Абмяркоўваюць Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Ільяш.
Карбалевіч: Роўна чвэрць стагодзьдзя таму 19 жніўня ў сталіцы СССР Маскве адбыўся путч ГКЧП. Путчысты хацелі спыніць разбурэньне камуністычнага рэжыму і савецкай імпэрыі, а выйшла наадварот. Крах мяцяжу надаў гэтаму працэсу максымальнае паскарэньне і незваротны характар. Ужо 25 жніўня Вярхоўны Савет БССР прыняў закон, які надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. І гэтая дата можа лічыцца пунктам адліку беларускай незалежнасьці.
Сувэрэнітэт краіны — зьява складаная, шматмерная, адносная. У эпоху глябалізацыі поўнасьцю незалежнай ня можа быць ніводная краіна, нават самая вялікая. Тым больш гэта тычыцца невялікай краіны.
Пагаворым сёньня пра незалежнасьць Беларусі ва ўнутранай палітыцы. Усе былыя саюзныя рэспублікі СССР, якія сталі незалежнымі дзяржавамі, выйшлі з аднаго кораня, але потым пайшлі кожная сваім шляхам.
Калі мы гаворым пра незалежнасьць Беларусі, то міжволі маецца на ўвазе, што краіна залежная ад Расеі. І гаворка ідзе пра ступень незалежнасьці ад былой мэтраполіі, ад імпэрскага цэнтру. Дык вось, я лічу, што якраз ва ўнутранай палітыцы Беларусь за гэтыя чвэрць стагодзьдзя была найбольш незалежная ад Расеі. У тым сэнсе, што Маскву найменш цікавіла, што там адбываецца ўнутры краіны, як там з дэмакратыяй, правамі чалавека.
Найбольшае публічнае ўмяшаньне Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі адбылося ў лістападзе 1996 году, калі краіна перажывала востры палітычны крызіс
Найбольшае публічнае ўмяшаньне Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі адбылося ў лістападзе 1996 году, калі краіна перажывала востры палітычны крызіс, Лукашэнка рабіў канстытуцыйны пераварот. У Менск тады прыехалі, каб прымірыць бакі канфлікту, прэм’ер-міністар РФ Чарнамырдзін, кіраўнік Савету Фэдэрацыі Строеў, старшыня Дзярждумы Селязьнёў.
А потым Лукашэнка рабіў унутры краіны што хацеў, Маскву гэта ня вельмі цікавіла. Больш за тое, празь нейкі час Пуцін стаў рабіць захады па ўмацаваньні аўтарытарнага рэжыму, вельмі падобныя да тых, якія раней рабіў беларускі кіраўнік.
І наадварот, якраз Захад найбольш быў абураны ўнутрыпалітычнымі працэсамі ў Беларусі. І апошнія 20 гадоў ЭЗ і ЗША моцна ціснулі на афіцыйны Менск, рэзка крытыкавалі яго, уводзілі санкцыі менавіта з прычыны парушэньняў тут правоў чалавека.
Калі вярнуцца да беларуска-расейскіх адносін у гэтай сфэры, то варта адзначыць, што Лукашэнка найбольш непакоіўся менавіта спробамі расейскага ўплыву на беларускую палітыку і жорстка гэта перапыняў. Можна ўзгадаць, як быў дэпартаваны зь Беларусі лідэр Саюзу правых сіл Барыс Нямцоў.
І тут варта адзначыць такі парадокс. Беларусь і Расея ўжо фактычна чвэрць стагодзьдзя, ад самага распаду СССР бясконца інтэгруюцца. Але ў Беларусі няма прарасейскіх партыяў, якія б выступалі за поўнае аб’яднаньне з РФ, няма прарасейскіх мэдыяў, аналітычных цэнтраў. Праэўрапейскія ёсьць, а прарасейскіх няма. Бо гэтую пляцоўку ўлады жорстка зачышчаюць, каб мець манаполію на сяброўства з Расеяй.
Праўда, апошнія два гады, пасьля Крыму, прарасейскія арганізацыі ў Беларусі актывізаваліся. І ўплыў расейскіх мэдыяў моцны. Адказам беларускіх уладаў стала палітыка, якую ўжо назвалі «мяккай беларусізацыяй».
Глод: Гісторыю гэтага пытаньня Валер Карбалевіч акрэсьліў дакладна. А калі зыходзіць менавіта зь сёньняшняга дня, то я хачу зьвярнуць увагу на перадвыбарчы выступ на тэлебачаньні кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня Валера Варанецкага. Цяпер ён працуе амбасадарам Беларусі ў Аўстрыі і адначасова прадстаўніком пры АБСЭ.
Чаму я надаю такую ўвагу гэтай асобе? Амаль упэўнены: спадар Варанецкі ўзначаліць міжнародную камісію Палаты, а можа, нават і стане намесьнікам старшыні Палаты. Таму, мне падаецца, важна паглядзець — на што арыентуецца гэты чалавек. Я не сумняваюся, што ў яго ўжо была размова пра будучую працу зь міністрам замежных спраў Макеем, а можа, і з самім Лукашэнкам. Тым болей што спадар Варанецкі да пераходу ў МЗС пасьпеў папрацаваць у якасьці дарадцы па зьнешнепалітычных пытаньнях кіраўніка дзяржавы.
Праз выступ спадара Варанецкага скразной тэмай праходзіла думка пра тое, што кожны беларус павінен ведаць сваю гісторыю. Ён казаў, што мы маем вялікую гісторыю, якую нам трэба добра ведаць, каб выразна разумець, хто мы і па якім шляху нам ісьці
Праз выступ спадара Варанецкага скразной тэмай праходзіла думка пра тое, што кожны беларус павінен ведаць сваю гісторыю. Ён казаў, што мы маем вялікую гісторыю, якую нам трэба добра ведаць, каб выразна разумець, хто мы і па якім шляху нам ісьці. Гэта той падмурак, які аб’ядноўвае і кансалідуе наш народ. Ніхто не павінен сумнявацца ў нашай сіле, — казаў дыплямат. Ён нагадаў пра перамогі літвінскіх войскаў над мангола-татарамі на Сініх Водах, над швэдамі — пад Кірхгольмам, над тэўтонцамі — пад Грунвальдам...
Паводле слоў Варанецкага, беларусам важна захаваць адзінства, а «моцная сям’я трымаецца не на дабрабыце, а на любові, узаемаразуменьні і адказнасьці перад родам».
А вось пра так званую Саюзную дзяржаву, пра Эўразійскую эканамічную супольнасьць дыплямат прамаўчаў. Я думаю, прамаўчаў невыпадкова. Пасьля ўкраінскіх падзеяў акцэнты ў беларускай палітыцы зьмяняюцца. Можа, ня так хутка і ня так адкрыта, але гэты працэс ідзе. Ідзе таму, што Лукашэнка нутром адчувае: беларуская незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны цяпер — тая апора, на якой ён можа трымаць сваю ўладу. Таму і дачыненьні з Расеяй цяпер не выносяцца на першы плян, а, як правільна адзначыў спадар Карбалевіч, у нас няма прарасейскіх партыяў, якія б выступалі за поўнае аб’яднаньне з Расеяй. Нават спроба былога дэпутата і заўзятага прыхільніка Лукашэнкі Сяргея Касьцяна вызначыцца на гэтым кірунку была спыненая.
І яшчэ адзін цікавы факт зь сёлетняй выбарчай кампаніі, які добра кладзецца ў кантэкст нашай тэмы. Старшыні Беларускай патрыятычнай партыі — Мікалай Улаховіч і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — Васіль Задняпрадны, якія балятуюцца па адной акрузе, пачалі высьвятляць паміж сабой адносіны. Падчас анлайну на сайце tut.by Мікалай Улаховіч сказаў пра свайго суперніка, што той ачольвае партыю «русского мира». Таму Ўлаховіч будзе супраць яе змагацца, бо ён патрыёт Беларусі, а не патрыёт славянізму або трыадзінства. Ніякая партыя «русского мира» тут не прыжывецца, могуць нават не разьлічваць.
На заўвагу пра партыю «русского мира» пакрыўдзіўся Васіль Задняпрадны. «Не чакаў ад Улаховіча такой гразі. Хай бы засяродзіўся на сваёй праграме, Бог яму судзьдзя», — напісаў Задняпрадны ў твітэры.
Абодва палітыкі адхрышчваюцца ад «русского мира» і выступаюць за беларускі сувэрэнітэт. Невыпадкова!
Ільяш: Абмяркоўваючы гэтае пытаньне, мы адразу сутыкаемся з праблемай падыходаў. Мы павінны спачатку адказаць: а што ёсьць незалежнасьць? Гэта, відаць, магчымасьць паводзіць сябе адпаведна са сваімі інтарэсамі, патрэбамі і перакананьнямі.
Прычым, улічваючы спэцыфіку беларускага палітычнага рэжыму, мы павінны ў такім выпадку гаварыць ня столькі пра незалежнасьць Беларусі як дзяржавы, колькі пра незалежнасьць Аляксандра Лукашэнкі як палітыка, безь якога ўжо 22 гады ніводнае значнае пытаньне ў краіне не вырашаецца.
Дык вось тады сфармулюем пытаньне так: ці паводзіць сябе Лукашэнка ва ўнутранай палітыцы адпаведна са сваімі інтарэсамі, патрэбамі і перакананьнямі? Мне здаецца, што абсалютна так. Аўтарытарны рэжым у Беларусі Лукашэнка выбудоўваў таму, што лічыць: менавіта так краінай і трэба кіраваць, і толькі ён здольны быць прэзыдэнтам. Кідаў сваіх апанэнтаў у турмы і брутальна разганяў мітынгі ён таксама толькі таму, што лічыць, што менавіта так — праз права ўлады на неабмежаваны гвалт — палітычная барацьба і вядзецца. Мяняў сьцяг і герб, уводзіў дзьве дзяржаўныя мовы — усё гэта рабілася таксама толькі таму, што адпавядала яго каштоўнасьцям глыбока савецкага чалавека.
няўжо мы думаем, што насамрэч Лукашэнка хоча дэмакратыі, прававой дзяржавы, лібэральных рэформаў і бел-чырвона-белага сьцяга, а з прычыны пазыцыі Крамля вымушаны ламаць сябе праз калена і быць у вачах усяго сьвету дыктатарам?
То бок усё гэта проста адпавядае яго сьветапогляду, адпавядае яго ўяўленьням аб тым, што добра і што кепска, а не таму, як хоча Масква ці Брусэль. Можна шмат гаварыць пра залежнасьць беларускай дзяржавы ад Расеі (і ўсё гэта будзе небеспадстаўна), але будзем шчырымі: няўжо мы думаем, што насамрэч Лукашэнка хоча дэмакратыі, прававой дзяржавы, лібэральных рэформаў і бел-чырвона-белага сьцяга, а з прычыны пазыцыі Крамля вымушаны ламаць сябе праз калена і быць у вачах усяго сьвету дыктатарам? Іншая справа, што такі сьветапогляд Лукашэнкі не супярэчыць (і ніколі прынцыпова не супярэчыў) інтарэсам Масквы, таму і Масква ніколі не спрабавала сур’ёзна паўплываць на ўнутраную палітыку Лукашэнкі.