Лукашэнка прыняў падарунак з удзячнасьцю і сказаў, што карова папоўніць ягоную асабістую падсобную гаспадарку.
Рыхтаваць карову ў падарунак Лукашэнку пачалі ў гаспадарцы яшчэ тыдзень-два таму. Пасялілі яе ў асобны бокс, каб яны прывыкла да чалавека, які за ёй даглядае. Карову выбралі добрую — «першацёлка, экстэрʼер, падыходзіць нават для выстаў».
Афарбоўка каровы бела-чорная, характар спакойны. Па фотаздымку бачна, што падарунак Лукашэнку спадабаўся.
«Хацелі менавіта першацёлку, бо звычайна зь першым расьцёлам жывёла дадае малака. Галоўнае, чым адрозьніваецца ад іншых, — добры ўдой. У дзень карова дае каля 36 кг малака», — паведамілі парталу tut.by ў гаспадарцы.
Імя карове прыдумае сам Лукашэнка.
Некалькі гадоў таму кіраўнік краіны казаў, што ў вольны ад прэзыдэнцкіх спраў час сам вядзе невялікую гаспадарку. Маўляў, як і для тысяч беларусаў, для яго карова — карміліца. Дый малодшаму сыну Мікалаю карысна ўжываць натуральнае малако, а ня крамнае:
«Я, напрыклад, заўзяты прыхільнік разьвіцьця прыватных падсобных гаспадарак. І ня толькі як прэзыдэнт, але і асабіста. У мяне ёсьць карова. Гэта для душы. Таму што зямля ўвогуле робіць высакародным чалавека, а жывёла — тым больш... Вельмі правільна хтосьці заўважыў, што гэта і выхаваньне. Калі дзіця зь дзяцінства круціцца там, дзе ёсьць скаціна, — гэта зусім іншы чалавек. Карова ў маім жыцьці — гэта душа сям’і. Яна карміла ўсіх», — казаў ён у траўні 2010 году.
Лукашэнкавы суседзі па Астрашыцкім гарадку пад Менскам, дзе для прэзыдэнцкай сям’і абсталяваная жылая рэзыдэнцыя, пацьвярджаюць, што бачылі на тэрыторыі сядзібы і карову, і козаў, і нават каня. Відавочна, менавіта ім ідзе тое сена, якое косіць пад камандай Лукашэнкі брыгада ў складзе ягоных старэйшых сыноў і набліжаных прадпрымальнікаў, спартоўцаў, чыноўнікаў.
У 1994 годзе да ўлады Аляксандар Лукашэнка таксама прыйшоў у суправаджэньні каровы: гонар і «душа сям’і» Мілка была амаль такім жа папулярным газэтным пэрсанажам, як і новаабраны прэзыдэнт. Аднак дзяржаўны статус ня даў магчымасьці ўтрымліваць карміліцу — жонцы Галіне Радзівонаўне ў статусе першай лэдзі не выпадала сядзець пад каровай. Але праз колькі гадоў Лукашэнка зноў вярнуўся да вытокаў.