Менск хоча зьмякчыць пазыцыю Літвы наконт БелАЭС. Літва рэагуе холадна

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў амбасадару Літвы, які пакідае Беларусь, разам падумаць, як эксплёатаваць БелАЭС.

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.


Цыганкоў: Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў амбасадару Літвы, які пакідае Беларусь, разам падумаць, як эксплёатаваць БелАЭС. Прэзыдэнт заявіў, што Беларусь магла б пастаўляць электрычнасьць у Літву па прымальных цэнах, а таксама прыцягнуць спэцыялістаў з былой Ігналінскай АЭС для працы ў Астраўцы. Пра гэта Лукашэнка распавёў журналістам у часе рабочай паездкі ў Віцебскую вобласьць:

«Давайце спынім гэтую цяганіну, давайце перастанем наступаць адзін на аднаго: вы будзеце на нас, а мы будзем адбівацца — па будаўніцтве атамнай станцыі. Давайце зробім яе сумесна ў пляне таго (у іх сёньня дэфіцыт электрычнасьці), што мы будзем па нармальных, прымальных цэнах пастаўляць вам электрычнасьць. Мы забіраем сёньня людзей, якія на Ігналінскай станцыі засталіся бяз працы (станцыю закрылі). Мы прыцягнем гэтых людзей для працы ў нас. Яны будуць для нас не чужыя людзі. То бок маса праблемаў, давайце будзем разам думаць, як эксплёатаваць гэтую станцыю, а не стаяць лоб у лоб і адзін на аднаго паказваць пальцам».

Словы Лукашэнкі фіксуюць кардынальную перамену стаўленьня афіцыйнага Менску да пазыцыі Літвы наконт АЭС. Раней беларускія ўлады фактычна ігнаравалі пратэсты Літвы.

Гэтыя словы фіксуюць кардынальную перамену стаўленьня афіцыйнага Менску да пазыцыі Літвы наконт АЭС. Раней беларускія ўлады фактычна ігнаравалі пратэсты Літвы. 28 ліпеня літоўскі ўрад уручыў ноту ў сувязі зь няштатнай сытуацыяй на АЭС. Ад пачатку году гэта ўжо трэцяя нота ад Літвы наконт БелАЭС. Цяпер афіцыйны Менск зразумеў, што пазыцыя Літвы — гэта сур’ёзна, і да яе могуць прыслухацца і іншыя краіны Эўразьвязу, якія адназначна нэгатыўна ставяцца да ядзернай энэргіі. Асабліва ў сьвятле апошніх падзей з рэактарам. Большасьць краін Эўропы адмовіліся ад гэтай крыніцы энэргіі, зачыняюць існуючыя ці больш не будуюць новыя станцыі. Таму Аляксандар Лукашэнка, як звычайна, кажа людзям тое, што яны хочуць пачуць, што ім будзе прыемна. Вось прапанова Літве далучыцца да пабудовы АЭС: маўляў, у вас жа столькі людзей засталіся бяз працы пасьля закрыцьця Ігналінскай АЭС, а мы ім дапаможам. Пакуль ня будзем прагназаваць, як будзе рэагаваць Літва, але наўрад ці яна паддасца на гэтую прапанову і зьменіць сваю нэгатыўную пазыцыю.

Карбалевіч: Нарэшце, праз тры тыдні пасьля аварыі, Лукашэнка пракамэнтаваў гэтую падзею. Зразумела, ён супакойваў усіх: маўляў, нічога ня здарылася, мэталічны корпус завіс. Выглядае ня вельмі пераканаўча. Калі ўсё так добра, то чаго ж улады маўчалі, хавалі? Толькі калі дайшло да скандалу, улады былі вымушаныя нешта казаць.

Цікава, што Лукашэнка апавядаў, што, маўляў, мне адразу далажылі пасьля здарэньня. Бо пасьля заявы Міністэрства энэргетыкі зьявілася шмат камэнтароў, што беларускі бок не кантралюе тое, што адбываецца на АЭС. Вось Лукашэнка спрабуе гэта абвергнуць. Маўляў, я асабіста трымаю сытуацыю на АЭС пад кантролем.

Думаю, пляны экспарту электраэнэргіі ў Літву марныя. Літоўская эканоміка цяпер інтэгруецца ў энэргетычную сыстэму ЭЗ.

Што тычыцца Літвы. Лукашэнка, у адрозьненьне ад рэзкіх рэплік на адрас Літвы падчас выступу на Ўсебеларускім народным сходзе, цяпер быў настроены міралюбна. Маўляў, давайце па-суседзку вырашаць праблему. Маўляў, мы супрацоўнікаў Ігналінскай АЭС прымаем на працу. Купляйце нашу электраэнэргію. Аднак, думаю, пляны экспарту электраэнэргіі ў Літву марныя. Літоўская эканоміка цяпер інтэгруецца ў энэргетычную сыстэму ЭЗ.

Таму ўзьнікае пытаньне: што рабіць з электраэнэргіяй, якая будзе вырабляцца на Беларускай АЭС? Пакуль дакладнага адказу няма. Не відавочна, што з-за гэтага беларусы пяройдуць на электрамабілі, як заклікае Лукашэнка. Хіба што абавяжуць прэзыдэнцкім дэкрэтам.

Глод: Віталь Цыганкоў паспрабаваў спрагназаваць рэакцыю літоўскіх уладаў на прапанову Лукашэнкі. Яна ўжо фактычна ёсьць. Загаловак на інфармацыйным партале DELFI сьведчыць: «Словы Лукашэнкі адносна АЭС Літва сустрэла холадна».

Паводле літоўскіх мэдыяў, Літва холадна сустрэла прапанову прэзыдэнта Беларусі аб сумеснай эксплёатацыі Астравецкай атамнай электрастанцыі і паўтарыла патрабаваньне забясьпечыць бясьпеку ядзернага аб’екта. А міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус, у мінулым, дарэчы, амбасадар у Беларусі, сёньня сказаў, што Менску ня варта мець надзеі на тое, што ён зможа прадаваць электраэнэргію зь небясьпечнай атамнай станцыі.

У сваіх плянах Аляксандар Лукашэнка зыходзіць зь не зусім рэалістычнай ідэі пра дэфіцыт электрычнасьці, які нібыта існуе ў нашым рэгіёне .

Іншай рэакцыі, мне падаецца, і немагчыма было чакаць. Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце неаднойчы заяўляла: калі Беларусь ня прыме меры, каб гарантаваць міжнародныя стандарты бясьпекі, то Літва разам зь міжнароднай супольнасьцю пастараецца перашкодзіць яе дзейнасьці. Паміж Беларусьсю і Літвой ужо адбываецца змаганьне за грамадзкую думку Эўразьвязу, за пазыцыі ўрадаў краінаў Зьвязу.

Я думаю, у сваіх плянах Аляксандар Лукашэнка сыходзіць зь не зусім рэалістычнай ідэі пра дэфіцыт электрычнасьці, які нібыта існуе ў нашым рэгіёне. Маўляў, Беларусь будзе па нармальных, прымальных цэнах пастаўляць Літве электрычнасьць. Але ж нашым суседзям гэта не патрэбна. У адным з «Трайных удараў» нядаўна мы згадвалі, што пасьля таго, як улады Швэцыі вырашылі да 2040 году працягнуць эксплёатацыю некалькіх сваіх АЭС, літоўцам таньней будзе закупляць электрычнасьць у гэтай краіне, чым у Беларусі.

Ну, і трохі дзіўна выглядаюць словы кіраўніка беларускай дзяржавы пра тое, што спэкуляцыя вакол будаўніцтва БелАЭС — звычайная палітызацыя, асабліва напярэдадні выбараў. Выбары ў Палату прадстаўнікоў не зьяўляюцца ў Беларусі вялікай палітычнай кампаніяй. Дый ніводная палітычная партыя не зрабіла сваім выбарчым лёзунгам спыненьне будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы.

Карбалевіч: Можа, Лукашэнка меў на ўвазе літоўскія выбары?

Глод: Цалкам магчыма. Бо ў Літве таксама восеньню адбудуцца выбары.