Яўгенія Стрыжак
Жоўтае поле сланечнікаў пад блакітным небам — адзін з сымбаляў Украіны. Такі пэйзаж тыповы і для Валнавахі — гораду ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі (АТА) ў Данецкай вобласьці Ўкраіны. Сумнавядомай у сьвеце Валнаваха стала ў дзень, калі менавіта побач з гэтым полем трапіў пад абстрэл рэйсавы аўтобус з пасажырамі.
Непадалёк ад месца трагедыі ляжыць маршрут да пазыцый украінскіх войскаў пад Валнавахай, дзе працуюць мэдыкі ПДМШ — Першага добраахвотнага мабільнага шпіталю імя М. Пірагова. З ПДМШ супрацоўнічаюць і беларускія валянтэры з ініцыятывы «Гуманітарны маршрут «Беларусь-АТА»: яны рэгулярна перадаюць мэдыкам дапамогу: лекі, грошы, а таксама — аўтамабілі. Гэтым разам валянтэры ініцыятывы «Беларусь-АТА» прыехалі, каб перадаць грошы на рамонт раней перададзеных аўтамабіляў і сымбалічна наведаць кожны зь іх.
Традыцыя даваць імёны вайсковай тэхніцы сягае, бадай, тых часоў, калі імя атрымліваў не мэханізм, а жывая істота. Гэтай традыцыі пільна трымаюцца і падчас узброенага канфлікту ва Ўкраіне: кожны аўтамабіль, набыты валянтэрамі для працы ў зоне ваенных дзеяньняў, мае ўласнае найменьне. Выпадкова ці не, але ўсе аўтамабілі, якія атрымалі ўкраінскія мэдыкі ад розных валянтэрскіх і прыватных* беларускіх ініцыятываў, маюць жаночыя імёны: Ірачка, Ратаўніца, Майя, Зорка.
ПАРАНЕНЫ, ЯКОГА ВЫВОЗІЛА «РАТАЎНІЦА»
Так проста трапіць на пазыцыі ўкраінскіх войскаў нельга: аб сваім візыце трэба паведаміць вайсковаму кіраўніцтву. На вайне свае правілы: забаронена фатаграфаваць вайсковую тэхніку, абліччы салдатаў, рабіць панарамныя здымкі. У артыкулах нельга згадваць: месца дысьлякацыі, назву падразьдзяленьня, пазыўныя вайскоўцаў — нічога, што дазволіць вызначыць мясцовасьць, дзе знаходзяцца войскі. Такую падрабязную інструкцыю дае прэс-афіцэр N-скай брыгады і выдзяляе для суправаджэньня нашай групы аднаго з вайскоўцаў: каб той сачыў за выкананьнем правілаў.
— «Ратаўніца»? — перапытвае суправаджальны, які назваўся Іванам, пасьля некалькіх першых фразаў валянтэраў пра тое, куды яны едуць. — «Ратаўніца» вывозіла мяне, калі я быў паранены.
— Быў лёгка паранены. Можна сказаць, проста зачапіла. Спачатку — па касцы. Я думаў, мяне ззаду нехта кувалдай ударыў. Азірнуўся — што такое? А тут зушка (самаходная зэнітная ўстаноўка — прым. аўт.) прыехала апрацоўваць нашых суседзяў па прамой наводцы, і яшчэ АГС (аўтаматычны гранатамёт — прым. аўт.) працаваў. Я думаю: чаго чакаць? І я пачаў страляць з АГС, і тут яны перанесьлі агонь на іншы бок... У мяне трапілі два аскепкі. Адзін навылёт прайшоў, другі — у сьцягно. Я нават не зразумеў, што адбылося. Камандзір пачынае машыну выклікаць, а я думаю: навошта машына? І тут заўважыў кроў...
Калі першы ж сустрэты ў зоне АТА салдат — той, якога вывозіла «Ратаўніца», цяжка не паверыць у невыпадковасьць супадзеньняў. Аднак гэтая сустрэча хутчэй сьведчыць пра тое, якую агромністую працу зрабілі за гэты час мэдыкі ПДМШ — у тым ліку з дапамогай аўтамабіляў, набытых беларусамі.
ВАЛНАВАХА. «РАТАЎНІЦА»
ПДМШ называецца мабільным шпіталем, бо не стаіць на адным месцы: мэдыкі ПДМШ працуюць там, дзе ўзьнікае пільная патрэба ў іх дапамозе. У раёне Валнавахі ПДМШ мае некалькі кропак разьмяшчэньня. У Валнаваскім шпіталі мэдыкі-добраахвотнікі працуюць разам з кадравымі (такая практыка зьявілася, калі падчас актыўных баёў мясцовым мэдыкам бракавала часу і досьведу, каб лекаваць параненых). Калі няма пацярпелых на вайне, дабраахвотнікі працуюць з цывільным насельніцтвам.
Таксама мэдыкі ПДМШ разьмяшчаюцца непасрэдна на пазыцыях украінскіх войскаў; у такіх брыгадаў — асобныя задачы.
Экіпаж машыны «хуткай дапамогі», якая працуе на перадавой лініі фронту, складаецца з лекара-анэстэзіёляга, фэльчара і кіроўцы-парамэдыка. Задача такой брыгады — прыняць параненага, пераканацца, што яго можна транспартаваць (пры патрэбе — стабілізаваць параненага), і везьці яго ў шпіталь. Гэта называецца «працаваць на эвакуацыі».
Ні «Ратаўніца», ні любая іншая машына ПДМШ не працуе непасрэдна пад абстрэламі на полі бою. Адтуль параненых вывозяць на «брані» — браніраванай тэхніцы, а машыны ПДМШ прымаюць іх на борт там, дзе бясьпечна: бо ў задачу мэдыкаў уваходзіць стабілізацыя параненага і дастаўка яго ў шпіталь — з захаваньнем пры гэтым уласнага жыцьця.
Так арганізаваная праца на ўсіх пазыцыях, і менавіта так ужо больш за год працуе і «Ратаўніца», пераяжджаючы з адной кропкі на іншую разам з ратацыямі ПДМШ: у залежнасьці ад таго, на якім участку фронту больш патрэбная дапамога мэдыкаў.
Але ўспаміны саміх мэдыкаў гучаць красамоўней: вайна стварае шмат сытуацый, адрозных ад тэорыі:
— Я аднойчы пад мінамётным абстрэлам параненага вывозіў...
— Памятаеш, езьдзілі там, дзе працавалі снайпэры? У мяне на шкле — бронік, у машыне — бронік, на мне — каска, і едзем уночы бяз фар па дарозе, пабітай варонкамі ад разрываў... У мяне хірург у машыне сядзеў, пазногцямі за «тарпэду» трымаўся...
— Канечне, калі ехаць на хуткасьці 160 кілямэтраў у гадзіну...
— Не, уночы, бяз фар... Якія 160? Уночы я ехаў 130.
Чаму на пазыцыях працуе валянтэрская арганізацыя, а не вайсковыя лекары? Нават Міністэрства абароны Ўкраіны афіцыйна прызнае дэфіцыт мэдыкаў у зоне ваенных дзеяньняў. Выканаўчы дырэктар ПДМШ Аляксандр Гагаеў дае сваю ацэнку сытуацыі:
— Бывае, што на тры батальёны — адзіны фэльчар, хлопец 21 года, адразу пасьля мэдвучэльні. Будзем шчырымі: людзі ня хочуць ісьці ў войска, бо не разумеюць, што яны там рабіцьмуць. У нас ва Ўкраіне такая сытуацыя: кожны лекар мае свой маленькі «гешэфт» у сябе на месцы працы; і, сыходзячы ў войска, ён гэты дадатковы заробак губляе. А сям’ю карміць трэба. Таксама многія лекары маюць прыватную практыку. Таму лекары й ня хочуць ісьці ў войска, якімі б патрыётамі яны ні былі. На пазыцыях няма лекараў як такіх. Таму ПДМШ і тут: каб выконваць гэтую функцыю.
Побыт лекараў ПДМШ, якія працуюць «на ўзмацненьні» — у цывільным шпіталі — ня надта мяняецца пры пераезьдзе ў зону АТА: звычайна яны жывуць ў палатах таго самага шпіталю, дзе практыкуюць. А праца «на эвакуацыі» патрабуе разьмяшчэньня на пазыцыях — і вось тады мэдыкі падзяляюць з украінскімі салдатамі ўсе «нягоды й цяжар вайсковай службы»: войска часта спыняецца ў будынках, не прызначаных для пражываньня: колішніх клюбах, сталоўках, інтэрнатах; дамы, пакінутыя жыхарамі прыфрантавой зоны й занятыя салдатамі, таксама не гарантуюць побытавага камфорту. Кожны мэдык ПДМШ гатовы да працы ў цяжкіх умовах.
«ЗЯЛЁНКА»
Дарога да іншай пазыцыі ўкраінскіх войскаў — там працуе яшчэ адзін аўтамабіль, набыты ўкраінцамі пры дапамозе прыватнай ініцыятывы беларусаў, рэанімабіль «Ірачка» — аточаная шчыльнай зелянінай, празь якую прабіваюцца сонечныя промні. Гальлё дрэваў і кустоў змыкаецца ўверсе, утвараючы прыродны калідор. Перамяшчэньне праз такія зялёныя шаты — адно з найбольш рызыкоўных дзеяньняў на вайне. Дрэвы і кусты тут называюцца «зялёнкай», і ў іх звычайна працуюць ДРГ — дывэрсійна-разьведвальныя групы, якія могуць зрабіць напад на аўтатэхніку, якая едзе па дарозе.
Узбочыны паабапал дарогі — замінаваныя, аб чым сьведчаць нацягнутыя ўздоўж дрэваў паласатыя стужкі і таблічкі з надпісамі «міны».
Па гэтай дарозе забаронены праезд цывільных машынаў. Ведаючы гэта, вельмі дзіўна бачыць мясцовых жыхароў, якія раз-пораз сустракаюцца на ўзбочыне. Як быццам насельнікі прыфрантавой зоны цалкам пазбаўленыя страху. Тлумачэньне такой адвагі простае: калі трэба трапіць з аднаго населенага пункту ў іншы, гэта можна зрабіць толькі пешшу, уздоўж замінаваных тэрыторый: іншага шляху няма.
«ІРАЧКА»
На наступнай пазыцыі ўкраінскіх войскаў, куды нас прывяла дарога па «зялёнцы», эвакабрыгада ПДМШ будзе працаваць з рэанімабілем «Ірачкай». Тут новая ратацыя ПДМШ знаходзілася ўсяго толькі другі дзень. Першы дзень па прыезьдзе быў прысьвечаны мыцьцю й давядзеньню да ладу рэанімабіля; другі дзень мэдыкі прабавілі на палігоне, адпрацоўваючы разам з украінскім вайсковым падразьдзяленьнем прыёмы тактычнай мэдыцыны; надалей іх чакацьме адпрацоўка кропак эвакуацыі: вызначэньне месцаў, адкуль у выпадку баёў будзе зручней і бясьпечней забіраць параненых. Часу на адпачынак у мэдыкаў няма нават пры зацішку на фронце.
Брыгада ПДМШ, якую мы сустрэлі на пазыцыі, ня першы раз прыехала ў зону АТА; даводзілася ім працаваць і зь беларускімі рэанімабілямі.
Вікторыя Зубкова, парамэдык ПДМШ, нягледзячы на стому па вяртаньні з палігону, з радасьцю адгукнулася на прапанову расказаць, як у зоне АТО працуюць беларускія «дзяўчаты»-аўтамабілі:
— На «Ірачцы» я пакуль яшчэ не працавала, а «Ратаўніца» — мая любімая машына! Вашыя «дзяўчаты» тут жывуць цудоўна! Толькі аднаго разу нашую «Ратаўнічку» падстралілі (на адным з баявых выездаў салдат з суправаджэньня брыгады рэанімабіля парушыўшы правілы абыходжаньня са зброяй, стрэліў з аўтамату ў падлогу машыны — аўт.), і я ледзь не адарвала галаву гэтаму гора-салдату. Вельмі яму не пашчасьціла: увесь мой гнеў выліўся на яго, бо я «Ратаўнічку» люблю ўсёй душой! Вельмі была непрыемная гісторыя. «Зорку» таксама ведаем. Натуральна, параненых у ёй не перавязеш, але калі трэба ехаць па любых іншых справах — яна незаменная! Напрыклад, на гэтую ратацыю мы ехалі на «Зорцы», і адзін з хірургаў захапляўся ёй усю дарогу: як яна мякка ідзе. Ці вось яшчэ выпадак: мы забыліся на бронік (бронекамізэльку — аўт.) у Валнавасе. Не ганяць жа па такой патрэбе рэанімабіль? Толькі «Зорка».
ПАПАСНАЯ. «ЗОРКА»
Проста падчас нашага візыту ўзьнікла пільная патрэба перавезьці двух лекараў з Валнаваскага шпіталю ў Новаайдар. Каб хутка пераадолець адлегласьць амаль 300 кілямэтраў, ПДМШ скарыстаўся «Зоркай» — машынай Mitsubishi Space Star, якую ў лістападзе 2015 году валянтэры ініцыятывы «Гуманітарны маршрут «Беларусь-АТА» перадалі ўкраінскім мэдыкам. Калі рух рэйсавых аўтобусаў моцна ўскладнены праездам праз блок-пасты (праверкі дакумэнтаў вельмі запавольваюць хуткасьць язды) і аб’язнымі дарогамі (бо навігатары пракладаюць зручны маршрут праз кантраляваны сэпаратыстамі Данецк), то спрытная «Зорка» — найлепшы варыянт.
З Новаайдару наш шлях ляжаў у Папасную: у шпіталі гэтага прыфрантавога невялікага гораду працуюць яшчэ два хірургі-добраахвотнікі ПДМШ. Адзін зь іх, Вадзім Казлоўскі, у «мірным жыцьці» — намесьнік галоўнага лекара, хірург ў Сьмілянскай раённай лякарні; другі — Аляксандр Ткачэнка, доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар, галоўны хірург Адэскай абласной клінічнай лякарні. Тое, што адмыслоўцы з такім досьведам, кваліфікацыяй і навуковымі званьнямі супрацоўнічаюць з мабільным шпіталём і добраахвотна, за свой кошт, падчас адпачынку ці ў службовай камандзіроўцы працуюць у зоне ваенных дзеяньняў, — найлепшая рэкамэндацыя для ПДМШ.
Мы далучыліся да экіпажу «Зоркі», наведалі Новаайдар; да таго моманту зьвечарэла, і вандроўка да Папаснай адбывалася ў цемры. Апошні, даволі працяглы участак дарогі пралягаў па адкрытай мясцовасьці: спускаўся з узвышша ў даліну, аточаную ўзгоркамі; а сама дарога была настолькі зруйнаванай (ня толькі вайной, але часам і нядбаньнем), што хуткасьць руху складала каля пяці кілямэтраў у гадзіну. Дарога па адкрытай мясцовасьці — спрыяльная ўмова для працы снайпэраў, якія «б’юць здалёк», у адрозьненьне ад «зялёнкі», дзе працуюць ДРГ. Аднак цяпер сытуацыя ў прыфрантавой зоне стала больш спакойнай: напрыклад, па Папаснай можна хадзіць без бронекамізэлькі, а паўтара году таму гэта было небясьпечна.
На «Зорцы» працуе Ігар Буйвал — нязьменны кіроўца ПДМШ практычна зь першых ратацый. Агулам ён прабавіў у зоне АТА паўтары гады; цяпер ён адказны за працу ўсіх эвакуацыйных брыгадаў. Ігару давялося папрацаваць на ўсіх машынах, што былі ў распараджэньні ПДМШ.
Кіроўца на фронце — зусім ня тая праца, што кіроўца ў мірным горадзе. На кіроўцы ў АТА ляжыць адказнасьць за бясьпеку экіпажу, пацыента, а таксама — аўтатэхнікі, якую тут шануюць ня меней за людзей: ад стану машыны залежыць праца ўсёй эвакуацыйнай брыгады. На кіроўцы ляжыць адказнасьць за тое, каб кожны ў экіпажы выехаў на пазыцыю у бронекамізэльцы й касцы. І пракладаньне маршруту да лякарні, у якую лекар загадае эвакуяваць параненага, — зусім ня тое, што выбудаваць шлях з дапамогай навігатара па горадзе: у зоне АТА учора яшчэ бясьпечная дарога сёньня можа несьці сьмяротную пагрозу.
Ад Ігара Буйвала, апрача добрай сотні франтавых гісторый, мы даведаліся і пра тое, як машыны, перададзеныя беларусамі ў ПДМШ, спрыяюць распаўсюду станоўчага іміджу Беларусі:
— «Зорка» — машына яркая, людзі часта спыняюцца й распытваюць: што такое ПДМШ? А што гэта за стужка? Андрэй жа, як прычапіў яе, так яна і вісіць. (Гаворка аб бел-чырвона-белай стужцы, якую прывязаў да люстэрка на лабавым шкле валянтэр Андрэй Стрыжак, перадаючы «Зорку» ў ПДМШ у лістападзе 2015 года). Я ўсім тлумачу, адкуль гэтая машына. А найцікавейшае тое, што на «Ратаўніцы» — надпіс па-беларуску, але беларускую мову шмат хто разумее. Людзі пытаюцца: да чаго тут беларусы? Я тлумачу: браты зь Беларусі прэзэнтавалі яе нам, каб мы аказвалі мэдыцынскую дапамогу. І людзі ў адказ перадаюць словы ўдзячнасьці.
Уласьцівасьць чалавечай псыхікі — хутка забывацца на дрэннае. Нават жыхары прыфрантавой зоны мімаволі паводзяцца так, нібыта вайны няма, ледзь толькі аціхаюць абстрэлы. Жах вайны адступае нават раней, чым ты праяжджаеш апошні блокпост, пакідаючы зону АТА. Аднак вайна працягваецца; людзям на вайне патрэбная дапамога, і беларускія аўтамабілі працягваюць выконваць сваю гуманітарную місію.
* як удакладняе валянтэрка Вольга Гальчанка, машына хуткай дапамогі «Ірачка» купленая на сродкі, сабраныя падчас дабрачыннага канцэрту «Від сябра до брата», арганізатарамі якога выступілі Аляксандра Алёшына і Вольга Гальчанка, а ўдзельнічалі гурты Дай дарогу, Ролликс, Гайдамакі і Трубяцкі.