Як піша сёньня расейская газэта «Известия», адным з варыянтаў адказу Масквы на дзеяньні Кіева можа стаць закрыцьцё расейскай амбасады і адкліканьне ўсяго дыпляматычнага складу амбасады.
«Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея не пакіне без адказу тое, што адбылося ў Крыме. Расейскі лідэр абвінаваціў украінскія ўлады ў пераходзе да тэрору замест вырашэньня канфліктаў мірным шляхам. Адным з магчымых варыянтаў жорсткага адказу можа стаць разрыў дыпляматычных дачыненьняў. У Маскве гэты варыянт прапрацоўваюць. Аднак апошняе слова застаецца за кіраўніком дзяржавы, які прыме рашэньне на аснове сабраных дадзеных», — паведаміла крыніца «Известий» у расейскіх зьнешнепалітычных колах.
10 жніўня Фэдэральная служба бясьпекі Расеі абвясьціла пра затрыманьне групы дывэрсантаў, якія нібыта зьяўляліся супрацоўнікамі ўкраінскай выведкі і рыхтавалі тэракты ў анэксаваным Расеяй Крыме. Паводле ФСБ, падчас затрыманьня загінулі два расейскія афіцэры.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ўлады Ўкраіны перайшлі да практыкі тэрору. Кіеў адхіліў абвінавачваньні ў тэрарызьме і зьвярнуўся ў Раду Бясьпекі ААН.
Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Віктар Мужэнка паведаміў, што Ўкраіна прывяла ў павышаную баявую гатоўнасьць войскі на мяжы паміж Крымам і мацерыковай Украінай. Расея абвясьціла новыя ваенна-марскія вучэньні ў Чорным моры.