Беларуская пісьменьніца атрымала прэмію Шанхайскага кніжнага кірмашу ў катэгорыі «Ганаровы госьць».
На кірмашы ў Шанхаі прэзэнтавалася ў кітайскім перакладзе апошняя кніга Сьвятланы Алексіевіч, «Час сэканд-хэнд».
Агенцтва Сіньхуа паведамляе, што натоўп ахвочых атрымаць аўтограф пісьменьніцы быў настолькі вялікі, што арганізатарам давялося выкарыстаць дадатковыя сілы правапарадку, каб авалодаць сытуацыяй. Сама пісьменьніца скараціла свой выступ да 15 хвілін, каб мець больш часу для падпісваньня кнігі.
Shanghai Daily паведамляе, што летась у лістападзе ў кітайскіх перакладах выйшлі тры іншыя яе кнігі: «Чарнобыльская малітва», «Цынкавыя хлопчыкі» і «Ў вайны не жаночы твар».
Падчас побыту ў Шанхаі Алексіевіч дала інтэрвію найбуйнейшай кітайскай газэце «Жэньмінь жыбао», дзе сярод іншага сказала:
«Калі кажуць, што чалавек — гэта пяшчынка, то сотні людзей — гэта гісторыя. Бальшыні звычайных людзей цяжка выказаць сябе, я ўзмацняю іх голас, каб іх пачулі ўсе. І хоць па іх не застаецца сьледу, яны ўваходзяць у гісторыю.
Аднойчы нехта спытаўся ў Радэна, як ён робіць свае скульптуры, і ён адказаў: „Я змагаюся з каменем“. Я змагаюся з часам — зьбіраю рэшткі забытых жыцьцяў, чышчу, палірую іх і ствараю зь іх мастацтва».
Акрамя Алексіевіч, на кірмаш былі запрошаны больш за 40 пісьменьнікаў з-за мяжы. Цягам пяці дзён каля 500 выдавецтваў прэзэнтавалі ў Шанхаі больш за 150 тысяч найменьняў кніг.
На гэтым тыдні прадбачваецца ўдзел Алексіевіч у Пэкінскім кніжным кірмашы, дзе ёй таксама маюць уручыць прэмію.