Ярмошына: «Акцыі непадпарадкаваньня — самая вялікая пагроза»

Лідзія Ярмошына

Кіраўнік Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына назвала магчымыя акцыі пратэсту апазыцыі самай вялікай пагрозай для парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, якія пройдуць 11 верасьня.

Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію тэлепраграме «Контуры» на АНТ.

«Розныя палітычныя сілы могуць выкарыстоўваць выбары як падставу, каб абвастрыць палітычную сытуацыю. Усе заклікі, якія раздаюцца цяпер, паказваюць, што ўдзельнікі падзеяў 2010 году нічому не навучыліся нават у турме. Гэта значыць, яны спрабуюць справакаваць нейкія акцыі непадпарадкаваньня. Гэта зьяўляецца самай вялікай пагрозай», — сказала Ярмошына.

«З усім астатнім мы справімся. Усё знаходзіцца пад кантролем. Ня бачу падводных камянёў, якія могуць узьнікнуць», — дадала яна.

Кіраўнік ЦВК прызнала, што «ў парлямэнце павінны быць прадстаўленыя розныя палітычныя сілы, яны павінны абавязкова дыскутаваць, выпрацоўваць канструктыўную пазыцыю на карысьць грамадзтва».

«Калі кажуць, што парлямэнт ня месца для дыскусій — гэта сьмешна», — сказала Ярмошына.

Разам з тым, яна адзначыла, што «дзёрзкія і сьвядомыя дзеяньні каштавалі некаторым кандыдатам дэпутацкага статусу».

«Падчас збору подпісаў нельга было раздаваць агітацыйную прадукцыю. Але яе ўсё роўна раздавалі», — удакладніла Лідзія Ярмошына.