Справа ўдзельніка падзеяў 19 сьнежня 2010 году і маральная адказнасьць журналістаў

Ці павінны журналісты прасіць прабачэньня ў арыштаванага Ўладзімера Кондруся, які ламаў дзьверы ў Доме ўраду падчас пасьлявыбарчых пратэстаў 2010 году?

Абмяркоўваюць: Сяргей Дубавец, Юры Дракахруст, Уладзімер Глод


Дубавец: Праваабаронца Алесь Бяляцкі ў сваім Фэйсбуку піша:
«Шукаць „правакатараў“ у некаторых нашых пiльных грамадзянаў зьяўляецца любiмым хобi. У справе па дэманстрацыi ды мiтынгу 19 сьнежня 2010 году спачатку такiм быў „навушнiк“, затым „дзякуючы“ пiльнасьцi адной з актывiстак, яшчэ адзiн „правакатар“ апынуўся на Валадарцы. I вось зараз чарговая ахвяра журналiсцкай пiльнасьцi. Цi папросяць у гэтых ахвяраў хто-небудзь з выкрывальнiкаў хоць бы прабачэньня? Недарэмна кажуць: бойся ворагаў i дурняў». Канец цытаты.

Справа ў тым, што журналісты апазналі ў чалавеку на Дні волі таго, хто біў вокны ў Доме ўраду 19.12.2010. І напісалі пра гэта. Публікацыю нібыта заўважылі праваахоўнікі і арыштавалі чалавека. Высьветлілася, што гэта нехта Кондрусь з Рудзенску. Бяляцкі называе яго ахвярай журналісцкай пільнасьці. З папрокам да журналістаў. Я так разумею, што гэта пазыцыя ўсіх праваабаронцаў. Валянцін Стэфановіч кажа, што яны лічаць гэтага чалавека палітвязьнем.

А вось іншая пазыцыя — Кастусь Лашкевіч піша: «А што значыць „ахвяра“? Кондрусь — чалавек на фота? Той самы, які брусом выносіў вокны ў доме ўраду? Калі так, то адназначны правакатар, які б ідэалягічны падтэкст вы не атаясамлівалі з гэтым словам, і зь якой бы мэтай ён тое не рабіў».

Менавіта біцьцё шкла ў Доме ўраду стала падставай і для масавага зьбіцьця дэманстрантаў, якія ніякіх правакацыяў не рабілі, і для наступных масавых арыштаў, судоў і пасадак тых, каго мы называем палітвязьнямі.

Я мог бы разьвіць думку спадара Лашкевіча — менавіта біцьцё шкла ў Доме ўраду стала падставай і для масавага зьбіцьця дэманстрантаў, якія ніякіх правакацыяў не рабілі, і для наступных масавых арыштаў, судоў і пасадак тых, каго мы называем палітвязьнямі.

Адкуль, дарэчы, у Кондруся на вылізанай плошчы Незалежнасьці ўзяўся той брус? Ён што, з брусом прыйшоў на акцыю пратэсту?

Я адразу адкідаю «ахвяру», бо ахвярай ня можна лічыць таго, хто першы робіць супрацьпраўныя дзеяньні. Тут адно з двух — лічыць яго правакатарам ці героем. Якім я лічу, напрыклад, Васьковіча, што разам зь сябрамі падпаліў дзьверы Бабруйскага КГБ. Дзёрзкі, адчайны крок — каб паказаць, што ня ўсе тут гатовыя сядзець, як мышы пад венікам. Але Васьковіч зь сябрамі адказвалі толькі за сябе і падстаўлялі толькі сябе.

Калі ж лічыць Кондруся барыкадным героем-Гаўрошам, тады трэба ўскладаць усю адказнасьць на лідэра, які прывёў яго на плошчу і заклікаў штурмаваць Дом ураду, біць шкло.

Тое, што ўзялі Кондруся толькі цяпер — таксама на карысьць вэрсіі правакатара. Ну нешта не зраслося ў супрацоўніцтве з органамі, дасталі стары кампрамат. Калі ж лічыць яго барыкадным героем-Гаўрошам, тады трэба ўскладаць усю адказнасьць на лідэра, які прывёў яго на плошчу і заклікаў штурмаваць Дом ураду, біць шкло. Маўляў, рэвалюцыя ўсё сьпіша. Але ніхто, здаецца, з палітыкаў такой адказнасьці на сябе ня ўзяў.

Словам, ніякага алягізму, ніякай несправядлівасьці ў арышце Кондруся я ня бачу. І за што прасіць прабачэньня журналістам, у якіх пільнасьць — гэта частка прафэсіі — ня ведаю. А што вы, калегі думаеце пра гэта?

Дракахруст: Я з вамі нязгодны. Я сказаў бы так: калі гэтыя журналісты, пра якіх ідзе гаворка, лічаць ці лічылі, што Аляксандар Рыгоравіч — гэта выбар і шчасьце беларускага народу, калі для іх тое, што адбывалася 19 сьнежня 2010 году — гэта спроба мяцяжу, то сапраўды тут няма за што выбачацца.

Але наколькі я разумею, размова ідзе пра іншых людзей. Пра тых, якія лічаць, што ў Беларусі пануе дыктатура, што выбары былі сфальсыфікаваныя, што, можа быць, Лукашэнка на іх і выйграў, але гэта невядома з прычыны фальсыфікацыяў. Якія лічаць, што народ быў абураны гэтым і выказаў сваё абурэньне, хто ў якіх формах.

Я не выключаю, што многія з гэтых журналістаў да 19.12.10 самі пісалі натхнёна: «Усё вырашыць Плошча». Якім чынам, яны меркавалі, яна ўсё вырашыць?

Я не выключаю, што многія з гэтых журналістаў да 19.12.10 самі пісалі натхнёна: «Усё вырашыць Плошча». Якім чынам, яны меркавалі, яна ўсё вырашыць? Яны што, не чыталі падручнікі гісторыі, у школе не вучыліся, ня ведаюць, што вялікія зьмены ў гісторыі далёка не заўсёды адбываюцца «на зялёнае сьвятло»?

Вось, скажам, Кастусь Каліноўскі, падняўшы паўстаньне, груба парушаў законы Расейскай імпэрыі. І Джордж Вашынгтон зь яго калегамі груба парушалі законы Брытанскай імпэрыі, які не прадугледжваў сэцэсію калёніяў. Правакатары, адным словам.

Я згодны з Алесем Бяляцкім, што ўсе гутаркі пра правакатараў даволі недарэчныя. Ужо некалькі эпізодаў было, калі нехта казаў: той правакатар, той правакатар. А высьвятлялася, што звычайны чалавек, які пачуў словы палітыкаў, але і журналістаў, «усё вырашыць Плошча», і пайшоў вырашаць на Плошчу. Можа ён і дурнаваты, з простымі ўяўленьнямі пра жыцьцё, але ж вы самі паклікалі яго туды.

Можа, нехта скажа: так, я быў за Плошчу, але выключна за мірную. Ну дык у такой сытуацыі, здаецца, натуральны крок — не апазнаць, ня браць на сябе грэх за тое, што гэты чалавек будзе сядзець. І з-за таго, што вы яго апазналі, і з-за таго, што вы ж тады раўлі: «усё вырашыць Плошча», а ён вас паслухаў.

Так што выбачацца-не выбачацца — гэта як каму сумленьне падказвае, але дарма гэтыя людзі так зрабілі.

Глод: Мне цікава бачыць, як кардынальна мяняецца стаўленьне да аднаго і таго ж чалавека у нашай краіне. Спачатку Ўладзімер Кондрусь (на той час прозьвішча яго журналісты ня ведалі) адназначна ўспрымаўся, як правакатар, як агент спэцслужбаў. Ці былі у карэспандэнтаў падставы для такіх высноваў?

З аднаго боку, так. Яго бачылі з брусам, якім ён спрабаваў біць шкло і ўзламаць дзьверы ў Доме ўраду. Адразу ўзьніклі пытаньні: а хто гэты чалавек, адкуль ён знайшоў ля, як казаў Сяргей Дубавец, вылізанага ўрадавага будынку, брус? У дэмакратычным асяродку адказаць на іх ніхто ня мог. Далей разважаньні павярнулі ў бок спэцслужбаў: калі не дэмакрат, не апазыцыйны актывіст — значыць агент.

Тым болей, што спэцслужбаў у Беларусі столькі, што часам іх супрацоўнікі могуць ня ведаць адзін аднаго. А Кондрусь патрэбны быў для таго, каб узваліць на апазыцыю адказнасьць за так званы штурм Дома ўраду.

Кондрусь з катэгорыі «правакатар» ужо перайшоў у катэгорыю «палітычны вязень». Перайшоў толькі таму, што патрапіў на Валадарку. А я думаю вось пра што: а што, калі Ўладзімер Кондрусь і сапраўды агент спэцслужбаў?

Зь іншага боку, рэальных доказаў таго, што спадар Кондрусь правакатар і агент спэцслужбаў, у журналістаў незалежных мэдыяў не было. Але ж усім вядома, што такія дадзеныя атрымаць ня толькі звышскладана, а нават і немагчыма. Таму, я думаю, што як вэрсія — менавіта, як вэрсія — такі погляд меў права на агучваньне. Аднак журналісты абавязкова былі павінныя падкрэсьліць гэта.

Калі гэтага не рабіць, то можна патрапіць у зусім заблытаную сытуацыю. Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец запрашае ўсіх зацікаўленых на сустрэчу аргкамітэту «Свабоду палітвязьням!» у справах Пальчыса, Кондруся, Жамчужнага, Жалнова, Бандарэнкі і іншых.

І дае пры гэтым наступны камэнтар: «Выбары, паводле Ярмошынай, і эўрапейская „лібэралізацыя“ — толькі шырма, за якой па-ранейшаму адбываюцца ўціск, гвалт і рэпрэсіі. Нам трэба быць салідарнымі і рабіць усё магчымае дзеля абароны беларусаў. Кажуць, што „старонка 2010 году перавернутая“ — але за што зьбіраюцца судзіць Кондруся? Нам кажуць, што ў Беларусі няма палітвязьняў — а як быць з Жамчужным, Пальчысам, Паліенкам і іншымі?»

Такім чынам, Уладзімер Кондрусь з катэгорыі «правакатар» ужо перайшоў у катэгорыю «палітычны вязень». Перайшоў толькі таму, што патрапіў на Валадарку. А я думаю вось пра што: а што, калі Ўладзімер Кондрусь і сапраўды агент спэцслужбаў? І што ягоны арышт — гэта толькі спроба спэцслужбаў укараніць яго ў шэрагі апазыцыі? Гэта, зразумела, толькі вэрсія. А што, калі раптам гэта сапраўды так? І што тады рабіць з так званым палітычным вязьнем Уладзімерам Кондрусем? Вельмі шмат тут пытаньняў.