«Пагроза рэальная, бо фактычна, акрамя акупацыйных войскаў, якія знаходзяцца ў Крыме і на Данбасе, мы бачым канцэнтрацыю войскаў уздоўж усёй украінска-расейскай мяжы. Фармуюцца ня проста нейкія вайсковыя часткі ці дывізіі. Гэта патэнцыял, які можа выкарыстоўвацца як рэзэрвы для лякальных ці маштабных наступаў супраць Украіны. І гэта сур’ёзная пагроза», — сказаў Аляксандар Турчынаў сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве.
Сакратар Рады нацбясьпекі дадаў, што пакуль што найбольш верагодным разглядаецца гібрыдны сцэнар, пры якім працягваецца парушэньне менскіх пагадненьняў, абстрэлы і спробы лякальных наступаў на Данбасе і дэстабілізацыя сытуацыі ўнутры краіны. «Гэта вельмі небясьпечны фармат, і, на жаль, ён вельмі актыўна цяпер адпрацоўваецца», — сказаў Аляксандар Турчынаў.
У якасьці аргумэнтацыі сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны прадэманстраваў спадарожнікавыя здымкі, якія сьведчаць пра канцэнтрацыю Расеяй на тэрыторыі анэксаванага Крыму і акупаванага Данбасу зброі наступальнага характару.
«Вельмі хуткімі тэмпамі адбываецца мілітарызацыя Крыму, дзе Расея стварыла досыць моцную групоўку войскаў. Напрыклад, у горадзе Армянску мы бачым разьмяшчэньне падразьдзяленьняў, у прыватнасьці, самаходнай артылерыі. Магутныя сродкі выкарыстоўвае Расея ў Крыме для прыкрыцьця сваіх сіл з паветра, у прыватнасьці, у Джанкоі разьмешчаныя вельмі магутныя зэнітна-ракетныя комплексы С-400 „Трыюмф“, разьмешчаныя верталёты. Гэта значыць, фактычна ствараецца новы і выкарыстоўваецца створаны яшчэ з савецкіх часоў магутны вайсковы патэнцыял. І ў першую чаргу я зьвяртаю ўвагу, што пераважаюць наступальныя сродкі ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі», — падкрэсьліў Аляксандар Турчынаў.
Сакратар РНБА дадаў, што найбольш небясьпечным для Ўкраіны можа быць выкарыстаньне Расеяй паветрана-касьмічных сіл. «Як вядома, у Сырыі Расея праводзіла інтэнсіўныя выпрабаваньні менавіта сваіх паветрана-касьмічных сіл, зьнішчаючы цывільнае насельніцтва сірыйскіх гарадоў. На мапах Мілерава, што знаходзіцца вельмі блізка да нас, вы бачыце разьмяшчэньне расейскай вайсковай авіяцыі і, у першую чаргу, — штурмавой авіяцыі, цалкам гатовай для выкананьня баявых задач», — патлумачыў ён.
Аляксандар Турчынаў таксама заявіў, што Расея выкарыстоўвае акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі для выпрабаваньня сваёй новай зброі.
«Гэта і новыя мінамёты, і высокадакладная зброя, новыя боепрыпасы для максымальнага паражэньня жывой сілы, новыя радыёэлектронныя сыстэмы. То бок усё гэта рэальная сучаснасьць і наша задача, ня толькі Ўзброеных сіл, але і абароннай прамысловасьці — даваць адэкватны адказ. А гэта і новая зброя, і новая тэхніка», — сказаў сакратар РНБА.
Разам з тым, паводле яго, на дадзены момант пакуль не існуе падстаў для ўвядзеньня ваеннага становішча. «Ваеннае становішча ня можа ўводзіцца паводле жаданьня палітыкаў, як нейкая палітычная формула існаваньня краіны. Ваеннае становішча можа ўводзіцца выключна з пункту гледжаньня пагроз бясьпецы краіны і нашаму сувэрэнітэту ў цэлым. Гэтага ня трэба палохацца і ня трэба панікаваць. У выпадку рэалізацыі ваеннага сцэнару або сур’ёзнага абвастрэньня на ўсходнім фронце мы павінны рэагаваць адэкватна», — заявіў Аляксандар Турчынаў.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны дадаў, што ў выпадку абвастрэньня сытуацыі на ўсходзе краіны будзе абвешчана дадатковая мабілізацыя ў шэрагі Ўзброеных сіл.