«Мы чакалі ад яго нашмат болей, — выказаўся Максім Рыжанкоў пра выступ Кірыенкі ў інтэрвію „Прэсболу“. — Пры ўсіх яго тытулах выйсьці і сказаць, маўляў, мой канкурэнт зьняўся за два этапы да канца „Тур дэ Франс“, таму што рыхтаваўся да Алімпіяды, а я ня зьняўся... І калі, маўляў, мяне нагналі, то зьнікла матывацыя...»
Беларускі велагоншчык Васіль Кірыенка 6 жніўня ў групавой велагонцы сышоў з дыстанцыі. Спартовец нібыта ўпаў за 140 км да фінішу.
Празь некалькі кілямэтраў пасьля падзеньня ён, як паведамілі некаторыя СМІ, прыняў рашэньне завяршыць выступ.
Пазьней сам Васіль Кірыенка абверг інфармацыю пра падзеньне.
Максім Рыжанкоў, які таксама зьяўляецца першым віцэ-прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту, застаўся незадаволеным мэдальным вынікам беларусаў на Алімпіядзе. Выступ у Рыё — найгоршы ў гісторыі беларускай алімпійскай зборнай. Сёлета нашыя спартоўцы заваявалі 9 мэдалёў: адзін залаты, чатыры срэбныя і чатыры бронзавыя.