Чатырнаццаты выпуск фатаконкурсу «Незалежнасьць — гэта...», вынікі ІІ туру

Беларускай незалежнасьці спаўняецца 25 год. Незалежнасьць — гэта... Крылатае словазлучэньне стала назвай фатаконкурсу і яго запытальным зваротам: якія вобразы незалежнай Беларусі напаўняюць пройдзены адрэзак часу, якія здабыткі, страты, надзеі зьвязваем з апошняй чвэрцю стагодзьдзя?

На працягу пяці месяцаў свае фотаадказы на пытаньне дасылалі слухачы і чытачы Свабоды.

Дасланае за апошнія тыдні і вынікі фатаконкурсу камэнтуе вядучы Валер Дранчук.

Сёньняшнія ўдзельнікі:

Ірына Шыдлоўская

Вольга Дайлід

Віка Купрацэвіч

Дзяніс Жукоўскі

Belriot

Максім Багдановіч

Сяргей Гудзілін

Уладзімер Садоўскі

Кастусь Сырэль

Вітаю, сябры! Пачынаем урачыста, з кветак.

Каштоўнае ўсё, што нагадвае пра нашу спадчыну, стымулюе нашу сьвятую Незалежнасьць

Дэбютантка (паказальна для заключнага выпуску!) Ірына Шыдлоўская з Браслава: «Мая незалежнасьць — у бел-чырвона-белых кветках».

Кветкавыя кампазыцыі ўжо ўпрыгожвалі наш конкурс. І калі гэты раз паважаная аўтарка піша, што вырашыла разьвесьці бел-чырвона-белыя «грамафончыкі» на сваім лецішчы, я ахвотна стаўлю ёй залік, бо наш фатаконкурс адпачатку падтрымаў культурна-грамадзкі водгук на тэму незалежнасьці — часам з большай прэтэньзіяй на папулярызацыю, прыклад і пашырэньне беларушчыны, чым на самі прызавыя ляўры.

Ірына дадала, што працавала ў Браслаўскім музэі галоўным захавальнікам фондаў, а сёлета сышла на пэньсію. «Стала чытаючы „Свабоду“, пра конкурс даведалася сама. Фатаграфую ўнукаў, кветкі і цікавыя моманты жыцьця. Люблю ткаць: на кроснах — ходнікі, на дошчачках — паясы, вязаць касьцяной голкай. Удзельнічаю ў сярэднявечных фэстывалях».

Вось так: колер да колеру, нітачка да нітачкі — Беларусь тчэ сваю Незалежнасьць.

Дзівуйцеся, ведайце, ганарыцеся!.. Бел-чырвона-белыя кветкі на лецішчы пад Браславам. 2016

Каштоўнае ўсё, што стымулюе наша адчуваньне гісторыі, нагадвае пра нацыянальную спадчыну і паходжаньне — гэтай думкай заўсёды былі прасякнутыя сюжэты Вольгі Дайлід, адной зь першых і сталых удзельнікаў фатаконкурсу. Два новыя здымкі зь Целяханаў, што ў Івацэвіцкім раёне.

«Незалежнасьць — гэта ... 100 мясьцін Беларусі, якія трэба абавязкова ўбачыць».

І… “100 мясьцін” Беларусі, адна зь якіх – Целяханы. 2016

«Незалежнасьць — гэта... смак беларускай мовы праз густоўную дасьціпную рэкляму».

Тое, што нас аб’ядноўвае... Целяханы, 2016

Купка фатаздымкаў ад 18-гадовай Вікі Купрацэвіч з Мазыра. «Здымаю прыкладна год, — напісала дзяўчына. — Больш за ўсё люблю, калі атрымліваюцца жывыя сюжэты, калі героі — зь яскравымі ўсмешкамі і агеньчыкам у вачах, калі мой здымак вытачае добрыя пачуцьці, а вобраз запамінаецца».

Дзякуй, Віка, у Вас атрымалася. Заставайцеся са Свабодай!

«Незалежнасьць — гэта... вандроўкі па родным краі».

Пад зоркамі. 2016

«Незалежнасьць — гэта... ганарыцца сваімі каранямі, адвечнымі колерамі і сваёй праўдзівай культурай».

Бабулін танок. 2016

«Незалежнасьць — гэта... ляцець за марай-вясёлкай».

Насустрач... 2016

Ад Дзяніса Жукоўскага (ён стартаваў фотападборкай у першым туры) маем адметны здымак зь вядомага музычнага фэста «Басовішча».

«Незалежнасьць — гэта... вольныя песні за Вольную Беларусь»

Сьпяваем зь Лявонам Вольскім! “Басовішча”, Польшча, 2015

Аўтар наступнага здымка belriot піша:​ «Гістарычна склалася, што цэнтрам беларускасьці была вёска. Як вядома, раней беларусы жылі ў вёсках, там нараджаліся вершы, песні, казкі, традыцыі, строі... Жыла і наша мова, фальклор. Мяркую, і ўся Беларусь (як і яе незалежнасьць) фактычна паўстала зь вёскі. Зараз наша вёска знаходзіцца ў заняпадзе... Гледзячы на мой здымак, хочацца верыць, што пакуль у вёсках ёсць дзеці — вёскі жывуць. Дый сама незалежнасць — любімае дзіця вёскі!»

«Незалежнасць — гэта... дзеці беларускай вёскі.​»

На белым кані. 2014

Слушна, belriot! Хоць і сумна, belriot! Аднак напраўду — не безнадзейна, пакуль у вёсцы ёсьць дзеці і... коні. Белыя коні! Ваш здымак не бездакорны па кампазыцыі, аднак надзвычай атмасфэрны, па-жнівеньску кліматычны — няхай, пакуль лета зь пераходам у восень, спрыяе і шэньціць на добрае надвор’е ! Будзем верыць у белага каня вёскі.

Максім Багдановіч (літаратурнае рэха ўсё ж казыча прыемна слых) дэбютаваў у адзінаццатым выпуску. «З фатаграфіі я маю любоў да жыцьця і дасьледую рэчаіснасьць, знаходжу вечнае і задаю сабе новыя пытаньні», — напісаў тады ён. Сёньня зьмяшчаем новае: чатыры здымкі з «бацькоўскае» сэрыі (Максім гадуе сына) і што дадалося з апошняй пошты.

«Незалежнасьць — гэта... імправізацыя заміж маршаў».

Ля піяніна. Сакавік 2013

«Незалежнасьць — гэта... знакі, знаёмыя зь дзяцінства»

На канапе. Лістапад 2013

«Незалежнасьць — гэта... аберагальныя карункі з прабабуліных цёплых рук»

Партрэт на гаўбцы. Люты 2015

«Незалежнасьць — гэта... ўсёадольная сіла і няіснасьць перашкодаў».

У Лошыцкім парку. Жнівень 2016, Менск

«Незалежнасьць — гэта... выйсьце з рэжыму»

Пляц Сьцягу. Чэрвень 2016.

«Незалежнасьць — гэта... жывыя эмоцыі насуперак халодным камяням»

Дзіўны горад Іванава… Ліпень 2016, Берасьцейская вобласць.

"Незалежнасьць — гэта... калі выпадае «час зьмяніць «пляшывую апону!..»

На стаянцы ў прамысловым раёне. Ліпень 2016 года, Менск

Пераможцы ІІ туру

Ізноў запатрабаваныя... кветкі. Вашы бел-чырвона-белыя «грамафончыкі», Ірына Шыдлоўская, асабліва зараз да месца...

Ад імя ўдзельнікаў фатаконкурсу я дзякую Беларускай Службе Радыё Свабода за наладжаны фатаконкурс, дзе своеасабліва і вольна паядналіся слова і фатаграфія. З першай фотагалерэяй Незалежнасьці, сябры!

Плянаваныя тры прызы па выніках другога туру — пляншэты iPad — чакаюць аўтараў новых накірункаў конкурснай тэматыкі. Гэты раз імі ганаруюцца і заахвочваюцца:

Сяргей Гудзілін — за публікацыю ў дзявятым выпуску — тры здымкі з сэрыі фатаграфій пра беларусаў, якія робяць сабе татуіроўкі нацыянальных сымбаляў — Пагоні і бел-чырвона-белых сцягоў. Сэрыя называецца «Айчына на скуры» — адзначаны пошук тэмы незалежнасьці з выбарам героя, месца і экстрэмальных абставін;

Максім Багдановіч — за публікацыі адзінаццатага і чатырнаццатага выпускаў; адзначаны ляканізм перадачы аўтарскай пазыцыі, дэклярацыйна-вобразны зьмест і разнастайнасьць фотасюжэтаў, найперш сэрыі, прысьвечанай сыну;

Уладзімер Садоўскі — за публікацыю ў дзясятым выпуску — фатаздымак пад дэклярацыяй «Незалежнасьць — гэта... жыцьцё без правадыроў», у якім аўтар плякатнымі сродкамі фатаграфіі ставіць своеасаблівы «клічнік» на тле беларускай рэчаіснасьці.

Да трох прызоў — адмысловае рашэньне журы! — дадаўся і чацьверты, таксама пляншэт iPad, за найбольш «неадэкватны», нелюстэркавы ўдзел у фатаконкурсе. Гэты заахвочвальны прыз атрымае Кастусь Сырэль з Вушачаў (трэці, чацьверты, шосты фататыдні, трынаццаты выпуск). Кастусь Сырэль — адзін зь першых удзельнікаў фатаконкурсу, аўтар пэйзажных, сюжэтных і рэпартажных кампазыцый.

Калі і як атрымаць узнагароды, рэдакцыя паведаміць пераможцам пазьней.

Што да галоўнай узнагароды — паездкі ў Прагу, журы ўстрымалася: Прага пакуль пачакае. Вырашана, што гэты прыз мусіў быў стымуляваць больш масавую цікавасьць да фатаконкурсу падобнага кшталту, чаго, на думку журы, не адбылося.

Зьмяшчаем працы пераможцаў другога туру.

«Незалежнасць — гэта... заўсёды памятаць сваю гісторыю і дарагія сымбалі. Нават калі яны забароненыя. Нават, калі няма іншага выйсьця, чым захоўваць іх на ўласнай скуры».

Сяргей Гудзілін. Сэрыя “Айчына на скуры”

Сяргей Гудзілін. Сэрыя “Айчына на скуры”

«Незалежнасьць — гэта... ўсёадольная сіла і няіснасьць перашкодаў».

Максім Багдановіч. Сэрыя, прысьвечаная сыну. У Лошыцкім парку. Жнівень 2016, Менск

«Незалежнасьць — гэта... жыцьцё без правадыроў».

Уладзімер Садоўскі. Вялейка. Цэнтральная плошча. 2013

«Незалежнасьць і свабода — гэта сымбалі жыцьця. Ачышчальны агонь і жыватворнае сьвятло, адмаўленьне зла і ўсталяваньне дабра. Вось чаму я дасылаю на конкурс фатаздымкі маланак... Маланка наогул вельмі няўдзячны аб’ект для фатаздымкаў. Яе не пасадзіш у крэсла, не скажаш: „Усьміхніся, зараз выляціць птушачка“. Маланка — свабодная і незалежная. Яна зьяўляецца ў кадры дзе хоча і калі хоча».

Кастусь Сырэль. Перад навальніцай. Маланка над Вушачамі. Здымак зроблены вечарам 17 ліпеня 2016.

(Аудыяфайл прыкладзены аўтарам.)

“Незалежнасьць – гэта… што? Дзе яна і колькі яе ў нас ёсьць? Шукаю адказу і не магу знайсьці. І я падымаюся ўначы і фатаграфую зоркі, плянэты і вушацкія сьвітанкі, бо нішто не дае такога пачуцьця свабоды і незалежнасьці, як зорнае неба.

Кастусь Сырэль. Вушацкія сьвітанкі. Малы парад плянэт над царквой. 2015

Усе ўдзельнікі першага і другога туру атрымаюць (хто не атрымаў) новыя кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды».

Усім удзельнікам — мая асабістая пашана і падзяка. Асабліва тым, хто вельмі стараўся, не шкадаваў часу і душэўных намаганьняў. Тут меньш за ўсё мэханічнае працы, тут іншае вымярэньне, больш — пасіянарна-мэдытацыйнае. Гэта як напісаць верш, але ня тое, што сесьці і напісаць, — трэба яшчэ й вынасіць. Хто ўзяўся за гэтую задачу, пасьведчу — у кожнага атрымалася. У каго больш, у каго менш — гэта нюансы. Атрымалася, і я вас віншую... Да сваіх падзяк і асабістых сымпатый як вядучага фатаконкурсу я, з дазволу радыё Свабода, далучаю і два свае сьціплыя выданьні экалягічнай тэматыкі, у якіх зьмешчана за сто маіх аўтарскіх фатаграфій; абодва гэтыя выданьні будуць дасланыя А.Гусеву, У.Бакаву, В.Дайлід, В.Дольнай-Валошцы, І.Кірыну, Л.Новікавай, М.Мяжэньнікавай, С.Панізьніку, А.Пятрычыцу, Т.Трухановіч ды іншым — прыміце ўзаемна.

І наастатак парада на будучыню: здымайце, фіксуйце — каб да 50- і 100-годзьдзя беларускай незалежнасьці захаваць яе лепшыя імгненьні, сытуацыі, людзей.

Са Сьвятам! Убачымся!