Кніга Уладзіміра Мальсагава «Расейская мафія — ФСБ», якая выйшла ў 2008 годзе, уразіла чытачоў: распавядаючы гісторыю свайго жыцьця, аўтар раскрываў падаплёку апэрацый расейскіх спэцслужбаў, заказных палітычных забойстваў і іншых злачынстваў. З Уладзімірам Мальсагавым гаварыў наш калега з расейскай службы Радыё Свабода Дзьмітры Волчак.
Сын «чачэнскага Сахарава», палітвязьня савецкіх часоў Дзіяўдына Мальсагава, Уладзімір правёў больш за 10 гадоў у лягерах строгага рэжыму. Там ён сустрэў свайго старога знаёмага, Хож-Ахмеда Нухаева, крымінальнага аўтарытэта, які ў постсавецкія часы стане адным з самых уплывовых людзей у Чачні. У кнізе «Расейская мафія — ФСБ» Уладзімір Мальсагаў распавядае пра тое, як Хож-Ахмед пачаў працаваць на КГБ, а пасьля на ФСБ, выконваючы самыя страшныя даручэньні спэцслужбаў. Нухаева падазраюць у тым, што ён замовіў забойства амэрыканскага журналіста Пола Хлебнікава, які напісаў кнігу пра яго «Размовы з барбарам». Уладзімір Мальсагаў кажа пра дачыненьне Нухаева і супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў да іншых гучных палітычных злачынстваў і тэрактаў, у тым ліку і забойства Ганны Паліткоўскай, зь якой аўтар кнігі «Расейская мафія — ФСБ» быў знаёмы.
З 2001 году Хож-Ахмед Нухаеў знаходзіцца ў вышуку Інтэрполу па катэгорыі «Транснацыянальная арганізаваная злачыннасьць». Ужо шмат гадоў ён не зьяўляецца на публіцы, і нават ходзяць чуткі, што ён забіты, але Ўладзімір Мальсагаў, які жыве ў Францыі, перакананы, што Нухаеў жывы і працягвае праз сваіх людзей кіраваць бізнэсам, зьвязаным з расейскай нафтай, і выконваць даручэньні Крамля.
Уладзімір Мальсагаў зацікавіўся апублікаваным на сайце расейскай службы Радыё Свабода расьсьледаваньнем Ігара Мурзіна аб забойстве Барыса Нямцова і вырашыў падзяліцца сваімі меркаваньнямі пра тое, як арганізоўваліся палітычныя забойствы ў Расеі.
— Вы згодныя з высновамі Ігара Мурзіна пра тое, што за забойствам Нямцова стаяць не чачэнцы, а супрацоўнікі ФСБ?
— Так, я згодны, вядома. Ведаю гэтую структуру. І па Ані Паліткоўскай таксама яны. Ад адміністрацыі прэзыдэнта каманда звычайна ідзе. А насамрэч ад Пуціна, ланцужок там пачынаецца.
— Вы сьцьвярджалі ў сваёй кнізе, што «ўсё гучныя забойствы апошніх гадоў учыненыя расейскімі спэцслужбамі на даручэньне Крамля». Кніга выйшла 8 гадоў таму. Падзеі апошніх гадоў многае памянялі?
— Ды нічога не зьмянілася. З тых людзей, пра якіх я пісаў, хтосьці па службовай лесьвіцы падняўся, кагосьці схавалі, як Нухаева, але ён па-ранейшаму кіруе ўсім. Я на 100% упэўнены, што Пуцін закрытым указам Героя Расеі яму даў за ўсе яго справы. Гелаеў таксама на ягоным рахунку. Памятаеце гібель Гелаева? Многія з чачэнцаў, якія ведалі Гелаева і тое, як Нухаеў «абходжваў» яго перад апошняй вайной, ствараючы сабе «кальцо бясьпекі» з «Гелаеўскага спэцназу», і як уваходзіў у давер да Хамзата, упэўненыя, што менавіта Хожа ўгаварыў, гарантуючы Гелаеву падтрымку ў Грузіі на самым высокім узроўні, сыходзіць туды, але ў выніку змучанага пераходамі праз перавалы з пастаянным патрапляньнем у засады Гелаева, які страціў практычна ўсіх сваіх байцоў, чакала пагібель ад засады, праўда, вельмі гераічная. Праз каналы Нухаева ішоў і ліст Хатабу.
Нухаеўскія справы і крамлёўскія пераплецены
Спадарожнікавы тэлефон Джахару Дудаеву таксама ён пасылаў. Проста ўсе стрэлкі перавялі на турка, які вёз тэлефон, а ён просты выканаўца, ведаць ня ведаў. Турка затрымалі ў Азэрбайджане і для бачнасьці патрымалі некалькі гадзін. Толькі ідыёты з пуцінскай гэбні могуць прыдумаць такі «перавод стрэлак» на турка, бо любога «пасыльнага» па прыезьдзе павінны спытаць, як ён дабіраўся і ці былі праблемы, і кожны распавёў бы гісторыю з затрыманьнем, што само сабой выкліча падазрэньне ў з боку атрымальнікаў, якія самі захочуць дасьледаваць спадарожнікавую сувязь, а ў далейшым абыходзіцца зь ёй вельмі акуратна. Тэлефон быў дасьледаваны, сканаваны і «нашпігаваны» чым трэба яшчэ ў Турцыі крамлёўскімі спэцыялістамі ад ГРУ, а Хожа «набыў» гэтак неабходны «прэзэнт» для прэзыдэнта Дудаева^; пакуль правяралі яго, тэлефон закадавалі, паставілі маячок, таму лёгка было навесьці ракету. Так што, я ўпэўнены, званьне генэральскае ў яго, і Героя Расеі атрымаў ужо закрытым указам.
— А за што, на вашу думку, Паліткоўскую забілі? Таму што быў загад з Крамля ці таму што яна занадта глыбока ўлезла ў справы Нухаева?
— Гэта і загад з Крамля, і нухаеўскія справы. Нухаеўскія справы і крамлёўскія пераплецены. Гэта тая самая нафта.
— А Пола Хлебнікава?
— Хож любіў пантануцца, што называецца. Хлебнікаў напісаў пад іншым вуглом усё гэта.
— Значыць, за кнігу?
— Барбарам яго паказаў, са сваёй мэнтальнасьцю амэрыканскай угледзеў барбарскія погляды Нухаева. У Нухаева больш фантазій, на самай справе, ён далёкі ад палітыкі. Апошняя яго палітычная закідушка была пра тое, што умма павінна да сваіх вытокаў вяртацца. У першабытна-абшчынны лад назад, вобразна кажучы. Нешта накшталт «Ісламскай дзяржавы».
— Многія лічаць, што Нухаеў даўно забіты, ён не зьяўляўся на працягу многіх гадоў. Якія падставы лічыць, што ён жывы?
Хаваецца, бо баіцца кроўнай помсты за тых, хто загінуў
— Калі б ён быў забіты, чачэнцы б ведалі. Яго сястра Таня ў Маскве жыве, яна на сувязі пастаянна. А два гады таму ў яго яшчэ адзін сын нарадзіўся.
— А дзе ён жыве, у Турцыі?
— Гэтага ніхто ня ведае, ён хаваецца. Хаваецца, бо баіцца кроўнай помсты за тых, хто загінуў, Яндарбіева і іншых, тых, хто ўскосна ці непасрэдна на ягоным рахунку. А яго структуры па-ранейшаму працуюць у Нідэрляндах, Лёндане. Там салідныя нармальныя людзі сядзяць. Леча Арбіеў, які кіруе яго структурамі ў Лёндане, нармальны хлопец. Элеватары ў Краснадарскім краі, збожжа ідзе. Там за гэтым усім прыглядае брат ягонай жонкі маладой.
— Калі вы пазнаёміліся з Нухаевым?
— Знаёмыя яшчэ са школы, з 1970 году, мы тады на просьбу старэйшых, якія працавалі дырэктарамі кафэ і рэстаранаў, здавалі за іх нарматывы ГТО і бегалі ў парку імя Кірава дыстанцыі. Пасьля чаго дырэктары зладзілі для нас, маладых дзецюкоў, царскі банкет, дзе мы елі што хацелі і пілі грузінскія віны. Больш за ўсё нам лесьціла, што афіцыянткі з ўсьмешкамі круціліся вакол нас і какетнічалі, як з дарослымі хлопцамі. У нашай камандзе прысутнічала чалавек 12-14, і пад нас было поўнасьцю закрытае самае новае на той момант кафэ «Спорт». У камандзе былі вучні старэйшых клясаў дзьвюх цэнтральных школ Грознага — № 1 і № 22, у якой і вучыўся Нухаеў. Гэтыя дзьве школы сябравалі, а ў некаторых хлопцаў былі і сваяцкія сувязі.
— Вы лічыце, што Нухаеў па-ранейшаму адыгрывае вялікую ролю ў расейскай палітыцы?
— Безумоўна, адыгрывае. Перасоўваюцца ўсе фігуры. Дакладна гэтак сама і ягоны кампаньён, палкоўнік КГБ Пётр Суслаў, які быў старшынём выканкаму дугінскага руху «Эўразія». Яны разам задумвалі, як падмінаць пад сябе нафтавы бізнэс. Дарэчы, Сечын з Суславым старыя прыяцелі, яны ў Анголе разам былі. У «Роснафце» Суслаў і Нухаеў маюць добрую долю акцыяў, на якія «капаюць» працэнты.
Яшчэ ў 90-х яны вырашылі, што трэба, каб крымінал працаваў на КГБ, спайка патрэбная, каб падабраць бізнэс
Усе дакумэнты прыкрыцьця забойцам, тэрарыстам Пётр Суслаў заўсёды рабіў. Максіма Лазоўскага таксама Суслаў вёў. Яшчэ ў 90-х яны вырашылі, што трэба, каб крымінал працаваў на КГБ, спайка патрэбная, каб падабраць бізнэс. У Нухаева тады з Суславым гутарка была, ён мне сам распавядаў. Усімі выбухамі, пра якія Літвіненка пісаў, кіраваў Суслаў. Гэта ён спрабаваў арганізаваць ў 1994 годзе выбух на чыгуначным мосьце праз Яўзу, але тады сам падрыўнік загінуў. Пасьля гэтага Лужкоў крычаў, як звычайна, што вінаватыя чачэнцы, але даведаўся, што кагэбэшнік загінуў, і заткнуўся. Ад Суслава быў загад ў 1996 годзе падрываць тралейбусы ў Маскве. У Наварасійску з-за нафтавага тэрміналу вялікія войны былі, і туды Суслаў пасылаў людзей, дырэктара Туапсінскага заводу застрэлілі яны. Калі ў Чачні была першая вайна, маладых дзецюкоў, салдат, якія дэзэртавалі ці нешта зрабілі ў Чачні, Суслаў адмазваў, асабліва калі той добры стралок, снайпэр. Яны рэкрутавалі байцоў, разавыя былі кілеры, яны ў машынах спалі ў Маскве. Калі трэба было кагосьці прыбраць ці яшчэ нешта, на такія выпадкі яны іх бралі. Марату Васільеву давалі ў падпарадкаваньне трох-чатырох маладых. Марат вазіў на машыне, калі трэба, і страляў. У Марата было званьне старшага лейтэнанта ФСБ.
— Як вы пазнаёміліся з Ганнай Паліткоўскай?
— Я з Аняй сустракаўся ў 2001 годзе, калі мяне арыштоўвала ў Туле ФСБ. Быў у яе ў Архангельскім завулку, дзе «Новая газета». У мяне былі аркушыкі, нейкія рэчы для сябе запісваў. Напісаў пра тое, як мы крышавалі Камэрцыйны банк сацыяльнага разьвіцьця і Сялянскі расейскі банк. Шмат не пісаў адкрыта, таму што не хацеў падставіць хлопцаў, якія дачынення не маюць. З Аней у нас размова была, я ёй паказваў чарнавікі. Яна мне тады кажа: вы, чачэнцы, вялікія носьбіты інфармацыі часам бываеце, а калі даходзіць да справы, каб пацьвердзіць, у твар сказаць ці на паперу, адмаўляецеся, баіцеся. У яе шмат матэрыялаў было па Нухаеву, але ніхто не хацеў адкрыта казаць, вінаваціць, пацьвярджаць факты. Баяліся праўду казаць і да гэтага часу баяцца. Як сказаў нябожчык Халідаў (у Маскве застрэлілі яго ў 2001 годзе): «Хто на Нухаева скажа, два дні не пражыве». На Мацьвееўскай ён выяжджаў, іх расстралялі ў машыне проста. У Ані была вялікая інфармацыя па Чачні. Людзі ёй давяралі, адкрыта казалі. Яна Пуціна моцна турбавала, таму што выкрывала ўвесь час. Яна выдатна ведала, што Нухаеў працуе на КГБ, стары агент. Вы чулі такое прозьвішча — фэдэральны інспэктар Паўднёвай фэдэральнай акругі Імран Вагапаў? Пра яго мала хто што ведае. У савецкі час ён нідзе не працаваў, толькі на шабашку, на будоўлю езьдзіў. Казаў, што на юрыдычным вучыцца. Потым ён садзіцца ў турму, 206-ы артыкул — «хуліганка». У лягеры яны з Нухаевым сышліся, пастаянна разам былі. Я заўважыў, што Хожа некаторыя рэчы нават, выпіць або курыць, пры ім саромеўся, цнатлівы выгляд рабіў. У 1992-93 годзе Хожа адкрывае нафтавую біржу на Старапрамыслоўскай шашы ў Грозным, пры ёй рэстаран, «Аазіс» называўся. Можа быць, грошы адмывалі яны, а так там не было кліентуры асабліва. Я яго ўбачыў пазьней, калі яны шмат у «францускім доме» ў Грозным тыпу офіса зрабілі. Калі з Масквы прыяжджалі Макс Лазоўскі, Марат Васільеў, яны там спыняліся, начавалі, адтуль выяжджалі на вучобу. Я якраз там сустрэў пасьля доўгіх гадоў Імрана. Я яго не адразу пазнаў: ён зьмяніўся, ці то схуднеў, ці то смуглы залішне стаў. Пагаварылі. Яны ехалі ў горы трэніраваць Макса і Марата з рознага ўзбраеньня страляць, мяне таксама клікалі. А потым ён раптам зьявіўся на пасадзе фэдэральнага інспэктара Паўднёвай фэдэральнай акругі. Загадваў наборам у сілавыя структуры, МУС, ня толькі ў Чачні. Калі пераатэстацыя была, міліцыю на паліцыю мянялі, ён усім гэтым камандаваў, запраўляў.
— А цяпер што з ім?
— Цяпер ён у Маскве ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Як раз усе, якія цяпер сядзяць па Нямцову, прайшлі празь яго, набор праходзілі ў любым выпадку, у канчатковай інстанцыі, ён ня езьдзіў адбіраць па вёсках, але дакумэнты ён падпісваў.
— Вы лічыце, што ён быў прамежкавым зьвяном у арганізацыі палітычных забойстваў?
— Так, усё было ў ягоных руках, тым больш ён фэдэральны інспектар, усе кіраўнікі рэспублік яго пабойваліся, стараліся дагадзіць. Яму лёгка было куды заўгодна праехаць без усякіх падазрэньняў, каго заўгодна правезьці ў машыне і што заўгодна. Гэта не сакрэт. Калі забойства Паліткоўскай адбылося, арыштавалі кіраўніка ачхой-мартановской адміністрацыі Шаміля Бураева. Яго прыбіралі некалькі разоў, а Імран усё роўна яго ставіў туды. Бураеў занадта заўзята працаваў на фэдэральныя ўлады, і ў 1996-м, калі зайшлі баевікі, яго ледзь не расстралялі. А потым ён папрасіў прабачэньня перад народам, што ня будзе рабіць подласьці. Калі зноў новая вайна распачалася, ён рэзка надзеў пагоны, перамазаўся, і Імран Вагапаў яго зноў ставіў туды. Ён да таго ж Імрану сваяк. Бураева арыштавалі, патрымалі, а потым выпусьцілі. Зразумела было адразу, што значыць ад Адміністрацыі прэзыдэнта ідзе заказ. Ад Адміністрацыі і ад Нухаева, таму што Нухаеў яго рэкамэндаваў.
— А кілера Максіма Лазоўскага вы добра ведалі?
— У твар ведаў, не выпіваў зь ім, але ў адным банку КБСР сядзелі, ён таксама да нас прыяжджаў, і часта ў нарды гулялі. Часам паглядзіш — накшталт нармальны, часам здаецца, што манія велічы. Часам нібы жартам казаў, што ён ледзь не сьвяты, тыпу Божым правідам адзначаны. Калі асабліва дзяўчаты былі, ён задаваўся, што можа любога забіць і яму ўсё роўна нічога ня будзе. У яго было пасьведчаньне капітана, свабодна заходзіў у будынак на Лубянцы. Калі б ён ня быў супрацоўнікам, як бы заходзіў туды? Ён са зброяй хадзіў, не хаваў яе ніколі. І ніхто не разумеў, чаму ён спакойна страляе. Ён на Арбаце столькі людзей сярод белага дня пастраляў. Усе ведаюць, што ён страляў, і быццам нічога. Раз яго не арыштоўваюць, значыць, гэта некаму трэба. Хто ня дурань, той разумеў, чаму гэта так. А так ён супэр лічыўся. Ён невысокага росту быў, накульгваў. Яго потым ў 90-х гадах пасадзілі, ён у Тульскай вобласьці сядзеў.
— А калі выйшаў, забілі на прыступках царквы ...
Калі супрацоўніка свайго даводзіцца прыбіраць, аўтамат кладуць побач
— Так, спэцыяльна зрабілі як бы ганаровае забойства. Адстралялі і паклалі тут жа аўтаматы з пустымі ражкамі. Калі супрацоўніка свайго даводзіцца прыбіраць, аўтамат кладуць побач, а патронаў у ражку не пакідаюць, каб хтосьці не скарыстаўся. А так пры зброі загінуў, ледзь не на баявым пасту.
— Уладзімір, у вас з Хож-Ахмедам дзіўныя адносіны. Вы, з аднаго боку, шмат гадоў сябравалі, а з другога боку, вы яго ўяўляеце галоўным злыднем ў расейскай гісторыі. Як растлумачыць гэтую дваістасьць?
Калі хтосьці жыве пацаном, а сам стучыць, ён хто наогул? Ён па пацанскіх паняцьцях жыве?
— Так, мы сябравалі, паміж намі котка не прабегла, нічога чорнага. Але ёсьць пацанскія паняцьці: ня быць нягоднікам, быць мужчынам. У КГБ, міліцыі свае паняцьці, яны за той рысай. Калі хтосьці жыве пацаном, а сам працуе на тых, гэта значыць стучыць, ён хто наогул? Ён па пацанскіх паняцьцях жыве? Я разумею, калі б ён надзеў форму, адкрыта сядзеў на тым баку, зь ім размаўлялі б як з нармальным чалавекам, калі б ён заслугоўваў. Сярод мянтоў нармальныя ж людзі сустракаюцца, я маю на ўвазе чыста чалавечыя якасьці. А калі чалавек прадаецца з-за мэркантыльных інтарэсаў, каб ва ўладу пралезьці, гэта значыць, подла паводзіць сябе, ён ужо не чалавек, ён больш подлы. Вось, напрыклад, калі ў лягеры бунт быў спэцыяльна зроблены. Тады ішла вайна пры Андропаве: КГБ з МУС. У КГБ яны нічым не займаюцца, самі прыдумлялі злачынствы, самі іх раскрывалі ў савецкі час. Ім трэба было паказчык зрабіць, што рост карупцыі, або зь пярэваратнямі змагаліся, пстрыкнуць МУС па носе. Таму супрацоўнікі з галоўнага ўпраўленьня КГБ прыяжджаюць, заходзяць адразу да Нухаева ў зону, само сабой, адміністрацыя баялася Нухаева. Пра што ён зь імі размаўляе, калі заходзяць у кабінэт? Усіх выдаляюць адтуль. Ён брахаў, што амальгаму, якую нібыта скралі, «чырвоную ртуць» просяць аддаць, тады яны яго вызваляць. Падазрона таксама, калі два разы на месяц прыяжджалі ўвесь час, а то і часьцей, з Масквы. Ён як быццам рэзыдэнт выведкі ці яшчэ нешта. Тады я пачаў прыкмячаць гэтыя справы.
— А калі ў вас скончыліся сумневы, калі вы цьвёрда ўпэўніліся ў тым, што ён на тым баку гуляе?
Гэта як запалку кінуць у порах у зоне, ланцуговая рэакцыя пачынаецца вельмі хутка, калі пайшло адтуль, дзе аўтарытэт, тым больш "быкоў" лёгка вельмі разгайдаць
— Пасьля бунту гэтага ў лягеры. Там сёмы атрад быў з «апушчаных», хоць там адзін-два былі апушчаныя насамрэч, а астатнія, каб іх не чапалі, слабыя душком, што называецца. Звычайна ў зонах апушчаныя жывуць у атрадах сярод зьняволеных, а тут адным атрадам яны жылі. Там насамрэч адзін, два, тры п *** былі, астатнія проста, але калі ўжо зь імі жыве, то ён такі самы, іх ніколі ніхто ня б’е, западло было стукнуць ці яшчэ нешта. Гэта выгадна было, празь іх наркату прадавалі. Усе ведаюць, што ён прадае, а ідзі дакажы. Пачнуць качаць: ад каго вы ўзялі? Вы што, ад слоў п*** адштурхваецеся? А тых словы нічога ня значаць. Гэта значыць хітрыя рэчы. А тут трэба было дэстабілізаваць абстаноўку, ніколі б ніхто ў зоне не падняў бы на іх рукі, калі хто-небудзь з гэтага атраду нешта зрабіў, нахабна паводзіў сябе, адзінае, яму высьпятка давалі, можна было на падсрачніках адганяць іх. А тут цэлая атрымліваецца бойня, пачынаюць іх біць. Хожа настрапаліў, гэта як запалку кінуць у порах у зоне, ланцуговая рэакцыя пачынаецца вельмі хутка, калі пайшло адтуль, дзе аўтарытэт, тым больш «быкоў» лёгка вельмі разгайдаць. Ужо чакалі ўнутраныя войскі, загадзя гатовыя былі, і мамэнтальна ў зону заехалі БТР, салдаты ў бронекамізэльках, у масках, з дубінкамі, усіх запусьцілі пад дубінкі, газам «чаромха», як звычайна. Хто былі «адмаўлялава», гэта значыць аўтарытэтны, насамрэч нармальныя хлопцы, іх адправілі ў далёкія лягеры, тэрмін дадалі, раскідалі, карацей, з зоны. Але галоўнае, вельмі вялікі абшчак сабраўся, і грошы захоўваліся ў Нухаева. Больш за 30 тысяч было, а 30 тысяч па тых часах, 1984-85 год — гэта немалыя грошы. Калі па 5 тысяч «жыгулі» лічыць, напрыклад, 6 «жыгулёў». Гэтыя грошы зьнікалі, так і не было ніякага спросу. А Нухаеў празь нейкі час выходзіць. Імран таксама там быў, я нават ня ведаю, куды Імрана адтуль зьвезьлі. Тады, мабыць, Імран атэстацыю і прайшоў у КГБ.
— А навошта трэба было бунт правакаваць?
Сядзяць нармальныя пацаны, каньяк, шампанскае п'юць, многія ня бачылі на волі таго, што там было
— Каб адміністрацыю памяняць. Усе ў Маскве ведалі, што яна карумпаваная, на УДВ — толькі за хабар, на «хімію» выйсьці — толькі за хабар, тэрмін паменшыць — толькі за хабар, усё на грашах было пабудавана. Яны самі сябе прадалі. Сядзяць нармальныя пацаны, каньяк, шампанскае п’юць, многія ня бачылі на волі таго, што там было, нават чорная ікра была. Мянты забягаюць туды, а перад імі старэйшы нараду або дзяжурны памочнік начальніка калёніі, яму адшпільваецца адразу нейкая сума рублёў, у залежнасьці, колькі чалавек сядзела, яшчэ пажадаюць добра правесьці час, толькі не шуміце, каб бяз боек было, і сыходзілі. Вось такое было. Наркату самі афіцэры праносілі ў поўны рост. Пра гэта ведалі. Арыштаваць не арыштуеш, пры жаданьні, вядома, маглі арыштаваць, але памяняць адміністрацыю, правесьці рэйд і прыбраць усіх афіцэраў галоўных, начальніка калёніі, яшчэ кагосьці ...
— Гэта значыць, яны праз свайго агента Нухаева справакавалі беспарадкі ў калёніі, каб замяніць карумпаваную адміністрацыю?
Я лічу сваім ворагам ФСБ, столькі крыві на ёй, столькі бедаў!
— Так, а аўтарытэтных зэкаў, якія адмоўна характарызаваліся, адправілі ў іншыя лягеры. Афіцэры КГБ пішуць рапарты ў Маскву, падводзіцца як спэцапэрацыя. У любым выпадку ім зоркі, павышэньне. Яны ж нічога такога і не рабілі, калі так узяць, самі напрыдумлялі шпіёнаў ці яшчэ нешта.
— Нават пасьля гэтага вы ўсё роўна сустракаліся з Нухаевым?
— Вядома, сустракаўся. Яго выпусьцілі, амністыю зрабілі і вывезьлі ў Чачню. Ён да мяне сам прыехаў, сядзелі, размаўлялі.
— Значыць, вы тады не лічылі сябе ягоным ворагам?
— Я лічу сваім ворагам ФСБ, на якую ён працаваў, столькі крыві на ёй, столькі бедаў! Узяць гэтыя войны ў Чачні — гэта ўсё спэцслужбы стваралі. Руслан Лабазанаў працаваў на адмірала Угрумава. У пачатку 1990-х Чачня зь яе запасамі нафты была адным з самых прынадных кавалачкаў. Праз Чачэнскую рэспубліку тады Саскавец з камандай «адварочвалі» вялікія грошы: па паперах праз Чачню адпраўляліся цягнікі з каляровымі мэталамі і іншымі каштоўнымі грузамі, якія нібыта ішлі за мяжу. Недзе, на тэрыторыі Чачні, плёмбы зрываліся, і ўвесь груз сьпісваўся на Чачню, хоць вагоны на самай справе былі амаль пустыя ці крыху запоўненыя якім-небудзь глупствам. З Чачні зрабілі свайго роду «чорную дзірку», і камандзе Саскаўца было выгаднае такое становішча. Пачалі эканамічны ціск, зачыніўшы МФА банкаў ЧР, і ўвесь час пагражалі Дудаеву уводам войскаў. Так што адзін час ён быццам вымушаны быў «адшпільваць» камандзе Саскаўца пэўны хабар.
Ён крычаў п'яны супраць Пуціна: мы дамы падрывалі, а цяпер ён хоча, каб мы з усім сьветам трэцюю сусьветную вайну пачалі. Вось і забілі яго
З 92-93-га фінансавыя адносіны з Крамлём вырашаў Нухаеў. Ён казаў, колькі патрабуюць у Маскве, чым пагражаюць, і адвозіў грошы для перадачы ўраду Саскаўца і яго брыгадзе (што прыліпала да рук, ведаў толькі ён). Да гэтага часу Саскавец ўжо занадта шмат нахапаў, Ельцын хацеў яго здымаць. Тады Ельцын хацеў усё ж пайсьці на перамовы з Дудаевым, Джахар шмат разоў перадаваў у Крэмль, што хоча для сваёй рэспублікі дамову па тыпу Татарстану і нічога больш. Аднак камандзе Саскаўца перамовы Ельцына і Дудаева былі як сьмерць, бо тады б выявілася маса злачынстваў і сталі вядомыя скрадзеныя сумы. Гэтая партыя вайны хацела разьвязаць канфлікт у Чачні любымі спосабамі. Тады пачалася гэтая апэрацыя па навешваньні на Чачню цэтлікаў тады яшчэ не тэрарыстаў, а крымінальнай рэспублікі пад кіраваньнем крымінальнай улады і ўвайшоў у абарот тэрмін «чачэнская мафія». Угрумаў мабілізаваў сваю агентуру, і «Лобзік» -Лабазанаў атрымаў заданьне на «захоп» самалётаў у аэрапорце Мінэральныя Воды пад лёзунгамі тыпу «Свабоду Чачні!», «Рукі прэч ад Чачні!» і да т. п. Лабазанаў, само сабой, там і ня думаў зьяўляцца, а пераканаўча запэўніваў пасыланых, што «за ўсё выплачана» і яны даедуць «па зялёнай». Вось адзін момант: памятаеце, як аўтобус з закладнікамі заяжджае на мост і там працягваюцца перамовы з захопнікамі, але ў нейкі момант страляе снайпэр, трапляючы ў тэрарыста, які знаходзіўся каля акна, хуткі штурм і канец усім «лабазанаўскім тэрарыстам». А самае цікавае ў тым, што калі камэры выхапілі твар забітага праз пару хвілін, шакаваныя былі яго родныя, якія назіралі, як і ўся краіна, усё, што адбываецца па ТБ. Бо ён, па ўсіх дадзеных, знаходзіцца ў зьняволеньні, адбываючы тэрмін у калёніі № 4 у станіцы Александрыйскай Стаўрапольскага краю, што знаходзіцца каля Георгіеўску. Прычым родныя былі ў яго на спатканьні з тыдзень таму. Страшна зьдзіўленыя былі і вязьні, бо літаральна дні тры да таго яго этапавалі ў пяцігорскую «Белую лебедзь» на «дасьледаваньне», а сядзець яму заставалася яшчэ гадоў 5 або 6. Мне гэтую гісторыю распавёў і відавочца з «другога» боку, а менавіта опэр , «кум», які служыў тады на «чацьвёрцы», але па сямейных абставінах пераехаў у Тулу. Калі ж, па правакацыі ФСБ, мяне пасадзілі ў 2000-м у Туле, ён быў «опэрам» на нашым крыле турмы, а даведаўшыся, адкуль я, завёў размову пра гэта, бо ён усё ж быў земляком, хоць і з Стаўрапольля.
— Угрумаў, які гэтую апэрацыю пракруціў, у 2001 годзе памёр пры загадкавых абставінах ...
— Застрэлілі нібыта. Гэта ж Угрумаў кіраваў буйнакскім выбухам, калі першыя выбухі дамоў былі.
— Літвіненка і Фяльшцінскі даказвалі, што Угрумаў арганізаваў выбухі ўсіх жылых дамоў у 1999 годзе. Вы таксама з гэтым згодны?
— Вядома, ён быў адказным за гэта. За гэта ён і пайшоў уверх. Ён крычаў п’яны супраць Пуціна: мы дамы падрывалі, а цяпер ён хоча, каб мы з усім сьветам трэцюю сусвьетную вайну пачалі. Вось і забілі яго, а афіцыйна паведамілі, што інфаркт. Калі агентуру ўзяць у Чачні і на ўсім Паўночным Каўказе, можна сказаць, яна ўся яго была, ён ствараў. Калі быў распад СССР, у кожным горадзе ўтвараўся народны фронт, вылівалі сваю незадаволенасьць, хадзілі на мітынгі. Кіраўнікамі народных франтоў звычайна сваіх агентаў ставілі, як Жырыноўскага. Тады рэлігія ўжо выйшла, першы зьезд мусульман СССР арганізавалі ў Астрахані. У Угрумава штаб-кватэра ў Астрахані была. Многія мулы прыехалі, якія яшчэ за савецкім часам з КГБ працавалі. Само сабой, у Угрумава былі агенты. Спачатку казалі, што міліцыя разгоніць. Пайшлі перагаворшчыкі, размаўлялі з Угрумавым, Угрумаў дабро даў, каб прайшло ўсё нармальна. Гэта ўсё хітра было зроблена, каб падняць яму аўтарытэт, што ён выступае за вернікаў. Хто пайшоў зь ім размаўляць — гэта агенты КГБ, якія ўкараняліся ў народныя рухі.
Часта супрацоўнікі ФСБ самі захоплівалі закладнікаў пад выглядам бандытаў
Варта згадаць Маўладзі Байсарава, палкоўніка ФСБ, камандзіра спэцатраду ФСБ «Горац», самога «каштоўнага агента» Угрумава. Бо менавіта Маўладзі, тады яшчэ пад выглядам «баевіка», падчас першай вайны быў галоўным выкрадальнікам людзей як у Чачні, так і па Расеі, дзейнічаючы па апэратыўнай інфармацыі ФСБ. А часта супрацоўнікі ФСБ самі захоплівалі закладнікаў пад выглядам бандытаў і перапраўлялі Маўладзі Байсараву, які трымаў людзей у клетках, іх калечылі пад камэрамі, каб прымусіць сваякоў плаціць выкуп. Так габрэйскую дзяўчынку скралі, журналістаў у Чачні ён захопліваў. Тады трэба было з «баевікоў» зрабіць толькі «бандытаў». Гэта яго групе ФСБ належаць здымкі адсячэньня галовы ў закладніка, старога, зь якога не было чаго ўзяць. Ён шмат чаго нарабіў, але потым Кадыраў пачаў яго баяцца і папрасіў у Пуціна прыбраць суправаджэньне ФСБ ад Байсарава, пасьля чаго яго і застрэлілі ў Маскве на Ленінскім праспэкце. Ён занадта шмат зрабіў на загад Крамля, шмат ведаў, і яго баяліся.
— А калі вы апошні раз бачылі Хож-Ахмеда?
— Калі ў Маскву ён прылятаў, у 2001 годзе, на эўразійскі кангрэс. Ён, у «Прэзыдэнт-гатэлі» быў, там столькі аховы выставілі, ФСО ахоўвала, як быццам прыехаў кіраўнік нейкай краіны. Потым некалькі машын з Рублёўкі заехалі туды, Суркоў прыяжджаў. Руслан Атлангірэеў прыехаў туды пазьней. Яму начальства ФСБ падаравала пісталет імянны.
— Вы думаеце, што яны Хож-Ахмеда тады разглядалі як магчымага прэзыдэнта Чачні?
— Яго папросту паставілі б прэзыдэнтам Чачні, але ён не пацягнуў бы. Таму што станавіцца ў тую пару прэзыдэнтам — гэта мора крыві. Ён можа прыдумаць, паслаць людзей, каб забілі, а сам ён так высьвечвацца, як Кадыраў, ніколі ня стаў бы. Добра, ты цяпер на кані, але пройдуць гады, усё роўна чачэнцы не пакідаюць проста так. Пакуль ён ва ўладзе, вядома, яму дагаджаюць, будуць ахоўваць. А калі саслабне або ў няласцы ў Крамля будзе, ці мала што, прэзыдэнт памяняўся ў Расеі? Таму Нухаеў сам ніколі ня стаў бы.
— Калі вы напісалі сваю кнігу, з выкрыцьцём выступілі, якая была яго рэакцыя? Перадавалі вам ад яго што-небудзь? Не баяліся, што ён з вамі расправіцца?
Мне адна дзяўчына ў Маскве казала: вашых пазнаю па спэцыфічнай хадзе
— Яны спрабавалі, прыяжджалі. Адных я адразу заўважыў, калі прыехалі. Збоку відаць: па-першае, апранаюцца з іголачкі, тут ніхто так не апранецца. Вы бачылі чачэнцаў ў тусоўках, асабліва калі ў «Рэдысан Славянскую» зойдзеце: апранутыя з іголкі, фірмовыя рэчы, дарагія. Ніхто не апранаецца на Захадзе так. Як мне адна дзяўчына ў Маскве казала: вашых пазнаю па спэцыфічнай хадзе. Яны спыніліся на ўваходзе і пыталіся, дзе я жыву. Я ўбачыў гэтых людзей і адразу ў другі бок па калідоры пайшоў, адтуль ужо назіраў. Адразу зразумеў, хто гэта такія. У Францыі ёсьць спэцслужба, якая змагаецца з тэрарызмам, канстытуцыю абараняе. Яны мне раілі, як паводзіць сябе, як хадзіць. Тым больш тады, годзе ў 2005-2006-м, тэракты рыхтаваліся ў Эўропе, а выканаўцамі меліся быць чачэнцы. Тады зяць Нухаева езьдзіў па Эўропе з жонкай. Ён прыдумаў падставу, што ад бязьдзетнасьці прыехаў жонку лячыць. Ёй тады было каля 60. У Чачні свая пошта працуе, усе казалі, што гэта ў яго дзяцей няма, а не ў яе, гэта значыць ён бясплодны. То бок, гэта было проста прыкрыцьцём. Па маршруце ён паехаў у Аўстрыю, Бэльгію, Францыю. Я прыкінуў, з кім ён размаўляў, — гэта для мяне было стопрацэнтным пацьвярджэньнем, што рыхтуюцца правесьці нейкую акцыю, можа быць, адзін выбух, можа быць, некалькі. Потым паведамілі, што чачэнцы хацелі Эйфэлеву вежу падарваць. Як раз гэты час быў, калі ён прыяжджаў сюды. Подлы тып, што казаць.
— А якія адносіны ў Нухаева з Рамзанам?
— Я ня бачыў афіцыйна ніякіх. Рамзан маладзейшы нашмат. Калі Хожа быў прэм’ер-міністрам, Рамзану было гадоў 14, напэўна. У самой Чачні сутычак няма, таму што падзялілі інтарэсы. У Рамзана інтуіцыя добра працуе. Ён добра разумее, што калі Хожа прызначае фэдэральнага інспэктара ад Масквы, то, напэўна, уплыў нейкі мае.
— Вы сумуеце па Чачні, хочаце вярнуцца?
— Вядома, асабліва па той Чачні, якая раней была... Прырода, горы, Галанчожскае ў гарах прыгожае возера, я адтуль родам. Вядома, хачу, але ня з гэтай уладай. Цяпер адтуль бягуць у поўны рост.
— Ці павялічваецца эміграцыя апошнім часам?
Прыгажосьць Рамзан пабудаваў у Грозным, але гэта мёртвая прыгажосьць
— Кажуць, што ў Польшчы так шмат чачэнскіх уцекачоў, што нават у Беларусі на мяжы ў Берасьці сядзяць. Бо гэта як пацёмкінская вёска, прыгажосьць Рамзан пабудаваў у Грозным, але гэта мёртвая прыгажосьць, як такога жыцьця няма, толькі «браты Стэчкіны». Яны там са Стэчкінымі ўвесь час ходзяць, у іх свая каманда, рэстараны свае, свая тусоўка. Гэта калгасьнікі, якіх ніколі не было відаць, ніхто нават ня чуў, іх вайна вынесла на паверхню — каму вайна, а каму маць радна, — яны цяпер руляць. Любы, хто працуе, плаціць у фонд імя Кадырава, у любой арганізацыі адшпільваюць. Рэкет, толькі узаконены. Масква нічога ня зробіць, Пуцін усё яму дае, вочы на ўсё заплюшчвае. Пуцін ведае, што падтрымка ад яго будзе ў любым выпадку. Яны ў спайцы: Рамзан ведае, што бяз Пуціна ён не жылец, а Пуцін на рамзанаўскую гвардыю, напэўна, яшчэ больш спадзяецца, чым на сваю нацгвардыю.
— Уладзімір, якую вы мэту ставіце, калі ўсе гэтыя рэчы расказваеце? Ёсьць у вас палітычная мэта?
— Ні ў якую палітыку не хачу, ужо і ўзрост.
— Адпомсьціць, скінуць Пуціна?
— У мяне няма такога рычага, каб я зямлю перавярнуў. Само сабой, я выдатна ведаю, што гэта зло і яго трэба прыбіраць. Па Пуціне плача Гаагскі трыбунал, злачынстваў вельмі шмат. Хачу, каб людзі ведалі пра тых, пра каго я казаў, каб трымаліся ад іх далей, каб хтосьці не пакутаваў, не загінуў. Таму што яны раней былі крымінальныя аўтарытэты, цяпер рэспэктабэльныя бізнэсмэны, а насамрэч хто штатныя супрацоўнікі, а хто агентура. А так у іх няма нічога сьвятога. Для іх самае дарагое — гэта ўтрымаць уладу і грошы, якія яны разьмясьцілі на Захадзе, і падтрымліваюць тут палітычных скамарохаў тыпу Марын Лё Пэн.