На цэнтральным пляцы Бабруйску, непадалёк ад гарвыканкаму, актывіст правёў флэш-акцыю «Сабачкі ў сеціве», а потым адправіў звычайнай поштай на адрас старшыні гарадзкога савету дэпутатаў паштоўку з просьбай навучыцца карыстацца інтэрнэтам.
Яўген Васьковіч таксама зьвярнуўся да дэпутаткі гарадзкога савету па сваёй акрузе Галіны Малікавай з просьбай неадкладна завесьці асабістую электронную скрыню і разьмясьціць адрас на сайце выканкаму. На думку актывіста, гэта зэканоміла б час і рэсурсы на звароты грамадзян, а таксама дазволіла б зьвяртацца асабіста да дэпутата, а той мусіў бы адказваць.
Яшчэ калі Яўген Васьковіч перадаваў свой зварот у гарадзкі савет, яго папярэдзілі што адказ будзе хутчэй адмоўны, бо «Галіна Радзівонаўна ўжо ў такім сталым узросьце, наўрад ці будзе электронную пошту заводзіць».
Нягледзячы на гэта, афіцыйны адказ ад імя дэпутаткі прыйшоў усяго празь дзень. У ім яна прапаноўвае пісаць на пошту гарсавету. Васьковіч адказаў, што ня ўпэўнены ў афіцыйнасьці і абароненасьці гэткай паштовай скрыні (яна знаходзіцца на сэрвісе «Яндэкс»), і ў любым выпадку гэта агульная пошта: адказаць зь яе можа хто заўгодна, але невядома, ці прачытае ліст сам адрасат.