-Прастору» — так завецца адзін з культурных цэнтраў Віцебска — наведнікаў сустракала аб’ява пра збор сродкаў дзеля ўшанаваньня памяці паэта-земляка, ураджэнца Віцебшчыны. Грамадзскасьць зьбірае грошы на мэмарыяльную шыльду, каб павесіць яе на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін.

Кірмаш народных майстроў у дворыку “Арт-Прасторы”

Народнаму паэту былі прысьвечаныя і пазачарговыя заняткі курсаў «Мова нанова». Навучальны год яшчэ не распачаўся, але «вучні» сабраліся ў адной з заляў «Арт-Прасторы», і вядучы Сяржук Маркаў правёў віктарыну на веданьне біяграфіі дзядзькі Рыгора, а потым усе разам разгадвалі значэньні прымавак з «Вушацкага словазбору Рыгора Барадуліна».

Гандаль кнігамі

«Кніжны тэлевізар» для буккросінгу

Імпрэзы, так ці йнакш зьвязаныя з кнігамі, склалі бадай што асноўную частку сёлетніх «Барадулінак». Падчас сьвята кнігі можна было ці набыць, ці ўзяць проста так з «кніжнага тэлевізара» — такі незвычаны дызайн мела паліца для буккросінгу, абмену літаратурай.

Кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды» — для віцебскіх чытачоў

На «Барадулінках» выступілі пісьменьнікі Віталь Рыжкоў і Віктар Марціновіч, прайшла прэзэнтацыя праекта «50 музеяў Віцебска» ад краязнаўцы і гісторыка Міколы Півавара, які падрыхтаваў да друку кнігу пад такой назвай і спадзяецца з часам сабраць сродкі на яе выданьне.

Выступае Андрусь Такіданг

Слухачы

Музычная частка сьвята складалася з выступу гурта «Рэха» і Андруся Такінданга, пазьней тяго сьпевы перахапілі рок-гурты «Цень», «Восьмы дзень», «Ілюжан». Напрыканцы сёлетніх «Барадулінак» анансаваны паказ беларускай праграмы фэстывалю кароткамэтражных фільмаў «Cinema Perpetuum Mobile»