Дональд Трамп кажа, што не заклікаў забіць Гілары Клінтан

9 жніўня кандыдат ад Рэспубліканскай партыі ў прэзыдэнты ЗША Дональд Трамп быў вымушаны даць тлумачэньні з нагоды сваёй заявы, якую яго апанэнты ўспрынялі як заклік да гвалтоўных дзеяньняў.

Выступаючы раней у той самы дзень перад выбарцамі ў Паўночнай Караліне, Трамп абвясьціў, што Гілары Клінтан мае намер адмяніць Другую папраўку да Канстытуцыі ЗША, якая гарантуе амэрыканцам права валоданьня зброяй. Ён растлумачыў, што паколькі яна ў ролі прэзыдэнта краіны зможа прызначыць членаў Вярхоўнага суду, то народ «нічога ня зможа зрабіць». І дадаў:

«Праўда, абаронцы Другой папраўкі, магчыма, змогуць, я ня ведаю. Але я вам скажу: гэта будзе страшны дзень».

Priorities USA, арганізацыя, якая падтрымлівае кандыдатуру Клінтан у прэзыдэнты ЗША, заявіла аб тым, што Дональд Трамп прапанаваў прыхільнікам застрэліць Гілары Клінтан.

Перадвыбарчы штаб Трампа адказаў заявай, у якім ён абвінаваціў «несумленную прэсу» ў няслушнай інтэрпрэтацыі выказваньня Трампа.

Сам Дональд Трамп у інтэрвію тэлекампаніі Fox растлумачыў, што ён меў на ўвазе дзеяньні прыхільнікаў Другой папраўкі як выбарцаў. Менавіта так, паводле Трампа, і ўспрынялі яго словы тыя ягоныя прыхільнікі, якія прыйшлі на сустрэчу з ім.

Гілары Клінтан у сваіх выступах нярэдка заяўляе аб падтрымцы Другой папраўкі да Канстытуцыі ЗША, робячы акцэнт на тым, што яна выступае толькі за больш жорсткую сыстэму кантролю продажу зброі.