Вялікая бронзавая шыльда можа зьявіцца на доме на вуліцы Мележа, 4 у Менску. Там апошнія 34 гады жыў Рыгор Барадулін. Каб шыльда зьявілася, на сайце Тalaka.by зьбіраюць 8 тысяч рублёў.
Ініцыятыву павесіць шыльду праявіў журналіст Глеб Лабадзенка. Па яго словах, гэта ня будзе прымеркавана да нейкай гадавіны.
«Гэта тая праца, якую трэба рабіць бязь нейкіх датаў, бязь нейкіх нагодаў», — сказаў Лабадзенка Свабодзе.
Аўтарам мэмарыяльнай шыльды мае стаць Ігар Засімовіч. Ён рабіў крыж на магіле Барадуліна, помнік-меч у памяць паўстанцаў 1863 году на Астравеччыне.
«Скульптар быў на месцы, і мы абмяркоўвалі будучую шыльду, — кажа Лабадзенка. — Самае важнае, што Валянціна Міхайлаўна, жонка Барадуліна, таксама ня супраць, каб ён гэта рабіў. Ёй вельмі спадабалася, як атрымалася магіла Рыгора Барадуліна».
Шыльда будзе мець памеры каля 1×1 м і важыць каля 100 кг. Большая частка кошту пойдзе на бронзу — яна дарагая, 25 даляраў за 1 кг.
«Калі мы зьвярнуліся на скульптурны камбінат пры Саюзе мастакоў, нам назвалі кошт 10 тысяч даляраў, — кажа Лабадзенка. — Гэта з працай архітэктара і скульптара, самой шыльдай. Але мы скарацілі суму амаль утрая».
Ужо на гэтым тыдні скульптар прадставіць некалькі макетаў шыльды ў Беларускі саюз мастакоў і Валянціне Барадулінай. Як толькі зьбяруць грошы, пачнецца праца над скульптурай.
«Вельмі спадзяюся, што адгукнуцца беларусы, якія жывуць за мяжой, — кажа Лабадзенка. — Тут у Беларусі цяжка будзе сабраць такую суму. Зразумела, што ў нас узровень жыцьця такі, што чалавек ня можа дастаць з кішэні 100 даляраў і ахвяраваць. Таму дзякуй тым, хто ахвяруе 5 ці 10 рублёў».
Акрамя шыльды сёлета Лабадзенка таксама плянуе ўсталяваць некалькі інфармацыйных стэндаў пра пісьменьніка ў Вушачах. Два стэнды, каля хаты Барадуліна і ягонай магілы, ужо ўсталяваныя. Перадалі шыльду і школе, дзе вучыўся Барадулін. Аднак яе не павесілі на будынку, а аддалі ў школьны музэй.
«Трэба не заломваць рукі, што нешта не названа ў гонар Барадуліна, а думаць, што мы можам зрабіць самі. Думаем правесьці талаку са слухачамі курсаў „Мова Нанова“: прыбраць каля хаты, трохі плот парамантаваць».