#Янебаюсяспрабаваць — конкурс, у якім можна выйграць 2 гадзіны трэніроўкі з Гурковым

Віталь Гуркоў

Курсы беларускай мовы «Мова нанова» абвясьцілі конкурс на найлепшае эсэ пра адзін беларускамоўны дзень з жыцьця.

«Трэба прынамсі адзін дзень ад раньня да вечара размаўляць па-беларуску. Усюды: у хаце, на дварэ, у краме, на працы, зь сябрамі. Пасьля апісаць у пісьмовай форме свае ўражаньні, рэакцыю людзей, свае радасьці і цяжкасьці», — кажа пра ўмовы конкурсу каардынатар «Мовы нанова» Глеб Лабадзенка.

Ідэя конкурсу ўзьнікла пасьля таго, як выйшаў ролік «Мова Гуркова». У роліку людзі падчас трэніроўкі з баксэрам тлумачаць, чаму яны гавораць па-беларуску.

Глеб Лабадзенка

«Нам пачалі прыходзіць пытаньні: як трапіць на такі майстар-кляс ад „народнага чэмпіёна“? Мы абвяшчаем новы конкурс, дзе супэрпрызам — эксклюзіўная дзьвюхгадзінная трэніроўка ў шматразовага чэмпіёна сьвету па тайскім боксе Віталя Гуркова. Пасьля мы запросім Віталя Гуркова, прачытаем разам зь ім усе гісторыі ды выберам пераможцаў. Калі нас уразіць адна гісторыя — гэта будзе трэніроўка для аднаго чалавека. Калі пяць — то гэта будзе групавая трэніроўка для пяці чалавек», — кажа Глеб Лабадзенка.

Апроч супэрпрыза, арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў конкурсу шэраг іншых падарункаў — кнігі «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы», фірмовыя майкі, кубкі і бранзалеты.

Падрабязна ўмовы конкурсу #янебаюсяспрабаваць можна паглядзець тут.