Сёньня ў Кітай прыбыла беларуская нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, якая стане госьцяй двух кніжных кірмашоў, дзе будуць прэзэнтавацца пераклады яе кніг на кітайскую.
У насычанай праграме дзесяцідзённага побыту беларускай пісьменьніцы ў Кітаі прадугледжаныя ўручэньне трох кітайскіх прэмій, сустрэчы з кітайскімі пісьменьнікамі і крытыкамі, інтэрвію для тэлебачаньня і прэсы.
У прыватнасьці, Сьвятлана Алексіевіч атрымае прэмію Шанхайскага кніжнага кірмашу, прэмію Пэкінскага кніжнага кірмашу і прэмію Вэньцзінь, якая лічыцца найважнейшай літаратурнай узнагародай Кітаю.
20 жніўня заплянаваная сустрэча Сьвятланы Алексіевіч з кітайскім пісьменьнікам Мо Янем, ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі 2012 году.
26 і 27 жніўня пісьменьніца зь Беларусі сустрэнецца зь міжнародна прызнанымі кітайскімі пісьменьнікамі Янь Лянькэ, Юй Хуа і Лян Хун.