У Турэччыне чакаюць віцэ-прэзыдэнта ЗША, каб размаўляць пра экстрадыцыю Гюлена

Прэм’ер-міністар Турэччыны Біналі Йылдырым

Кіраўнік ураду Турэччыны Біналі Йылдырым заявіў, што візыт віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў апошняй дэкадзе жніўня паўплывае на ўзаемаадносіны дзьвюх краін.

Байдэн прыбудзе ў Турэччыну для абмеркаваньня магчымай экстрадыцыі апазыцыйнага прапаведніка Фэтхулаха Гюлена, якога Анкара абвінавачвае ў падрыхтоўцы ваеннага перавароту, сказаў прэм’ер-міністар Турэччыны. Амэрыканскі бок пакуль не пракамэнтаваў заявы турэцкага прэм’ер-міністра.

Візыт дэлегацыі міністэрства юстыцыі ЗША на чале з Байдэнам заплянаваны на 22 жніўня. Пасьля гэтага чакаецца візыт у адказ турэцкай дэлегацыі ў Злучаныя Штаты. У кастрычніку ў Анкару таксама плянуе прыехаць дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы. Турэцкі прэм’ер адзначыў, што рашэньне амэрыканскага боку з нагоды экстрадыцыі Гюлена паўплывае на адносіны дзьвюх краін.

У Турэччыне былі затрыманыя больш за 20 тысяч чалавек паводле падазрэньня ў датычнасьці да спробы вайсковага перавароту 16 ліпеняю Больш за 80 тысяч дзяржаўных службоўцаў, паліцыянтаў і вайскоўцаў пазбавіліся працы. Усе яны абвінавачваюцца ў сувязі з Гюленом, які жыве ў Злучаных Штатах. У пачатку жніўня ўлады Турэччыны выдалі ордэр на яго арышт. Сам прапаведнік паабяцаў здацца турэцкім уладам, калі яго віна будзе даказаная незалежным судом.