15 жніўня нацыянальны авіяперавозчык «Белавія» прэзэнтаваў новы дызайн — цяпер зьнешняе і ўнутранае аздабленьне самалётаў, а таксама ўся дробная прадукцыя будзе ў бела-блакітных колерах. Аснова новага аблічча «Белавія» — белы васілёк на блакітным фоне.
Кіраўнік дызайн-студыі «Адліга» Анатоль Лазар у камэнтары Свабодзе назваў новыя ліўрэі самалётаў «Белавія» «ня надта прывабнымі». Белы васілёк на блакітным фоне выглядае бессэнсоўна, лічыць ён.
«Гэты дызайн людзі ўжо празвалі „цыркуляркай“. Васілёк у такім варыянце перастаў чытацца. Васілёк жа сіні — чаму ён стаў белы? Нават калі спрачаліся пра ідэю валянтэра-дызайнэра, то памятаю, што там хаця б быў такі смачны васілёк, ён быў менавіта такога валошкавага сіняга колеру. А што мы зрабілі вываратку — блакітнае неба і белая кветка — ну, такіх васількоў не бывае. Выглядае гэта досыць калюча, ня надта прывабна», — сказаў дызайнэр.
Першы брэндаваны Boeing 737-800 «Белавія» ў новай ліўрэі прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» 15 жніўня.
Boeing 737-800 — першы з трох замоўленых у 2014 годзе самалётаў, яшчэ два прыляцяць у Менск у кастрычніку і сьнежні. Гэта 28-ы самалёт беларускага авіяперавозчыка.