99 адсоткаў немагчымасьці

Марыя Роўда, Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі. Менск, Кнігазбор, 2015.

Алена Карп

Вільні сацыяльная рэкляма: пад хэштэгам #supersherojes — жанчыны ў адпаведных уборах. Яны здолелі выкараскацца зь сямейнага гвалту і праз свае фотаздымкі гавораць сьвету, што жанчына — не аб’ект і што роля ахвяры ім не пасуе. За гэтымі плякатамі цяжкія гісторыі, але на іх — годныя, моцныя людзі, якія маюць сьмеласьць гаварыць і адчуваюць за сабой сілу.

У Берасьці сацыяльная рэкляма: жанчына ўтульна ляжыць на фоне ідылічнай зеляніны, над ёю подпіс «сапраўдная жанчына». Для тых, хто ня ў тэме, тлумачыцца па пунктах: яна верная жонка, клапатлівая маці і захавальніца сямейнага агменю. Побач — мануал для мужчыны, прыкладна ў тым самым духу.

Гераіні Марыі Роўды, здаецца, гадаваліся недзе пад Берасьцем, але «здалёк убачылі свабоду», ухапілі вольнага паветра і цяпер падазраюць, што ёсьць нейкая іншая парадыгма, папраўдзе, практычна імі не засвоеная. У той час, як касьмічныя караблі працінаюць прасторы Сусьвету, прызма ўжо ў вашым андроідзе, а словы «гендэр» і, крый божа, «фэмінізм» не тлумачаць у прыстойнай кампаніі, гераіні пакутліва рэфлексуюць над сваёй зьнешнасьцю. Бо ўсе, ад роднай маткі і да чужых людзей, ацэньваюць жанчыну менавіта паводле сваіх уяўленьняў пра прыгажосьць. Такую — у акулярах / бледную / худую і г. д. — цябе «ніхто не пакахае і ня возьме замуж» — вось ляйтматыў сямейнага выхаваньня. Гераіні ўвязьненыя ў мізагінную матрыцу, дзе трэба адпавядаць, каб сьвет вакол цябе закруціўся і ты стала сапраўднай жанчынай — жонкай, маці, берагіняй. І даводзіцца таргавацца, шукаць патрэбны ракурс, шукаць, як падаць сваю зьнешнасьць, як разыграць сябе, урэшце — шукаць заганы ў іншых жанчын, ацэньваць сябе ў параўнаньні зь імі. («Он притворялся кузнечиком, притворялся рысью. А кем ещё притвориться, чтобы любили?» — гэты радок Дзьмітрыя Танканогава бясконца прыгадваўся пры чытаньні, бо вось яно, прыкладна тое самае, толькі ўжо ўнівэрсальнае, усеагульнае і бяз гэтай абрыдлай мізагіннай ацэначнасьці.)

Як наступны крок гераіні пакутліва рэфлексуюць сваё каханьне, пра якое так мараць і якое ўрэшце становіцца задушлівым, ці яшчэ нейкім, але дакладна не такім, як у мроях^; якое пачынаецца больш-менш стандартным рамантычным наборам, але непазьбежна сыходзіць да абедзенных размоў, што перабіваюцца рэплікамі: «Чаму морквачкі сюды не паклала?»

І ўрэшце — гераіні рэфлексуюць, дзе тут яны, дзе яны паміж маці, жонкай, хатняй гаспадыняй. Павінна ж быць нешта яшчэ, хоць гэтаму іх і не вучылі, і таму здаецца, што ўсякая самарэалізацыя магчымая толькі ў перапынках паміж тым, як ты адпрацоўваеш вобраз «сапраўдная жанчына». Умоўная Ганна па-ранейшаму завіхаецца ля ўмоўнай печы. Жаночы побыт выглядае тут суцэльнай цягамоцінай, лявінай з хатніх абавязкаў. Наогул сямейны побыт — цалкам сфэра адказнасьці жанчыны, яна стырнавы, гэта ёю «ў сьпешцы зьбіраюцца рэчы, муж, дзеці». І становіцца катастрафічна няясна, навошта высільвацца трапіць у гэтую парадыгму, якая дае прыманьне соцыюму — цяпер усё як у людзей — але не дае шчасьця.

Наогул на ўсім, пра што вядзецца ў гэтай кнізе, ляжыць цяжкі цень нязьдзейсьненасьці, немагчымасьці. Не зьдзяйсьняецца нацыянальны праект, на які клалі жыцьці продкі гераінь. Развальваюцца роднасныя сувязі, сям’я не становіцца апірышчам, хутчэй прасторай змаганьня, зонай падзелу ўлады. Такое жаданае каханьне прыводзіць да замужжа, а замужжа — да рутыны хатніх абавязкаў і ўсьведамленьня, што гэта нейкае ня тое каханьне зьдзейсьнілася, што магчымы іншы шлях. Быў жа нейкі іншы мужчына, першы, нязьдзейсьнены, паўбог... Наогул вельмі відавочныя, выразныя выбудоўваюцца апазыцыі. Вялікае сапраўднае каханьне, няспраўджанае, незабыўнае, і ціхі сямейны побыт з інтэлігентным і сумным мужам. Раз-пораз гераіні мацаюць, правяраючы, халодную ваду іншага быцьця, але ўвайсьці не наважваюцца, уздыхаюць і застаюцца на сваім беразе. Тое самае з Беларусьсю і замежжам. Там водар свабоды, прафэсійная самарэалізацыя, багомленая француская элегантнасьць, а тут «усё як бы блага, але збольшага надзейна, бо знаёма. І не сказаць, каб надзейна блага. Калі падумаць, то нават нядрэнна...» І калі гераіні раптам усё ж наважваюцца, вылузваюцца са свайго нялюбага сьвету і зьдзяйсьняюць мару, то аказваецца, што ня так ужо і патрэбны чырвоны кабрыялет, што старасьць даганяе цябе і ў Францыі і даводзіцца думаць, дзе жыць і дзе таньней лячыць зубы. Шчасьце татальна немагчымае.

Крытычны штамп адносна першай кнігі аўтара — казаць, што раней творы былі раскіданыя па пэрыёдыцы, а цяпер нарэшце сабраліся пад адной вокладкай, і мы бачым талент у ягонай паўнаце, шматграннасьці і г. д. Дэбютная кніга сапраўды робіць аўтара заўважным (прынамсі, ёсьць шанец на тое), выводзіць яго ў інфармацыйнае поле і сьведчыць, што цяпер нібыта ўсё ўсур’ёз, усё па-даросламу. Але ў выпадку з дэбютнай кнігай Марыі Роўды становіцца відавочным таксама, наколькі гэтыя гісторыі пра тое самае, наколькі аўтарка паўтараецца. І множны лік у дачыненьні да яе гераінь — фармальнасьць. Па сутнасьці, тут тая самая гераіня: усе гэтыя Марыі, Алесі, Веры ўзаемазамяняльныя. У іх тыя самыя характарыстыкі, звычкі, жыцьцёвыя стратэгіі (дзе асноўныя формы жыцьцядзейнасьці — думаць і кахаць, і першае другому замінае). Зрэшты, той самы голас, які даецца нават мужчынскім пэрсанажам.

Так, пакуль у апавяданьні «Пясьняр паталягічнага каханьня» не абазначаецца пол героя-наратара, лёгка ўявіць, што гэта гаворыць усё тая самая жанчына, падпільноўвае сваю суперніцу, напрыклад. Альбо са слоў жонкі муж паўтарае: «...ты сама казала, што яна сама ніколі пазногці не фарбуе». Мужчыны, якія помняць жанчын, якія не фарбуюць пазногці — маё асабістае адкрыцьцё, і я буду пра гэта думаць. Але здаецца, гэта ізноў пра звычку ацэньваць, за кошт якой можна выглядаць лепш ва ўласных вачах, а не пра нейкія жыцьцёвыя рэаліі.

Марыя Роўда дае голас «самотнай, злой, прагорклай ад расчараваньняў» жанчыне зь вельмі пэўным характарам, пэўным культурным бэкграўндам, сацыяльным статусам і жыцьцёвым досьведам. То бок любое выказваньне, дзе фігуруюць жанчыны, прылічаць да фэмінісцкага і абагульняць, маўляў, вось яны спэцыфічна жаночыя праблемы, будзе спэкуляцыяй. Што тут і можа быць нагодай для абагульненьня, дык гэта інтэлігенцкая доля практыкаваць унутраную эміграцыю. І хоць гэтая праблема падаецца хутчэй у фонавым рэжыме ў адрозьненьне ад «блытаніны сардэчных справаў», але акурат яна больш вострая, маштабная і вярэдлівая.

Мы і яны — яшчэ адна апазыцыя, дзе мы — гераіні і іх атачэньне, а яны — плебс, шэрыя здані з мэтро, вонкавы сьвет. Ён ня тое каб зусім варожы, але незразумелы, некультурны, неінтэлігентны, і рэплікі гераіні кшталту «Гэта не элегантна» ніколі не былі для яго аргумэнтам. Унутры гэтага сьвету гераіня будуе свой, па магчымасьці, непранікальны, дзе робіць прыгожа. А прыгожа — гэта «густоўна патусавацца» і аздобіць прастору вакол сябе ўтульнымі дробязямі. Тут табе і клясыка жанру — клятчаты плед, і малочна-белы халат, і міндальны гель для душу. І ўсё зразумела пра вытанчанасьць, элегантнасьць і г. д., але, хоць забі, гель для душу ня робіцца фактам літаратуры. Гэтаксама як і манера фіксаваць усе магчымыя дробязі (зь якога боку прысела гераіня ля акна, куды паставіла кубачак кавы, як кінула ў акно задуменны позірк) і падаваць дзеяньне амаль у рэжыме рэальнага часу (вось гераіня заходзіць у пад’езд — ліфт — кнопка ліфта — рэкляма ў ліфце — патрэбны паверх — тамбур — калідор — пірозіва ў лядоўню — сама ў лазенку) падаецца сумнеўнай, залішне шматслоўнай. І тым больш кантрастна гэты сьвет дробных рэчаў выглядае, сутыкаючыся зь вялікім часам, у якім разгортваюцца сямейныя гісторыі («Настаўнік заўжды вінаваты»).

Разам з тым ёсьць і іншы полюс: стыль пакрысе зьмяняецца ў апавяданьнях. Зьмяняецца ў такі бок, што хочацца яшчэ раз зазірнуць у біяграфію аўтаркі, ці няма там зборніка вершаў. Бо што-нішто з гэтых тэкстаў добра б згарнулася ў верш і не выглядала б наборам прыгожых месцаў, а недзе сапраўды тонкая лірычная проза з лагоднай інтанацыяй і спакойным, сталым усьведамленьнем сваёй зямлі і сябе на ёй. А яшчэ трапляецца тут гульлівая, какетлівая лёгкасьць і — самае каштоўнае — уменьне сьмяяцца. І нават шкада, што пісьменьніца ім ня так часта карыстаецца: такім яно робіцца выратавальным і асьвяжальным, напрыклад, сярод поўнага рамантычнага камплекту і бясконцых размоў пра каханьне ў аповесьці «1896».

Зрэшты, што да зборніка ў цэлым, ёсьць адзін істотны нюанс. Цень нязьдзейсьненасьці — няспраўджанасьці ў сваім часе — чорным крумкачовым крылом ахінае і саму гэтую кнігу, бо выдадзеная ў канцы 1990-х (датыроўка добрай паловы твораў) яна, відавочна, мела б іншае, і, напэўна, больш удзячнае прачытаньне.