Украіна прыводзіць войскі на мяжы з Крымам ў баявую гатоўнасьць

Такое даручэньне 11 жніўня даў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьля паведамленьняў ФСБ Расеі аб затрыманьні «ўкраінскіх дывэрсантаў».

Таксама ў чацьвер Генштаб узброеных сіл Украіны абвясьціў аб пачатку на тэрыторыі паўднёвых абласьцей краіны маштабных вучэньняў марской пяхоты і берагавых ракетна-артылерыйскіх войскаў. Напярэдадні ўкраінскія Ваенна-паветраныя сілы пачалі вучэньні «Нябесны шчыт-2016».

Расея пасьля абвінавачваньняў Украіны ў спробе дывэрсіяў у Крыме, агучаных 10 жніўня, працягвае абмяжоўваць допуск украінскіх грамадзян на тэрыторыю анэксаванага паўвострава.

Мужчыны ад 18-ці гадоў — на дадатковы кантроль

На працягу ўчорашняга і сёньняшняга дня ўсе кантрольныя пункты ўезду-выезду працуюць, аднак Дзяржаўная памежная служба Украіны паведамляе пра абмежаваньне ўезду ў Крым.

«Прадстаўнікі краіны-акупанта працягваюць працаваць вельмі павольна і пэрыядычна абмяжоўваць пропуск транспартных сродкаў на кантрольных пунктах „Чаплынка“ і „Каланчак“. Таксама нам вядома аб тым, што агляд транспартных сродкаў ажыцьцяўляецца вельмі прыдзірліва, а частка тых, хто хацеў трапіць на паўвостраў, атрымалі адмову з фармулёўкай „няма падстаў для ўезду ў Крым“. Ва ўсіх трох расейскіх пунктах пропуску, у тым ліку ў Армянску, расейскія праваахоўнікі праводзяць фільтрацыю ўсіх асоб мужчынскага полу ад 18 гадоў, якія выяжджаюць на мацерыковую частку Украіны. У прыватнасьці, устанаўліваецца мэта паездкі, поўныя ўстановачныя дадзеныя, кантактныя тэлефоны, адрасы пражываньня і іншая пэрсанальная інфармацыя», — заявіў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян.

Паводле яго, усё гэта суправаджаецца падвышанай актыўнасьцю расейскіх войскаў і праваахоўных органаў паблізу адміністратыўных межаў між Крымам і мацерыковаю Украінаю.

«Беручы да ўвагі напружаную абстаноўку на паўвостраве, якую на працягу апошніх дзён нагнятаюць акупанты, Дзяржаўная памежная служба настойліва рэкамэндуе грамадзянам Украіны без вострай неабходнасьці ўстрымацца ад наведваньня акупаванага Крыма», — заклікаў Алег Слабадзян.

З чаго ўсё пачыналася. Храналёгія падзей

5 жніўня сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў на брыфінгу ў Кіеве заявіў пра канцэнтрацыю Расеяю ў Крыме вайсковых сілаў. У прыватнасьці, прагучала і назва гораду Армянск, у які, паводле ўкраінскай выведкі, сьцягваліся дадатковыя падразьдзяленьні і самаходная артылерыя. Менавіта ў Армянску праз два дні пасьля гэтай заявы — у ноч на 7 жніўня — расейскія адмысловыя службы знойдуць «групу дывэрсантаў», пры затрыманьні якой «у выніку агнявога кантакту» загіне супрацоўнік ФСБ Расеі.

І ўжо ад 6.30 раніцы 7 жніўня на працягу двух дзён Расея фактычна блякуе Крым ад перамяшчэньня грамадзян з мацерыковай Украіны без тлумачэньня прычынаў. Яны зьявяцца толькі 10 жніўня, пасьля частковага аднаўленьня руху на кантрольных пастах, у паведамленьні Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі пра папярэджаньне тэрактаў у Крыме затрыманьне грамадзяніна Украіны Яўгена Панова, жыхара Запароскай вобласьці.

На працягу ўсяго гэтага часу ўкраінскія памежнікі зафіксавалі на адміністратыўнай мяжы з Крымам палёты 15 расейскіх верталётаў Мі-8 і 12 дронаў, а ў моры — актыўнасьць расейскіх катэраў.

Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, 7 жніўня «чыгуначным паромам праз Керчанскую пераправу з мацерыковай часткі Расеі ў Крым было перамешчана падразьдзяленьні першай інжынэрна-сапёрнай брыгады, якая дысьлякуецца ў горадзе Мурам Уладзімірскай вобласьці».

Хто такі Паноў?

Затрыманы Расеяю «дывэрсант» Яўген Паноў зьяўляецца жыхаром горада Энэргадар Запароскай вобласьці. Ён працаваў вадзіцелем на Запароскай АЭС. Служыў у асобным мотапяхотным 37-ым батальёне Ўзброеных сілаў Украіны на Данбасе. Летась дэмабілізаваўся і цяпер працаваў з вэтэранамі Антытэрарыстычнай апэрацыі па адмысловай рэабілітацыйнай праграме. На выбарах у гарадзкую раду Энэргадару балятаваўся ад партыі «Укроп».

«Я не ведаю, што гэта было. Ён не шызафрэнік, каб ехаць у Крым, пасьля таго як ён балятаваўся ад „Укропу“ у гарадзкую раду. Бігборды па ўсім горадзе былі расклееныя з яго фота з баявымі ўзнагародамі ў форме. Ён жа не вар’ят. Мая вэрсія — гэта выкраданьне з мэтай пачатку поўнамаштабнае ваеннай апэрацыі з боку Расеі. Жэня ідэальна падыходзіць на ролю бандэраўца, які есьць дзяцей», — кажа ягоны сябра, дэпутат гарадзкой рады Энэргадара Арцём Дубкоў.


Сваякі Панова катэгарычна адмаўляюць, што ён працуе на міністэрства абароны Ўкраіны.

Your browser doesn’t support HTML5

Брат затрыманага ў Крыме Яўгена Панова пра тое, што ведае сям'я "ўкраінскага дывэрсанта"

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны адкрыла справу па факце выкраданьня Яўгена Панова. Памежная служба таксама вывучае, ці езьдзіў ён раней да Крыму. «Паноў зьяўляецца грамадзянінам Украіны і на яго таксама распаўсюджваецца заканадаўства па абароне пэрсанальных дадзеных, таму гэтую інфармацыю мы маем паведаміць толькі праваахоўным органам у межах адпаведнай крымінальнай справы. Гэтую інфармацыю мы правяраем, але дзелімся ёю толькі з праваахоўнымі органамі», — падкрэсьліў прэсавы сакратар памежнай службы Алег Слабадзян.

Што стаіць за абвастрэньнем сытуацыі ў Крыме

Украінскі журналіст Юры Бутусаў перакананы, што гэта была загадзя сплянаваная правакацыя, каб прадэманстраваць сьвету пагрозы, якія зыходзяць з Украіны і дамагчыся паслабленьня санкцыяў. «Столькі сотняў гадоў жылі ўкраінцы разам з расейцамі, а цяпер аказалася, што ўкраінцы — гэта тэрарысты горш, чым чачэнцы і сірыйцы з „Ісламскай дзяржавы“. Украінцы хочуць падарваць і зьнішчыць у Крыме ўсё тое, што было пабудавана ў Крыме ў складзе Ўкраіны. Цяпер Пуцін будзе апраўдваць вайну Расеі супраць Украіны яшчэ і тым, што ён тут змагаецца з тэрарызмам, і калі не забіваць украінцаў, то яны будуць рабіць тэракты супраць Расеі. Гатовая перадвыбарная праграма для „Адзінай Расеі“ на выбарах у Думу», — кажа журналіст.

«Украінскія турысты вырашылі з боем прарвацца ў Крым наўпрост праз пункт пропуску пад прыкрыцьцём танка і кулямёта?! Чаму не ў Белгарад? Чаму дывэрсанты прарываюцца з адным-адзіным танкам наўпрост праз памежны кантроль і лінію абароны расейскіх войскаў? Чаму не прыкрываліся „Ураганам“ і „Кропкай-У“? Дзе месцы, у якія трапілі снарады танка, чаму яны не паказаныя? Дзе ў рэшце рэшт „урачыстае“ пахаваньне загінулых — неафіцыйна расейскія СМІ пішуць, што нібыта забіты камандзір роты спэцпрызначэньня Галоўнага выведнага ўпраўленьня Ўзброеных сіл Расеі і начальнік аддзела ФСБ Армянска. Дзе спадарожнікавыя мапы, дзе аналіз разрываў снарадаў, дзе сьляды ўкраінскай тэхнікі?», — аргумэнтуе Юры Бутусаў шмат супярэчнасьцяў у паведамленьні ФСБ Расеі.

Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, Расея нагнятае сытуацыю і ў памежных з Украінаю населеных пунктах, ствараючы з украінцаў вобраз тэрарыстаў.

«У прыватнасьці, на тэрыторыі Курскай вобласьці, праваахоўныя органы Расеі на чыгуначных і аўтамабільных вакзалах, у аптэках, на аўтазаправачных станцыях і крамах разьмяшчаюць паведамленьні пра вышук асобных грамадзян Украіны, якія нібыта плянуюць ажыцьцявіць тэракт на тэрыторыі Расеі. У паведамленьнях адзначаецца, што грамадзяне Украіны ў якасьці тэрарыстаў могуць і плянуюць ажыцьцявіць шэраг тэрактаў на тэрыторыі цэнтральнай часткі Расеі. Прозьвішчы гэтых грамадзян у нас ёсьць, але мы цяпер не будзем іх агучваць. У той жа час у ходзе праверачных мерапрыемстваў устаноўлена, што тыя грамадзяне Украіны, якія згадваюцца ў гэтых паведамленьнях, на самай справе наагул не існуюць», — паведаміў прэсавы сакратар Алег Слабадзян.

Паводле экспэрта Цэнтру Разумкова Аляксея Мельніка, Расея сур’ёзна працуе з грамадзкай думкай, як унутры краіны, гэтак і на міжнародным узроўні, каб падрыхтаваць іх да ўспрыманьня дзеяньняў ва Украіне выключна як «абаронна-гуманітарнага характару».

«Расея, падобна, рыхтуецца сур’ёзна да такіх дзеяньняў. Інтэнсіўнае разгортваньне ваенных сіл Расеі на ўсходніх і паўднёвых межах Украіны на тактычнай і апэратыўнай глыбіні дазваляе на працягу некалькіх гадзін або дзён уступіць у актыўныя баявыя дзеяньні. Паводле інфармацыі ўкраінскай выведкі і з іншых крыніц, адбываецца пастаянная ратацыя на лініі сутыкненьняў для „абкаткі“ расейскіх вайскоўцаў і выпрабаваньня новых ўзбраеньняў у баявых умовах, ажыцьцяўляецца інтэнсіўная выведка ўкраінскіх пазыцый і прыстрэлка мэтаў. Такая падрыхтоўка не дае падстаў на 100% сьцьвярджаць, што наступ будзе. Але аснова рыхтуецца і, пытаньне застаецца, ці паступіць каманда і калі. Пралічыць лёгіку „крамлёўскіх калькулятараў“, прадугледзець наступныя крокі на аснове разумнай лёгікі немагчыма. Таму, варта быць пастаянна гатовым да горшага сцэнарыя, нават калі ён выглядае нелягічным», — мяркуе экспэрт.