Пацучаняты ў малацэ. Рагачоўскі суд вынес рашэньне

Рагачоўскі раённы суд

16 жніўня судзьдзя Рагачоўскага раённага суду Ўладзімер Саламяйчук пастанавіў адхіліць прэтэнзіі мясцовага малочнакансэрвавага камбінату да трох жыхарак райцэнтру, якія спрычыніліся да разьмяшчэньня ў інтэрнэце фатаздымку «пакета малака з мышанём».

Матывацыйная частка судовага рашэньня яшчэ не падрыхтаваная. Судзьдзя агучыў толькі рэзалюцыйную частку: камбінат не даказаў, што пацучаняты трапілі ў пакет з малаком іншым спосабам, апрача як на вытворчасьці.

Шакуючы здымак з Рагачова абляцеў інтэрнэт у красавіку: з адрэзанага рога ў поліэтыленавым пакеце малака вытыркаецца палова пацучаняці. Мясцовая жыхарка Марына, аўтар здымку, на сваёй сьцяне ў «Аднаклясьніках» зрабіла такі запіс: «Рагачоўскае малако. Купі пакет малака і мыш у падарунак». І патлумачыла ў камэнтары: «Сталага веку жанчына хацела зварыць малочны супчык, адрэзала рог пакета і пачала выліваць малако ў рондаль, а яно ня льецца. Яна націснула на пакет, і адтуль паказалася дохлая мыш, і на дне пакета яшчэ адну намацалі».

На Рагачоўскім малочнакансэрвавым камбінаце абурыліся: такога ня можа быць — гэта моцны ўдар па рэпутацыі прадпрыемства.

Камбінат накіраваў пазоў у суд, баронячы сваю дзелавую рэпутацыю. У якасьці адказчыкаў названыя тры жанчыны: Аліна З. — яна купіла малако ў краме, занесла дадому маці, а пасьля паказвала пакет з пацучанём на рынку; 82-гадовая маці Аліны, Матруна Л. — бабуля мелася зварыць малочны супчык і знайшла мышаня; а таксама Марына С. — яна зрабіла здымак на мабільны тэлефон і разьмясьціла яго ў «Аднаклясьніках» з подпісам: «Рагачоўскае малако. Купі пакет малака і мыш у падарунак».

Малочнакансэрвавы камбінат патрабаваў ад жанчын публічна абвергнуць зьвесткі, якія ганьбяць ягоную дзелавую рэпутацыю як вытворцы высакаякаснай малочнай прадукцыі, а таксама хацеў спагнаць зь іх у салідарным парадку кампэнсацыю матэрыяльнай шкоды ў памеры 54 822 дэнамінаваных беларускіх рублёў. Акурат на столькі, паводле падліку эканамічнага аддзелу камбінату, зьнізіўся продаж малака ў пакетах за два месяцы — красавік і травень.

На адным з пасяджэньняў суду прадстаўнікі камбінату адмовіліся ад матэрыяльных прэтэнзіяў. Патлумачылі, што гэтае пытаньне будзе вырашацца кіраўніцтвам камбінату пазьней. На прадпрыемстве трымаюцца вэрсіі, што «пакет малака з мышанём» меў пастановачны характар.

Малако «Смачнае» з тлустасьцю 2,5 адсотка выпушчана было Жлобінскім філіялам ААТ «Рагачоўскі малочнакансэрвавы камбінат».

Пакет з малаком Аліна З. перадала ў Рагачоўскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Але той ня стаў дасьледаваць яго, хоць быў абавязаны. Супрацоўніца цэнтру перадала пакет галоўнаму інжынэру ААТ «Рагачоўскі малочнакансэрвавы камбінат» Дзьмітрыю Іванову. Менавіта ён паехаў з пакетам у Жлобін, каб агледзець вытворчасьць. І ўжо з падачы галоўнага інжынэра камбінату кіраўніцтва філіялу зьвярнулася ў Жлобінскую вэтэрынарную лябараторыю, каб спэцыялісты дасьледавалі мышэй, якія трапілі ў пакет.

Пацучаняты з малочнага пакету

Вэтэрынары падчас дасьледаваньня выявілі, што з адрэзанага кута малочнага пакету тырчала ня мышка, а малое дохлае пацучаня. Усярэдзіне пакета былі яшчэ два.

Прадстаўнікі малочнага камбінату заяўляюць, што наважаны абскардзіць сёньняшняе рашэньне Рагачоўскага раённага суду ў вышэйшай судовай інстанцыі.