Мікалайчык, Гарачцы, Маёравай і Вінярскаму далі штрафы на 1050 рублёў кожнаму

Ілюстрацыйнае фота. Пікет у падтрымку Зьмітра Паліенкі

У судзе Маскоўскага раёну Менску 10 жніўня прайшоў разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў акцыі салідарнасьці са Зьмітром Паліенкам, якая адбылася пад мурамі сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага 17 ліпеня.

На грамадзкіх актывістаў Вольгу Мікалайчык, Натальлю Гарачку, Вольгу Маёраву і каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага склалі пратаколы паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Судзьдзя Тацяна Пірожнікава Маскоўскага райсуду Менску аштрафавала Вольгу Маёраву (зарэгістраваную 9 жніўня кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па 107-й выбарчай акрузе сталіцы) на 50 базавых велічынь. Судзьдзя Віктар Казак аштрафаваў Натальлю Гарачку таксама на 50 базавых велічынь (1050 дэнамінаваных рублёў). Такі ж штраф атрымаў і Максім Вінярскі — 50 базавых велічынь, судзіла Вінярскага Тацяна Матыль. Справу Вольгі Мікалайчык завочна (яна не зьявілася ў судзе) разглядзеў судзьдзя Аляксандр Петраш — і даў тыя ж 50 базавых.