Узрост «ціхага» крызісу

Андрэй Куціла

Ірэна Кацяловіч

Андрэй Куціла, дакумэнтальны фільм «25», Белсат 2016.

Рэжысэр-дакумэнталіст Андрэй Куціла «разгрупаваўся» і зьняў фільм не пра аднаго героя, што характэрна для яго папярэдняй творчасьці, а пра герояў. Гэта пяць 25-гадовых беларусаў, якія расьлі і сталелі разам з ужо самастойнай сувэрэннай краінай: 25 гадоў таму Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР атрымала канстытуцыйны статус. Гэта натуральны, лягічны, але і сьмелы ход — паглядзець на маладую краіну празь яе аднагодкаў-жыхароў. Сьмелы, таму што ўзьнікае рызыка выявіць ня самыя прыемныя зьявы. Забягаючы наперад, адзначу, што шчасьця тут я ня ўбачыла. І яшчэ: мне вельмі не хацелася б быць героем гэтага фільму.

Мова кіно капае глыбей, чым яго зьмест.

Скажу больш: карціна «25» здалася антыўтопіяй, нягледзячы на тое, што на працягу амаль гадзіны мы назіраем за «нармальным» жыцьцём пэрсанажаў і ня бачым тут яўных няшчасьця і пакут. Але мова кіно капае глыбей, чым яго зьмест. У гэтым выпадку доўгія сцэны, тэмп, асьвятленьне, маўчаньне і сухія галасы, лякацыі і нават пара году шматзначна дапаўняюць як бы аб’ектыўна і дакладна паказаную рэальнасьць, не афарбаваную плюсамі або мінусамі.

Карціна пачынаецца з эпізоду нараджэньня дзіцяці, што з аднаго боку пасьлядоўна адсылае да 25-гадовай даўніны, паказвае на жыцьцёвы цыкл (які ў фільме, дарэчы, не завяршаецца), намякае на нараджэньне краіны і герояў, што абумоўлена ўласна драматургіяй. Але зь іншага боку такі пачатак абавязвае да фундамэнтальных высноваў: нараджэньне ў кіно павінна нечым завяршыцца, і калі ня сьмерцю, то пэўнай канстатацыяй. Таму карціна «25» прапануе ня проста зірнуць на жыцьцё маладых беларусаў, але і вынесьці канкрэтныя высновы. Таму фільм разьбіваецца на часткі толькі тэхнічна, а гісторыі пяці герояў успрымаюцца як нешта цэлае. І калі падбіраць да гэтага цэлага паралелі, то выходзіць толькі нешта гучнае і сур’ёзнае — народ, краіна, нацыя, мэнталітэт, і ўрэшце — сыстэма.

Паказальна, каб ахарактарызаваць гэтую сыстэму, ня трэба рабіць сацыялягічных дасьледаваньняў — дастаткова даверыцца інтуіцыі. Выбар пэрсанажаў, вядома ж, невыпадковы, бо за кожным з іх стаіць бытапісаньне і шэраг характэрных нюансаў.

Крысьціна ў свой час адмовілася ад магчымасьці жыць за мяжой, вярнулася ў Мінск, стварыла сям’ю, не пабаялася складанасьцяў і разьвялася з мужам. Цяпер яна выхоўвае дваіх дзяцей, зарабляе касмэтычнымі працэдурамі, спадзяецца на новае каханьне, сьмела глядзіць у будучыню. У кантэксьце фільму дзяўчына выглядае пэўным выключэньнем, я б нават сказала, што яна жыве з высокім узроўнем прасьвятленьня і пазасыстэмнасьці. Толькі іх прыкметы, зразумела, заключаюцца ня ў зьнешняй форме існаваньня, а ў тым, як лёгка яна ідзе насустрач абставінам і падпарадкоўвае само жыцьцё.

Фармальным антаганістам ёй выступае Дзіма з Баранавічаў. Ён іграе ў мясцовым музычным гурце, не выпадкова ў яго экранным жыцьці зьяўляюцца размовы пра пераезд за мяжу. Вянцом гэтага сюжэта стала накіраваньне ў аэрапорт пад песьню «Мы ніколі не памром» (што паслужыла эфэктнай канцоўкай), а гэта ўжо сьвядомы адыход ад сыстэмы, імкненьне пазьбегнуць і выйсьці за яе рамкі.

У пэўным сэнсе спроба абыграць яе назіраецца ў гісторыі Ільлі, які працуе недзе ў Расеі, а жыве ў Гомелі, дзе бачыцца з сям’ёй і сябрамі ня так часта, як таго відавочна хацелася б. Два наступныя героі — Саша з вёскі Чапялі і Яна з Магілёва — сыстэмы не заўважаюць, бо жывуць ва ўласных вымярэньнях. Саша з жонкай займаюцца натуральнай гаспадаркай, на Яне мы канцэнтруемся ў кантэксьце яе сям’і, нараджэньня дзіцяці і тыповай камунікацыі з мужам.

Героі пастаянна ўступаюць у апазыцыю з сыстэмай.

Атрымліваецца, што з сыстэмай, якая ў карціне «25» маецца на ўвазе і ў якой мы так ці інакш існуем у рэальным жыцьці, героі пастаянна ўступаюць у апазыцыю. Магчыма, гэта і ёсьць галоўная характарыстыка 25-гадовай краіны — такое сумяшчэньне несумяшчальнага: пэрсанажы існуюць унутры пэўнага ўсталяваньня, аднак альбо ігнаруюць яго, альбо абыходзяць, альбо спрабуюць ад яго зьбегчы.

Проціпастаўленьне тут і ў самой канструкцыі фільма: у тым, што мова і зьмест кажуць пра рознае, у структурнасьці, у адзінокай постаці, якая ідзе насустрач натоўпу. І ў адзіноце наогул — кожны з герояў карціны — хацеў рэжысёр гэта паказаць ці не — у нейкай ступені адзінокі. Гэта тычыцца і тых, у каго ёсьць сем’і і сябры: пэрсанажы альбо не бачацца з блізкімі, альбо не маюць з імі блізкіх стасункаў. Успамінаецца неналаджаная камунікацыя, нібы тут патаптаўся Мікеланджэла Антаніёні, толькі ў карціне «25» яна выглядае не фатальнай зьявай, а дабравольным спосабам існаваньня. У гэтых пяці гісторыях няма ўсьмешак, няма сантымэнтаў, няма праяў сапраўдных пачуцьцяў — а гэта амаль безжыцьцёвасьць. Што гучыць як прысуд.

Якую б задачу ні ставіў перад сабой рэжысэр, характарыстыка краіны, што вынікае з фільму, набывае ня надта прывабныя рысы.

Якую б задачу ні ставіў перад сабой рэжысэр, характарыстыка краіны, што вынікае з фільму, набывае ня надта прывабныя рысы. Гэта сьвядомае альбо падсьвядомае пазьбяганьне сыстэмы, вымушаная адзінота, неналаджаная камунікацыя з навакольным сьветам, адсутнасьць яўных эмоцый.

Складана сказаць, ці зьяўляецца ўсё пералічанае непасрэдна адзнакай так званага «ціхага» крызісу, які быццам наступае ў 25 гадоў, але як ні назаві, паўтаруся — мне вельмі не хацелася б быць героем гэтага фільму.

Мы ведаем, як кіно трансфармуе рэальнасьць, і раптам некаму карціна «25» падасца менш дакладнай за зьмест інстаграму. Але несуцяшальнай сувязі экрану з рэчаіснасьцю — не адмовіць, таму фільм Андрэя Куцілы становіцца чарговай падставай цьвяроза зірнуць навокал. І паспрабаваць самастойна выбраць пяць герояў — паказьнікаў сыстэмы.