Пхэньян папярэдзіў ЗША, што гатовы нанесьці папераджальны ядзерны ўдар у выпадку любой правакацыі супраць Паўночнай Карэі, паведамляе «Інтэрфакс».
«Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы КНДР перайшлі ў рэжым нанясеньня папераджальнага ядзернага ўдару зь цяперашняга рэжыму ваеннага супрацьстаяньня, каб даць адпор сьмяхотнай ваеннай гістэрыі ворага, накіраванай на тое, каб падарваць сувэрэнітэт і права на існаваньне КНДР. Усе нашы апэратыўныя групы гатовыя да нанясеньня бязьлітаснага зьнішчальнага ўдару па ворагу ў выпадку найменшай правакацыі зь яго боку», — гаворыцца ў заяве Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва Карэі (ЦТАК).
Пхэньян папярэджвае, што «папераджальны ядзерны ўдар не зьяўляецца амэрыканскай манаполіяй», а таксама лічыць, што ЗША, перакінуўшы на сваю ваенную базу на Гуаме стратэгічныя бамбавікі У-2 і В-1В, рыхтуюць уварваньне ў Паўночную Карэю.