Афіша:
У Берасьці пройдзе матч 3-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Эўропы паміж менскім «Дынамам» і «Ваяводзінай» з Сэрбіі. Пачатак а 20.45.
У рамках Кубка Рэспублікі Беларусь па хакеі з шайбай (Кубак Руслана Салея) пройдуць наступныя гульні: «Юнацтва» — «Нёман», «Шахцёр» — «Гомель», «Дынама-Маладэчна» — «Віцебск», «Мэталюрг» — «Ліда».
У прасторы ЦЭХ (Менск, вул. Кастрычніцкая, 16) адкрыецца пэрсанальная выстава фатографа Сяргея Гудзіліна. Пачатак а 19.00.
У гісторыі:
1579 ― пачатак аблогі Полацку войскам Рэчы Паспалітай на чале са Стэфанам Баторым.
1651 ― войска Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Янушам Радзівілам узяло Кіеў.
1901 — нарадзіўся Луіс Армстранг, амэрыканскі трубач, джаз-музыка, сьпявак і кампазытар.
1904 ― нарадзіўся Вітальд Гамбровіч, польскі празаік, драматург, эсэіст.
1914 ― Першая сусьветная вайна: Нямеччына ўварвалася ў Бэльгію. У адказ Вялікабрытанія абвясьціла вайну Нямеччыне. ЗША заявілі пра нэўтралітэт.
1947 ― нарадзіўся Мікалай Селяшчук, беларускі мастак.
1961 ― нарадзіўся Барак Абама, 44-ы прэзыдэнт ЗША.
1962 ― лідэр Афрыканскага Нацыянальнага Кангрэсу Нэльсан Мандэла пасаджаны ў турму, дзе правёў 28 гадоў. Пасьля выхаду на волю Мандэла стаў прэзыдэнтам Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі.
У памяці:
1875 — памёр Ганс Крыстыян Андэрсэн, дацкі пісьменьнік.
1944 — у Варшаўскім паўстаньні загінуў Кшыштаф Каміль Бачыньскі, польскі паэт.
Цытата:
«Ніхто на сьвеце ня ведае столькі казак, колькі Оле Плюшчывочка. А як ён умее іх расказваць! Оле Плюшчывочка прыходзіць вечарам, калі дзеці яшчэ сядзяць пры стале або на сваіх услончыках. У адных шкарпэтках ён падымаецца ціхутка па лесьвіцы, нячутна адчыняе дзьверы, уваходзіць у пакой і — пырсь! — пырскае дзецям у вочы салодкім малаком, лёгенька-лёгенька, але столькі, каб яны не адплюшчылі вачэй і ня ўбачылі яго. Потым падкрадваецца да іх ззаду і пачынае лёгенька дзьмухаць ім у патыліцу, а іхныя галоўкі пачынаюць цяжэць. Гэта зусім не балюча, бо Оле Плюшчывочка не жадае дзецям нічога дрэннага. Ён толькі хоча, каб дзеці суцішыліся, а гэта яму найлепш удаецца, калі ён пакладзе іх пад пярыну. Там яны супакойваюцца, і ён можа расказваць ім гісторыі».
Ганс Крыстыян Андэрсэн, пачатак казкі «Оле Плюшчывочка» (пераклад Яна Максімюка)