Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі зацьвердзіла пералік арганізацый, у якіх беларусы змогуць праходзіць альтэрнатыўную службу, паведамляе БелаПАН.
Сёньня адпаведная пастанова Міністэрства была апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У пераліку — 371 арганізацыя ва ўсіх абласьцях краіны і Менску. У асноўным гэта бальніцы, анкалягічныя і псыханэўралягічныя дыспансэры, дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў, цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, прадпрыемствы ЖКГ, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, лясгасы.
Закон аб альтэрнатыўнай службе ўступіў у сілу 1 ліпеня. Права на альтэрнатыўную службу маюць грамадзяне, якія асабіста заявілі, што прыняцьце ваеннай прысягі, нашэньне і прымяненьне зброі супярэчыць іх рэлігійным перакананьням.
Тэрміны альтэрнатыўнай службы складаюць: для грамадзян, якія не маюць вышэйшай адукацыі, — 36 месяцаў; для грамадзян з вышэйшай адукацыяй — 24 месяцы.