Яна напісала выдатныя кнігі, адна зь якіх была адзначаная Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Стварыла музэй свайго ўлюбёнага паэта Максіма Багдановіча. Яна аберагае сваю самоту, але па-ранейшаму ня мірыцца зь невуцтвам чыноўнікаў. Госьцяй перадачы — гарадзенская пісьменьніца Данута Бічэль.
— Данута Янаўна, апошнім часам Горадня праславілася тым, што мясцовыя чыноўнікі не адрозьніваюць Купалу ад Коласа — на гарадзенскай вуліцы зьявіўся білборд з партрэтам аднаго і з цытатай з другога. Як сталася, што першай гэта заўважылі вы?
— Я проста ішла дадому і нечакана ўбачыла прыгожы партрэт Янкі Купалы. Купала ўвогуле шмат прыгожых партрэтаў па сабе пакінуў. Гэта, дарэчы, немалаважна для клясыка. Я ішла, глядзела на прыгожага Купалу і думала: «Якое шчасьце — такі файны Купала каля майго дому! Я буду штораніцы любавацца ім». Падышла бліжэй і прачытала — Якуб Колас. Мне ажно дрэнна стала, на мяне проста істэрыка нейкая напала. Я стала крычаць: «Ды што ж гэта такое?!». Людзі ішлі, азіраліся. Мне было вельмі крыўдна. Я адразу ж пазваніла кіраўніку Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Валянціну Дубатоўку. І потым вельмі хутка ўсе неяк даведаліся. І плякат толькі адзін дзень павісеў, ноччу яго зьнялі. Мне потым шкада было, што я сама змарнавала гэтую карціну. Затое праз пару дзён зьявіўся Максім Багдановіч — недалёка, на вуліцы Горкага. І я хадзіла да яго, проста на досьвітку ўстану, коцікаў пакармлю і іду да Максіма Адамавіча. Але потым наляцела бура, і паламала шчыт з Багдановічам.
— Невядомы гарадзенскім чыноўнікам Купала ледзь не патрабаваў: «Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа, калі Ты цар і неба, і зямлі!». Польскі паэт-ксёндз Ян Твардоўскі гаварыў пра Ўсявышняга з добрай усьмешкай: «Калі Бог зачыняе перад вамі дзьверы, то адчыняе акно». Адна з вашых кніг мае назву «Іду сьцяжынаю да Бога». А ваш Бог — ён які?
— Перад нашай сустрэчай я акурат слухала па кампутары Папу Рымскага Францішка, які нас вучыць разумець, што такое Бог. Па-мойму, нельга так самавызначацца: я і Бог. Паміж намі надта шмат усяго — цэлае бязьмежжа. І Бог дзеліцца ім са мною, і я дзялюся чым магу зь людзьмі і з Богам. Бог — гэта не замкнёная прастора, гэта нешта адчыненае і прыгожае. Езус жа зьявіўся да апосталаў, калі было ўсё зачыненае, ён праходзіў скрозь сьцены. Да мяне Бог прыходзіць празь людзей. Проста заходзяць людзі ў хату... Вернік ніколі не самотны, ён увесь час адчувае прысутнасьць Бога. Ведаю, што гэта дрэнна, але я, як і шмат людзей у маім узросьце, адчуваю адзіноту.
— Хто вам дапамагае яе перажыць?
— Найперш гэта мае коцікі. Гэта проста любоў, гэта ўспаміны пра той час, калі я жыла на хутары ў Біскупцах, дзе было вельмі шмат усякай жыўнасьці. Каты, сабакі — нібы нашы меншыя браты, але людзі іх лічаць чамусьці бяздушнымі. Я гэтага ніколі не прызнавала і не прызнаю, бо вельмі люблю жывую прыроду. Часта гляджу па тэлебачаньні такія перадачы. Вось нядаўна глядзела пра Асьвейскае возера, якое, аказваецца, такое вялікае. Там ёсьць два астравы, і хто там толькі ні вядзецца! Я глядзела і адчувала сапраўднае шчасьце! Так мне гэта цяпер блізка, я іх усіх упускаю ў сваё сэрца. Я вельмі люблю зьвяроў, паўзуноў, розных жывуноў.
— Больш чым людзей?
— Можа, і больш, бо ім патрэбна мая апека. А людзі могуць безь мяне абысьціся. Але іх я таксама люблю.
— Вы маеце трох унукаў, адзін зь іх, Стась Ільін, піша прозу, друкаваўся ў «Дзеяслове». Ён стаў пісаць пад уплывам бабулі?
— Хутчэй на яго ўплывае чужая краіна, дзе ён бачыць шмат новага. Стась працуе кіроўцам у ЗША, жыве ў Філядэльфіі. Ён едзе па амэрыканскіх дарогах, глядзіць налева і направа, і яму хочацца пра ўбачанае расказаць. Яму таксама ёсьць што сказаць пра сваё пакаленьне, расказаць пра Беларусь амэрыканцам. З размоваў са Стасем (а мы часта перамаўляемся па скайпе) я зразумела, што амэрыканцы жывуць з амэрыканцамі, а беларусы і расейцы, увесь Савецкі Саюз, які туды выехаў, — жывуць самі па сабе. Хаця нешта ён чэрпае з таго, што зрабілі амэрыканцы для сябе. Стась мне на днях паведаміў, што паедзе на два тыдні да вялікага вулкана, які, калі пачне вывяргацца, то ўся плянэта ўзарвецца. Але ён мяне гэтым не спалохаў. Я сказала, што ў нас ёсьць завод «Азот», які таксама калі ўзарвецца, то ўсёй Горадні настане канец.
— Вы сябравалі з Ларысай Геніюш. Цяпер моладзь распачала кампанію за яе рэабілітацыю, зьбірае подпісы. Як вы да гэтага ставіцеся?
Мы ўсе вывучалі беларускую літаратуру па-за школай.
— Я ня супраць, але гэта ўсё ж палітычная акцыя. Хацелася б, каб Ларысу Антонаўну ўспрымалі найперш як паэтку, як зьяву духоўную. У свой час я пісала, што ёй не патрэбная рэабілітацыя, бо яна ўсё роўна наш прызнаны клясык. На жаль, школа наша цяпер у вельмі дрэнным стане. Канешне, добра было б, каб там вывучалі вершы Ларысы Геніюш, яе «Споведзь». Але ж не вывучаюць. Але вялікай праблемы я тут ня бачу. Мы ўсе вывучалі беларускую літаратуру па-за школай.
— Сёлета пры Каложы адчынілася бібліятэка імя Ларысы Геніюш. Паўсюль яны зачыняюцца, а ў Горадні новая зьявілася. Ці былі вы ў той прыцаркоўнай бібліятэцы?
Калі царква надумаецца зрабіць Ларысу Геніюш праваслаўнай сьвятой, я гэта падтрымаю сэрцам і душой.
— Пакуль не, але вельмі станоўча ўспрыняла гэты факт. Ларыса Антонаўна заслужыла павагу людзей сваімі пакутамі. І дзіўна было б, каб царква не зразумела гэтага. Помню гаворкі зь ёю пра ўніяцкую царкву, ёй хацелася, каб народ маліўся разам — гэта нармальнае жаданьне для чалавека, які на першым месцы меў у душы Бога, а на другім — Беларусь. Але Ларыса Антонаўна была праваслаўнай, і, прайшоўшы такія пакуты, стацыі крыжовыя (тут дарэчы гэты каталіцкі тэрмін), яна, вядома, заслужыла павагу царквы. Да таго ж, яе цудоўную паэзію можна цытаваць, чытаць у храме. Таму, калі царква надумаецца зрабіць Ларысу Геніюш праваслаўнай сьвятой, я гэта падтрымаю сэрцам і душой.
— У Беларусі ўздоўж дарог стаяць білборды, якія нагадваюць пра «смак роднай мовы». Здаецца, Амар Хаям называў пэрсідзкую мову салодкай. А беларуская — якая на смак?
Калі нехта крычыць па-расейску пра «сильную и процветающую» Беларусь, я яму ня веру.
— Таксама салодкая. І горкая. І кіслая. І балючая. Калі нехта крычыць па-расейску пра «сильную и процветающую» Беларусь, я яму ня веру. Я проста не хачу такіх слухаць. Мне проста робіцца дрэнна, непрыемна. Гэта мае ворагі, хоць я іх так не называю. І біцца зь імі ня буду, і праклінаць іх ня буду. Гэта іх права, гэта іх выбар. Але ад іх прамоваў мае вушы «вянуць», я іх не магу слухаць.
— Вы ў добрай творчай форме — вашы паэтычныя падборкі і празаічныя нататкі зьяўляюцца, напрыклад, у кожным нумары часопіса «Наша вера». Што вас стымулюе да пісаньня?
— Я пішу, бо нічога іншага рабіць ня ўмею. Нельга растлумачыць, чаму ты пішаш вершы. Вось выходзіш з хаты, чуеш шпака, і нешта ў тваёй душы зьяўляецца ў адказ на яго песьню. І ты як вецер — вецер вее, і ты пішаш гэтыя словы, яны зь цябе вылятаюць. Ніхто цябе не прымушае, і ты ведаеш наперад, што з гэтай работы табе ня будзе ніякае карысьці матэрыяльнай, што не заробіш нават на хлеб. Але — пішаш.
— Я недзе чытаў, што Моцарту за музыку плацілі... дрывамі.
— Дык і Ларыса Геніюш аднойчы мела такі ганарар. Яна напісала паэму пра двух закаханых зь вёскі Залоскі над Нёманам. Ім паэма вельмі спадабалася, і яны прывезьлі паэтцы машыну дроў.
— Да 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня Саюз беларускіх пісьменьнікаў разаслаў апытанку з мэтай вызначыць 500 найлепшых беларускіх кніг. А якія кнігі вы маглі б унесьці ў той сьпіс?
— Найперш «Вянок» Максіма Багдановіча. І ўсе кнігі Янкі Купалы, нават савецкія. Я не магу закрэсьліць, напрыклад, верш «Хлопчык і лётчык». Цудоўныя яго ляўкоўскія вершы, нават вершы, напісаныя ім для ягоных жа душыцеляў, якія давялі паэта да самагубства, гэта ўсё ж вершы генія. Я ўнесла б у сьпіс таксама ўсяго Якуба Коласа — ня ведаю, што можна ў яго выкінуць. І ўсё, што напісала Цётка. І ўсё, што напісаў Францішак Багушэвіч. І ўсё, што напісаў Кузьма Чорны... Я не люблю падобных апытанак, гэта ўсё ж вельмі суб’ектыўны пералік. На мой погляд, ёсьць культура духоўная, літаратура, якая стваралася стагодзьдзямі, і хай кожны выбірае, што яму па душы. Я не хачу крыўдзіць некага, бо літаратура — гэта ня спорт, і нельга кагосьці ставіць на п’едэстале на першае, другое ці дзясятае месцы.
— А якую сваю кнігу вы лічыце найлепшай?
— «А на Палесьсі». Пісалася яна пасьля 1985 году, калі памёр мой муж Эрык Загнетаў. Я засталася адна, і ў мяне было вельмі многа смутку ў сэрцы. Я тады напісала паэтычныя цыклі пра Кастуся Каліноўскага, пра Эўфрасіньню Полацкую, вершы пра нашых вялікіх паэтаў, пра нашу Беларусь, пра нашыя азёры і рэкі. Да таго ж, другая палова 80-х — гэта быў добры час для ўсіх нас. Час пошуку свайго месца, сваёй дарогі, час яднаньня ўсіх з усімі.
— Час яднаньня ўсіх з усімі вы называеце найлепшым, а самі выйшлі з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Чаму?
— Я не лічу, што выйшла з шэрагаў беларускіх пісьменьнікаў. Дарэчы, штораніцы я заходжу на сайт СБП і цікаўлюся навінамі. Вось нядаўна прачытала, што Івана Пташнікава ня стала... Мне трэба ведаць, хто жывы, хто памёр, хто выдаў новую кнігу, хто якую ўзнагароду атрымаў. Я цешуся з добрых навінаў, і ўсіх чальцоў саюзу лічу сваімі. На сяброўскім узроўні. Я ж ня выйшла з нашага сяброўства. Напісаўшы заяву аб выхадзе, я проста паставіла агароджу, якая затуляе мой духоўны хутар ад розных непрыемных эксцэсаў. Я жыву як на хутары, і мне патрэбен спакой. А ў СБП вельмі шмат людзей, якіх я люблю і шаную, і паважаю іх творчасьць.