Віцебскі спартовец Уладзіслаў Ганчароў спрабаваў прадаць падораны яму арганізатарамі Алімпіяды тэлефон праз «барахолку» «Онлайнера» яшчэ 7 жніўня. За ўнікальны апарат з гравіроўкай у выглядзе алімійскіх колцаў Ганчароў прасіў 2000 рублёў.
Пасьля перамогі на Алімпіядзе ў Рыё Ўладзіслаў зьвязаўся з рэдакцыяй Tribuna.com і ўдакладніў, што па-ранейшаму хоча прадаць тэлефон, але зрабіць гэта ён мае намер без уласнай выгады: алімпійскі чэмпіён плянуе выставіць новенькі Samsung на аўкцыён, а атрыманыя грошы аддаць віцебскай СДЮШАР № 1, дзе ён трэніруецца.
«Пасьля перамогі ў Рыё я зьняў тэлефон з продажу ў інтэрнэце і вырашыў выставіць яго на аўкцыёне, бо каштоўнасьць апарата пасьля майго посьпеху вырасла, — патлумачыў Ганчароў сваё рашэньне Tribuna.com. — Бо гэта эксклюзіўная лімітаваная алімпійская сэрыя, ды яшчэ і зь незвычайнай начыньнем — на ім ужо ёсьць шмат маіх асабістых фатаграфій з алімпійскага Рыё, прычым ня толькі з выступаў».
Уладзіслаў Ганчароў лічыць, што выручаныя грошы вельмі прыдадуцца маладым віцебскім спартоўцам.
«Таленавітых дзяцей у маёй СДЮШАР хапае. Думаю, гэтыя грошы ім вельмі дапамогуць. Яны могуць пайсьці і на паляпшэньне інфраструктуры, і, што самае галоўнае, дзякуючы гэтым сродкам хлопцы і дзяўчаты атрымаюць магчымасьць выехаць за мяжу на зборы або спаборніцтвы. Лічу, вялікая праблема нашага спорту — тое, што юныя спартоўцы ня так часта маюць магчымасьць паспаборнічаць са сваімі замежнымі аднагодкамі. А гэта так трэба і цікава», — адзначыў Ганчароў.
Пляцоўка, на якой пройдуць таргі, а таксама час іх пачатку будуць абвешчаныя ў бліжэйшы час.