16 жніўня прайшлі трансьляцыі выступаў на тэлебачаньні кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту па некаторых гомельскіх акругах. Сярод іх — выступ актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Няпомняшчых, які балятуецца па Гомельскай-Юбілейнай акрузе № 31.
Як паведамляе сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна», на запіс выступу ён прыйшоў у сваёй «кароннай», вядомай гамельчукам майцы з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі».
Але ў тэлеэфіры была бачная толькі верхняя частка майкі, а ніз — закрыты застаўкай зь імем кандыдата. Таму выйшла, што лёзунг на майцы — проста «За Беларусь».
Падчас выбарчай кампаніі 2012 году выступ кандыдата Ўладзімера Няпомняшчых у гэтай жа майцы ўвогуле не далі ў эфір, а падчас запісу патрабавалі пераадзецца. Пазьней, на паўторных выбарах па акрузе, камісія адмовілася прыняць здымак для плякату, бо актывіст зноў быў сфатаграфаваны ў майцы з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі».
Актывіст скончыў свой выступ лёзунгамі «За Беларусь без Лукашэнкі!», «Жыве Беларусь — Жыве вечна!».