Дырэктарка полацкага музэю-запаведніку ня кажа, за што звольнілі актывістку БНФ

Вольга Дамаскіна, актывістка БНФ з Полацку

З удзельніцай руху «За свабоду», прадстаўніцай Партыі БНФ Вольгай Дамаскінай не працягнулі працоўны кантракт. Папярэдзілі пра гэта, калі яна абвясьціла пра свой намер балятавацца ў парлямэнт.

Актывістка, якая чатыры апошнія гады загадвала полацкім Музэем традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, лічыць, што падставы яе звальненьня — палітычныя.

«Свабода» датэлефанавалася да былой непасрэднай кіраўніцы спадарыні Дамаскінай — дырэктаркі Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку Тамары Джумантаевай.

Тая адмовілася камэнтаваць прычыны звальненьня, але падкрэсьліла, што да палітыкі гэта дачыненьня ня мае.

" Пра што вы кажаце! Яна сябра прэзыдыюму БНФ, і ўжо даўно, і мы спакойна жылі з гэтым... Я нічога ня буду камэнтаваць, я не хачу вам распавядаць пра прычыны. Напэўна, усе чакаюць, калі я распавяду або напішу, чаму... Гэта сур’ёзныя фінансавыя парушэньні. Таму я нічога ня буду вам казаць. Нічога не скажу, але ў нас ёсьць шмат прычын, каб не працягнуць кантракт. Ніякай палітыкі, крый Божа! Я сама ў свой час сябравала зь Зянонам Пазьняком!« — сказала спадарыня Джумантаева.

На пытаньне, ці знайшлі Вользе Дамаскінай замену, Тамара Джумантаева адказала:

«А каго гэта павінна хваляваць? Ёсьць людзі, якім нельга давяраць. І немагчыма зь імі працаваць. Калі партыю і вашу радыёстанцыю задавальняе чалавек з такой адукацыяй і з такім узроўнем веданьня справы, то я вас віншую! Апрача недаверу паміж намі, яшчэ бракуе сяго-таго, што нам патрэбна».

Вольга Дамаскіна адпрацавала ў Музэі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я 16 гадоў, апошнія чатыры — на пасадзе загадчыцы. Сёлета яе накіравалі на прафэсійнае навучаньне за дзяржаўны кошт. Спадарыня Джумантаева цьвердзіць, што гэта былі ўсяго толькі курсы падвышэньня кваліфікацыі, хоць навучэнцам «і даюць там такую „корачку“, якая зьнешне падобная да дыплёма».

Джумантаева заявіла, што Дамаскіна мела дзьве вымовы.

Падрабязнасьцяў пра «дзьве вымовы» ня ведае і сама Вольга Дамаскіна.

«Спагнаньне было адзінае. Прынамсі, пра якое я ведаю.

У мяне ёсьць афіцыйная папера з прафсаюзу, які адмовіўся падтрымаць мае інтарэсы і бараніць ад звальненьня, бо я мела „дысцыплінарны праступак“, але ніяк не фінансавыя махлярствы.

Той мінулагодні інцыдэнт тычыўся продажу ў музэі сувэнірнай прадукцыі. Дзеля вывучэньня спажывецкага попыту я ўзяла ў аднаго рамесьніка некалькі вырабаў з „Пагоняй“, яны былі выстаўленыя ў вітрыне, але не прадаваліся, бо на іх не было адпаведных дакумэнтаў. Вынікі вывучэньня спажывецкага попыту я хацела данесьці да кіраўніцтва. Аднак у маю адсутнасьць — пакуль я была на вучобе — зь невядома чыёй ініцыятывы зладзілі праверку сувэнірнага асартымэнту. Адначасова высьветлілася, што быў завышаны кошт і на асадкі, якія ляжалі ў вітрыне. Але фактаў продажу тавараў па завышаным кошце не было зафіксавана, як і фактаў продажу сувэніраў, прадстаўленых толькі для азнаямленьня».

Вольга Дамаскіна акцэнтуе ўвагу на тым, што праверка праводзілася ў яе адсутнасьць. Яна не выключае, што гэта было зроблена знарок — каб вынесьці пісьмовую вымову.