У Горадні рыхтуюцца ўсталяваць помнік Давыду Гарадзенскаму

Гарадзенская эпархія Беларускай праваслаўнай царквы атрымала ад уладаў дазвол усталяваць у Горадні помнік Давыду Гарадзенскаму. Гарвыканкам апытвае жыхароў гораду, дзе яго паставіць.

Паводле айца Андрэя Наздрына, які апякуецца стварэньнем помніка, на падрыхтоўку папераў і атрыманьне дазволу пайшло дзевяць месяцаў. Сьвятар кажа, што толькі з Божай помаччу ўдалося ўсё гэта зрабіць, бо дзесяць гадоў нікому ў Горадні не дазвалялі ўсталёўваць манумэнтальныя помнікі.

Айцец Андрэй Наздрын

— Цяжка было глядзець, калі ў старажытным горадзе ставяць помнікі ў выглядзе лавак ці яшчэ нечага безаблічнага. Япіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі прапанаваў зьвярнуцца да ўладаў па дазвол усталяваць помніка Давыду Гарадзенскаму, у асобе якога адлюстроўваецца і наша гісторыя, і наша культура, і наша вера.

Гарадзенскі гарвыканкам ужо прапанаваў у цэнтры гораду тры патэнцыйныя месцы, дзе мог бы стаць помнік: Савецкая плошча, скрыжаваньне вуліц Давыда Гарадзенскага і Замкавай, а таксама скрыжаваньне вуліц 17 верасьня і Максіма Горкага. На сайце гарвыканкаму кожны можа прагаласаваць за тое месца, якое лічыць найбольш адпаведным.

Месца на Савецкай плошчы, прапанаванае пад помнік Давыду Гарадзенскаму

На скрыжаваньні вуліц 17 верасьня і Максіма Горкага

На скрыжаваньні вуліц Давыда Гарадзенскага і Замкавай

Айцец Андрэй распавядае, што пасьля выбару месца будзе абвешчаны адкрыты конкурс на выраб помніка. Мяркуецца, што ён будзе з мэталу. Помнік, паводле сьвятара, павінен адлюстроўваць «нашу гісторыю, абаронцу нашай зямлі і веры, нашу беларускую мужнасьць і гонар».

Ідэю ўсталяваньня помніка падтрымалі і гарадзенскія гісторыкі. Вячаслаў Швед, які ня раз пісаў пра Давыда Гарадзенскага, кажа, што ягоная асоба як ніякая іншая ў гісторыі Горадні заслугоўвае ўшанаваньня.

Гісторык Вячаслаў Швед

Швед нагадаў пра паданьне, згодна зь якім Давыд Гарадзенскі быў пахаваны пад сьценамі Каложы. Але, паводле яго, гэта нічым не пацьверджана.

— Вядома, зь ягоным імем зьвязаныя многія месцы ў горадзе. Але мне здаецца, што было б найбольш лягічна ўсталяваць помнік на скрыжаваньні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага. Мне здаецца, што Давыд Гарадзенскі павінен быць на кані, як сапраўдны ваяр і абаронца. Хаця я бачу і стаячую кампазыцыю зь мячом, у адпаведным строі, побач з замкамі — а ён жа быў кашталянам замка. Самае галоўнае, каб гэтым заняліся адмыслоўцы, і думаю, што ўсё будзе выдатна.

Адзін з найбольш аўтарытэтных гарадзенскіх гісторыкаў, Алесь Смалянчук, зьвяртае ўвагу на тое, што асоба Давыда Гарадзенскага носіць не лякальны характар і аўтары помніка павінны будуць гэта ўлічыць. Яму б хацелася, каб помнік быў конны і стаяў у цэнтры гораду — на Савецкай плошчы.

Гісторык Алесь Смалянчук

— Каля замкаў ужо ёсьць помнік Вітаўту, і таму яны будуць перакрываць адзін аднаго. А на плошчы яго ўсе будуць бачыць, і ня проста праяжджаючы ў машыне. Давыд Гарадзенскі — сапраўдны ваяр, заступнік нашага гораду, і яго постаць выходзіць па-за межы нашага гораду. Будзе вельмі добра, калі насамрэч варта ўшануецца памяць гэтай гістарычнай асобы. Вядома, было б добра, калі б гэта быў яшчэ конны помнік. Бо калі мы гаворым пра Давыда Гарадзенскага, то заўсёды ўзгадваем ягоныя паходы.

Давыд — гарадзенскі стараста, вайскавод і дзяржаўны дзяяч ВКЛ, кашталян гарадзенскага замку. Бараніў ад крыжакоў ня толькі Горадню, але і Наваградак, а таксама Пскоў. У 1326 годзе зрабіў кінжальны рэйд на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. У час гэтага пераможнага паходу немцы падкупілі мазавецкага рыцара, і той па-здрадніцку забіў Давыда. Паводле легенды, гарадзенскага старасту пахавалі ля сьценаў Каложы. На пачатку 2000-х побач з Каложай паставілі памятны валун у гонар Давыда Гарадзенскага.