Чаму абмялеў валютны «паток»

Валютная выручка Беларусі зьнізілася на 3 млрд даляраў. Што гэта азначае для эканомікі краіны?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.


Цыганкоў: У першым паўгодзьдзі валютная выручка Беларусі скарацілася амаль на 3 мільярды даляраў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам леташняга году, сьведчаць дадзеныя Нацбанку.

У грашовым выражэньні валютныя паступленьні склалі 13,7 млрд даляраў і зьнізіліся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась на 18%, або на 2,96 млрд даляраў.

Перш за ўсё, прычына ў тым, што з-за падзеньня сусьветных цэнаў зьнізіўся экспарт галоўных складнікаў беларускага экспарту — нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і нафты. Ён скараціўся ў параўнаньні з першым паўгодзьдзем 2015 году практычна на 2 млрд даляраў.

Але зьніжэньне беларускага экспарту ў першым паўгодзьдзі назіралася і па іншых напрамках. Да прыкладу, экспарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчаваньня скараціўся на 307,4 мільёнаў даляраў, або на 14% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

І тут вельмі важна адзначыць, што экспарт тавараў і паслуг і, як сьледзтва, валютная выручка Беларусі, зьніжаюцца ўжо чацьвёрты год запар. Так, у 2013 годзе ў параўнаньні з 2012-м экспарт зьнізіўся на 15,1%, у 2014-м — на 1,7%, у 2015-м — на 24,2%, і за першую палову 2016-га экспарт тавараў і паслуг скараціўся на 16,1% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Адзіны чыньнік, які цяпер аказвае станоўчы ўплыў на валютны балянс — што беларусы апошнім часам даволі актыўна прадаюць сваю валюту. У людзей проста не хапае грошай на пражыцьцё і яны прадаюць валютныя ашчаджэньні.

І яшчэ адна важная лічба. У першым паўгодзьдзі 2015 году (гэта апошнія даступныя дадзеныя) ў рэальны сэктар эканомікі замежныя інвэстары ўклалі на 32,2% менш, чым за аналягічны пэрыяд папярэдняга году.

Выглядае, што адзіны чыньнік, які цяпер аказвае станоўчы ўплыў на валютны балянс — гэта тое, што беларусы апошнім часам даволі актыўна прадаюць сваю валюту. У людзей проста не хапае грошай на пражыцьцё і яны прадаюць валютныя ашчаджэньні.

Вынікі гэтых працэсаў, як мне здаецца, могуць выглядаць наступным чынам.

Па-першае, узрастае неабходнасьць далейшага атрыманьня замежных крэдытаў. Выглядае, што бяз гэтага не абысьціся, з улікам таго, што золатавалютныя рэзэрвы складаюць усяго 4,5 млрд даляраў — а калісьці было 8. Ці шукаць інвэстыцыі — але іх так проста не атрымаеш. Па-першае, трэба мяняць эканамічную сыстэму, трэба стварыць спрыяльны клімат для інвэстыцыяў, тут хуткага посьпеху ня будзе, таму ўлада будзе больш актыўна зьвяртацца да замежных крэдытораў і прасіць іх пра новыя пазыкі.

Узрастае неабходнасьць далейшага атрыманьня замежных крэдытаў, расьце патэнцыйная верагоднасьць дэвальвацыі.

І па-другое, расьце патэнцыйная верагоднасьць дэвальвацыі — не цяпер, але праз паўгода-год. Як гэта часта бывала ў беларускай гісторыі, менавіта дэвальвацыяй ратавалі экспартэраў і валютны балянс краіны. Пакуль беларускі рубель адносна стабільны, але гэта я кажу на пэрспэктыву.

Такая сытуацыя з валютным балянсам часта прымушала ўладу ісьці на аслабленьне рубля, гэта ажыўляла экспарт, павялічвала выручку. Вось гэтыя тэндэнцыі схіляюць да пэўнай дэвальвацыі рубля, напрыклад, цягам году ці крыху пазьней.

Карбалевіч: Зьніжэньне валютнай выручкі і экспарту зьвязаныя найперш з падзеньнем сусьветных цэнаў на нафту і калій. Што яшчэ раз выцягвае на паверхню фундамэнтальную праблему беларускай эканомікі, пра якую я казаў неаднойчы — яна ў значнай ступені завязаная на сыравіну.

Калі глядзець статыстыку, то доля нафты, нафтапрадуктаў і калію ў беларускім экспарце складае сёньня дзесьці 35%. Гэта шмат. Калі цэны на гэтыя тавары былі большыя, то доля сыравіны ў экспарце хісталася паміж 40% і 50%. То бок, беларуская эканоміка ў значнай ступені рэнтная. А краіны з рэнтнай эканомікай звычайна цяжка ідуць на структурныя рэформы. Глядзіце, які крызыс сёньня перажываюць нафтавыя дзяржавы — ад Расеі да Вэнэсуэлы. Бо жылі паводле прынцыпу: пілуй рэнту і ні пра што ня думай.

Зьніжэньне валютнай выручкі і экспарту зьвязаныя найперш з падзеньнем сусьветных цэнаў на нафту і калій.

Яшчэ адзін чыньнік, на які, здаецца, зьвяртаецца недастатковая ўвага. Вось каторы год падае беларускі экспарт у Расею. Яго зьвязваюць з падзеньнем нафтавых цэнаў, дэвальвацыяй расейскага рубля, заходнімі санкцыямі адносна Расеі.

Але ёсьць і яшчэ адзін важны чыньнік. Расея ўступіла у Сусьветную гандлёвую арганізацыю. І пакрысе на расейскі рынак прыходзяць замежныя тавары, напрыклад, кітайскія, якія выціскаюць беларускую прадукцыю. Невыпадкова кіраўніцтва Беларусі так ня любіць Сусьветную гандлёвую арганізацыю, не сьпяшаецца туды уступаць, крытыкуе іншыя краіны Эўразійскага эканамічнага саюзу за пасьпешлівае ўступленьне ў гэтую арганізацыю.

Якія наступствы? Пакуль краіну выратоўваюць ад шоку дэфіцыту валюты замежныя крэдыты (ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця) і беларускае насельніцтва, якое актыўна прадае валюту. Як толькі гэтыя крыніцы зьнікнуць, то і ўзьнікне шок, які можа выліцца ў рэзкае падзеньне абменнага курсу беларускага рубля і ў скарачэньне золатавалютных рэзэрваў.

Дэвальвацыя апошнія 2 гады не дае эфэкту для росту беларускага экспарту. Раней гэты чыньнік даваў эфэкт, яшчэ ў 2011-м годзе, а вось пачынаючы з 2014-га ужо не дае, таму што зьмяніліся шмат якія эканамічныя абставіны.

Цыганкоў: Сапраўды, калі глядзець на табліцу валютнай выручкі Беларусі, то рост адбываўся ў 2011-2012 годзе, што было вынікам трохразовай дэвальвацыі 2011 году. А наступная дэвальвацыя 2014-2015 году не дала росту, мы бачым толькі падзеньне выручкі.

Дракахруст: Хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што для такой краіны, як Беларусь, у якой значную частку ВУП складае экспарт і ў якой таксама велізарны імпарт, такое падзеньне валютнай выручкі — праблема куды больш значная, чым для краіны, збольшага арыентаванай на ўнутраны рынак.

Беларусь вельмі залежная ад зьнешняга гандлю і, адпаведна, падае валютная выручка — дзе браць грошы на крытычны імпарт, безь якога не абыдзесься, дзе браць грошы на выплату пазыкаў?

Паказьнікам гэтай розьніцы зьяўляецца такі цікавы культурны дысананс, які ўзьнікае, калі ў Беларусь прыяжджаюць расейцы і камунікуюць зь беларусамі. Калі расейцы пачынаюць разьбірацца ў цэнах, беларусы адразу кажуць, колькі ў далярах. Расейцы крыху бянтэжацца: а колькі гэта ў іх рублях? Яны дастаюць калькулятар, пачынаюць лічыць. Яны жывуць на сваім рублі.

Беларусы не жывуць на сваім рублі, для беларусаў валюта — гэта даляр. Любая вясковая бабка ведае, колькі каштуе даляр на сёньняшні дзень у беларускіх рублях. Гэта якраз паказьнік таго, што эканоміка вельмі залежыць ад імпарту. У Расеі гэта ня так. Расея вельмі шмат імпартуе, яна, дарэчы, мае станоўчае сальда зьнешняга балянсу пры ўсім тым, што нафта падае, але ў яе гіганцкі ўнутраны рынак.

А Беларусь вельмі залежная ад зьнешняга гандлю і, адпаведна, падае валютная выручка — дзе браць грошы на крытычны імпарт, безь якога не абыдзесься, дзе браць грошы на выплату пазыкаў? І таму я з вамі згодны, што, хутчэй за ўсё, паказьнікі валютнай выручкі — званочак наконт дэвальвацыі.