У гарадзенцаў набывае папулярнасьць выцінанка

Сучасная гарадзенская выцінанка.

У гарадзенскай этнакраме «Цудоўня» чарговая сустрэча для цікаўных была прысьвечана гісторыі выцінанкі і яе культуры.

Майстра выцінанкі з Горадні, сябра Саюза майстроў народнай творчасьці Станіслаў Муліца пазнаёміў цікаўных гарадзенцаў з гісторыяй і таямніцамі беларускай выцінанкі.

Паводле Муліцы, беларускія жанчыны узялі культуру выцінанкі ад мясцовых габрэяў, у якіх яна была вельмі папулярнай. Праўда, узоры пачалі рабіць на свой лад. Спадар Муліца паказаў розныя выцінанкі з розных раёнаў Гарадзеншчыны і паказаў якім чынам і з дапамогай чаго яны рабіліся.

— У прынцыпе кожны з нас у сваім жыцьці спрабаваў рабіць выцінанку яшчэ вырэзваючы ў школьныя гады розныя сьняжынкі. Гэта даступнае для ўсіх мастацтва і магчыма таму выцінанка цяпер так хутка ізноў набірае папулярнасьць.

Станіслаў Муліца.

Паводле Муліцы, выцінанка незаслужана была забытая ў савецкія часы, але зусім яна ня зьнікла, папросту яе не разглядалі, як мастацкую рэч.

— На жаль, у савецкія часы беларускія этнографы не зьвярнулі на выцінку належнай ўвагі як на элемэнт народнай творчасьці. Да прыкладу, у палякаў на яе зьвярнулі ўвагу яшчэ ў 20-30-я гады. І ў нас у Горадні нават адбываліся выставы выцінанак розных рэгіёнах, некаторыя экспанаты захаваліся ў гарадзенскім музэі.

Гарадзенцы слухаюць лекцыю пра беларускую выцінанку.

У Беларусі выцінанка, паводле Муліцы, пачала адраджацца ў 70-80-я гады і цяпер яна вельмі дастойна выглядае на выставах, у тым ліку міжнародных.

— Думаю, што яна ня страціць сваёй папулярнасьці, паколькі гэта найхутчэй зробленая рэч уласнымі рукамі. Іншыя віды мастацтва патрабуюць больш карпатлівай працы, большых выдаткаў, а з выцінанкай могуць справіцца нават дзеці. Але сапраўдная выцінанка — гэта сапраўднае мастацтва.