І дзеці, і іх бацькі. Як сям'я зь Менску адпачывала ў тэатральным летніку пад Белавежай

Добра адпачыць напрыканцы лета не дзе-небудзь на замежным санцапёку, а ў сямейным летніку ля Белавескай пушчы пашчасьціла нашай аўтарцы Паліне Масьлянковай з чатырохгадовай дачкой Ульлянай.

Зборы, або Мары зьдзяйсьняюцца

Пра сямейны летнік я ўпершыню пачула недзе год таму, калі акторка бэбі-тэатру «Бусы» Ганна Шапашнікава распавяла ў фэйсбуку пра свой чароўны адпачынак у вандроўным летніку Юліі Рэмпель у Славакіі.

Тады я адразу падумала, што такі фармат быў бы ідэальны для нас з Уляй. А таксама даведалася, што ў гэтыя летнікі бяруць абмежаваную колькасьць сем’яў, ды ня простых, а самых таленавітых, з уласнымі ідэямі і праектамі. Ну, падумала я, гэта не пра нас. І мы паляцелі ў адпачынак на Маёрку.

А сёлета Ганна зь іншымі ўдзельнікамі праекту «Бусы» вырашыла пераняць эстафэту ў Юліі і зладзіць свой уласны летнік у Беларусі для сем’яў зь дзеткамі 3-6 гадоў. Якое ж было маё шчасьце, калі мы пасьпелі ўскочыць у жнівеньскі заезд!

Рэжым дня, або Лёгкае дэжавю

Меркаваны расклад заняткаў абяцаў нам насычаную праграму: майстар-клясы, казачныя спэктаклі, дзіцячыя і сямейныя выступы, карагодныя і сонныя гульні, квэсты і скарбы, ёга і басэйн, пасядзелкі ля вогнішча і дарослыя гульні пасьля адбою.

Як толькі мы прыехалі ў цудоўны куток ля Белавескай пушчы, нас чакала заданьне: стварыць імянныя ўпрыгажэньні, аздобіць дзьверы нумара па матывах улюбёнай песьні, а таксама зрабіць сабе паштовую скрынку для летнікавай пошты. І мяне ахапіла лёгкае дэжавю, бо ўсё дзяцінства я правяла ў завадзкіх летніках у чаканьні бацькоўскага адпачынку. Узгадаліся насьценгазэты, выступы, спаборніцтвы, гімны ды іншая абавязковая атрыбутыка летнікавага жыцьця. Але той запал энэргіі, зь якім бацькі і дзеці разам рабілі сабе кароны, шаломы і вушкі з імёнамі, ператваралі каробкі ад дзіцячай кашы ў паштовыя скрынкі, а таксама выраблялі караблікі і цягнічкі, вавёрак і грыбы са звычайнай паперы і скотчу, хутка разьвеялі цьмяную асацыяцыю з традыцыйнымі летнікамі.

Мы дасылалі лісты і сюрпрызы таемным сябрам, хавалі адно для аднаго скарбы, ладзілі сямейныя і групавыя спэктаклі. Больш за ўсё я хвалявалася, як дачка адрэагуе на патрэбу выступаць на сцэне, бо яна ня любіць сьпяваць і танчыць, усяляк пазьбягае публічнасьці і павышанай увагі да яе асобы. Таму я не пярэчыла, калі Уля вырашыла, што ў абраным для выступу вершыку Андрэя Хадановіча «Чаму агуркі калючыя?» яна будзе казаць адну, але каронную маміну фразу «Таму што ты даставучая». Такім чынам, яна сыграла маму, а мне давялося прымераць на сябе ролю дачкі-чамучкі, што бывае вельмі карысна ў выхаваньні цікаўнага дзіцяці.

Музыка і сьпевы, або Беларускі народны кантэкст

А дзеці ў летніку былі самыя розныя. Сям’я зь Беластоку з двума сынамі-рыцарамі сямейным гімнам абрала беларускую «Песьню пра Вітаўта», бо хлопчыкі захапляюцца казкамі пра рыцараў і цмокаў. А маці з чатырма дзецьмі, якія лета праводзяць на хутары пад Браславам, сьпявалі блізкую ім «Купалінку».

Наогул жа ў летніку заўжды грала жывая музыка, а найчасьцей песенька-гімн пра пэрлінкі, адмыслова запісаная перад нашай зьменай. Леанід Паўлёнак з гурту «Нагуаль» адказваў за музычны складнік летніка: распавядаў пра народныя інструмэнты з розных куткоў сьвету, падыгрываў у дзіцячых спэктаклях, ствараў музычны фон падчас прагляду дыяфільмаў, сьпяваў ля вогнішча разам зь дзецьмі, пакуль усе смажылі хлеб, яблыкі ды кукурузу.

Рытуалы, або Пэрлінка-мікрафон

Пацеркі на нітачцы — як дзеці ў карагодзе. Гэтая мэтафара праходзіла чырвонай ніткай праз усе гульні і забавы ў летніку. На майстэрні па казкатэрапіі дзеткі зьбіралі пацеркі з пэрлінак і распавядалі па іх гісторыі. Пэрлінкі — чароўны матэрыял, які мы выкарыстоўвалі практычна ў кожнай падзелцы: і нанізвалі ў бранзалеты, і рабілі вочкі розным істотам, і набывалі рабінавыя пацеркі на кірмашы за гульнявыя грошы-пэрлінкі. А ўвечары дзеткі па чарзе бралі ў рукі вялікую пэрлінку і распавядалі ўсім, што іх найбольш уразіла за дзень.

Дзякуючы вобразу пэрлінак усе заняткі і мерапрыемствы зьнітоўваліся ў адзіныя пацеркі і ўспрымаліся як непаўторнае, цудоўна зрэжысаванае дзейства. Гэта сталася новым досьведам для кожнай сям’і, якая цяпер можа ствараць сваю ўласную гісторыю з пэрлінак-дзён, захаваўшы традыцыі летніка і зорнае неба над галавой.

Майстэрні, або Залатыя ручкі

Спэктаклі вядоўцаў Ганны Шапашнікавай і Златы Глотавай, а таксама дзіцячыя выступы суседнічалі з майстэрнямі, на якіх дзеці з бацькамі пяклі печыва і ляпілі з гліны, малявалі на тканінах і аздаблялі ліхтарыкі. А як проста і цікава было стварыць барабан з рулёна ад паперы і паветранага шарыка!

Напоўніцу праявіць творчы патэнцыял усе змаглі на кірмашы, дзе набывалі кандытарскія вырабы або жывёлак-арыгамі, або цацкі з гумак і шкарпэтак. Таксама можна было паўдзельнічаць ў лятарэі, пагадаць на цытатах зь дзіцячых кніг альбо прыдбаць сабе нешта з дваццаці самаробных касьцюмаў: пірата, рыцара, індзейца, прынцэсы, матылька ці сьлімака.

Белавеская пушча, або Адпачынак з жабкамі

Звычайна пад мерапрыемства такога маштабу вельмі складана знайсьці пляцоўку, каб і тэрыторыя была бясьпечная, і памяшканьні даволі прасторныя, і разьмяшчэньне камфортнае, і пэрсанал ляяльны да дзіцячых забаваў. Турыстычная база «Без праблем» каля Белавескай пушчы аказалася ідэальным месцам зь дзьвюма сажалкамі, у якіх водзяцца паўмэтровыя шчупакі, а таксама жабкі і сьлімакі, якіх любілі лавіць дзеці і таты-рыбакі. Мы назіралі за кузуркамі праз павелічальнае шкло, зьбіралі парныя прадметы па ўсёй пушчы, гулялі па лесе, знаходзілі грыбы і самі вырошчвалі крэс-салату ў гаршчочку.

Ранішні туман над вадой, поўня ў небе, раса ў траве — усё гэта больш востра і ярка ўспрымаецца ў далечыні ад горада.

Вядома, мы не маглі ня зьезьдзіць на экскурсію ў Белавескую пушчу. Дзеці пабачылі беларускага дзеда Мароза ў летнім строі, задалі яму самыя важныя пытаньні і паспрабавалі загадаць па 100 патаемных жаданьняў.

А потым глядзелі на аленяў, зуброў і дзікоў у вальерах. Праз аўтобусную экскурсію было цяжка ўсьвядоміць усю веліч Пушчы, але першае знаёмства зь ёй адбылося.

Пасьля адбою, або Начныя пасядзелкі дарослых

Усе бацькі бралі з сабой радыё-няні, каб наведваць дарослыя пасядзелкі. Тут мы знаёміліся, распавядалі пра сябе, сваю сям’ю і цікавыя выпадкі з жыцьця, якія паўплывалі на наш лёс. У нас нават быў паэтычны вечар пры сьвечках, калі бацькі чыталі свае ўлюбёныя вершы.

А ў ноч перад ад’ездам мы дзяліліся ўражаньнямі, дзякавалі адно аднаму за натхненьне і абяцалі прыехаць зноў ня толькі ў летнік, але і ў асеньнік, і ў зімнік.

Па вяртаньні, або Бомба запаволенага дзеяньня

Мы яшчэ толькі вярнуліся, а ўжо можна сказаць пра эфэкт летніка. Уля перастала баяцца сцэны і чужых позіркаў, стала нешта напяваць і актыўна займацца творчасьцю. Такі досьвед не праходзіць бясьсьледна: яркія ўражаньні павінны стаць штуршком да новых адкрыцьцяў.

З кожным днём градус самастойнасьці дзетак павышаўся. Аднойчы я ўстала рана на ёгу для дарослых, а калі вярнулася, Уля, умытая і апранутая, спакойна сабе гартала кніжку. Радыюс таксама пашыраўся. Яна магла ад мяне адысьці на вялікую адлегласьць — і я не клапацілася, і яна была спакойная. А ўсё дзякуючы вялікай сям’і, дзе кожны дарослы быў як родны кожнаму дзіцяці.

Альтэрнатыва, або Больш летнікаў — цудоўных і розных

Праект сямейных летнікаў ад тэатру «Бусы» толькі распачаў сваю працу, у арганізатараў ёсьць мноства ідэй на будучыя зьлёты: восеньскія, зімовыя і веснавыя.

Да таго ж ёсьць яшчэ варыянты, куды можна паехаць усёй сям’ёй. Некалькі гадоў таму ў Беларусі праходзілі сямейныя летнікі хоўмскулераў і тых, хто жыве зь ВІЧ. Сёлета таксама можна было наведаць некалькі сямейных зьлётаў на тэрыторыі Беларусі.

Вандроўны сямейны летнік ля Белавежы, чэрвень 2016. Для бацькоў і дзяцей 2,5-5 гадоў. Арганізатарка — Юлія Рэмпель, натхняльніца і хросная маці летніка тэатру «Бусы», кіраўнік онлайн-школы дакладных навук.

Сямейны вэгетарыянскі летнік «Кветка сэрца» ля Вілейкі, ліпень 2016. Для бацькоў і дзяцей любога ўзросту. Арганізатарка — трэнэр па ёзе Яўгенія Зосік.

Тэатральны летнік пад Нясьвіжам, ліпень 2016. Для бацькоў і дзяцей любога ўзросту. Арганізатарка — кіраўнік дзіцячай творчай студыі «Арт-багаж» у Кіеве Натальля Дацэнка.

Сямейны летнік «Падарожжа ў часе» на возеры Важа, жнівень 2016. Для бацькоў і дзяцей 6-13 гадоў. Арганізатарка — псыхоляг і арт-тэрапэўт Юлія Мацьвеева.

Сямейны летнік «Запаведныя вакацыі» ў Бярэзінскім запаведніку, ліпень 2016. Для бацькоў і дзяцей любога ўзросту. Арганізатар — псыхоляг Натальля Талай. Майстар-клясы ад кіраўнічкі арт-студыі «Калякі-малякі» Натальлі Няборскай, заснавальніцы дзіцячай кнігарні «Пірамідка» Марыі Ўроніч і майстра на ўсе рукі Аляксандры Яромчанкі.

Калі вы адчулі, што атмасфэра сямейнага летніка — гэта акурат тое, чаго даўно вам не ставала, вы можаце адсочваць актуальную інфармацыю пра заезды і вольныя месцы ў сямейных летніках па ўсім сьвеце ў закрытай суполцы ў фэйсбуку «Сямейныя летнікі — інфармацыя і водгукі». Хочацца спадзявацца, што ў хуткім часе зьявяцца і беларускамоўныя летнікі для ўсіх ахвотных з галавой пагрузіцца ў беларускі культурны кантэкст.

Паліна Масьлянкова для Радыё Свабода

Фота Тацяны Пасевінай