Афіша:
У сталічным выставачным цэнтры Белэкспа (вул. Я. Купалы, 27) пачынаюцца выставы-кірмашы «Прывітаньне, школа!» і «Нашым дзецям». Бацькі змогуць на іх знайсьці ўсё патрэбнае да новага навучальнага году: вопратку, абутак, заплечнікі і сумкі, школьныя і спартовыя формы, школьныя прыналежнасьці, гульні, цацкі і многае іншае. Час працы кірмашоў ад 10.00 да 19.00.
У Менскім клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16) пройдзе канцэрт гурту «Нэйрадзюбэль». Пачатак а 20.00.
У гісторыі:
1879 — нарадзіўся Іван Пуліхаў, беларускі рэвалюцыянэр.
1896 — нарадзіўся Янка Чарапук, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.
1899 — нарадзіўся Хорхэ Луіс Борхэс, аргентынскі пісьменьнік.
1906 — нарадзіўся Юльян Саковіч, дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху, актывіст Таварыства Беларускай Школы і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, Беларускай Народнай Самапомачы, сябар ЦК Беларускай Незалежніцкай партыі.
1949 — набыў моц Паўночна-Атлянтычны пакт (НАТО).
1989 — Тадэвуш Мазавецкі стаў першым некамуністычным прэм’ер-міністрам пасьляваеннай Польшчы.
1991 — у Менску на патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ пачалася Нечарговая Пятая сэсія Вярхоўнага Савету БССР. Дэпутаты БНФ вынесьлі ў парадак дня прапанову аб спыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС і наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону.
1991 — Украіна абвясьціла незалежнасьць.
1991 — Міхаіл Гарбачоў пакінуў пасаду генэральнага сакратара ЦК КПСС.
У памяці:
1990 — памёр Сяргей Даўлатаў, расейскі пісьменьнік.
Цытата:
Як памру, дык пахавайце,
Дзе курган палынны,
Сярод стэпу шыракога
Мілай Украіны.
Каб шыракапола долы,
І Дняпро, і кручы
Мне відаць былі, каб чуў я,
Як раве равучы.
Як пагоніць з Украіны
У сіняе мора
Кроў варожую... тады я
І долы і горы —
Ўсё пакіну і падамся
Да самога Бога,
Памаліцца... А да тога —
Я ня знаю Бога.
Пахавайце ды ўставайце,
Кайданы парвіце
І варожай злой крывёю
Волю акрапіце.
І мяне ў сям’і вялікай,
Ў сям’і вольнай, новай,
Не забудзьце — памяніце
Нязлым ціхім словам.
Тарас Шаўчэнка, «Запавет» (пераклад Рыгора Барадуліна)