На пачатку чэрвеня Дамаскіна хадзіла на размову.
У чэрвені Вольга Дамаскіна атрымала папярэджаньне ад дырэктаркі Полацкай музэйнай сыстэмы Тамары Джумантаевай, што кантракт зь ёй працягнуты ня будзе.
Перад тым Дамаскіна абвясьціла пра свой намер удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Да апошняга сумнявалася, ці намер адміністрацыі музэя звольніць яе такі цьвёрды. Актывістка напісала заяву, што згодная працаваць на ранейшай пасадзе і з ранейшымі ўмовамі працы, а таксама зьвярнулася ў прафсаюз працаўнікоў культуры па абарону. Аднак ужо мае на руках загад аб звальненьні.
«Прычыны, я лічу, выключна палітычныя. Я нават мела сумневы, што ўсё так здарыцца, бо ня бачыла ніякіх падрыхтоўчых захадаў адміністрацыі — калі не лічыць, што на нарадах да мяне ставіліся перадузята, ведаючы пра мае палітычныя погляды. Аднак на маю пасаду не рыхтавалі новага чалавека, і дагэтуль нікога не прызначылі — я проста перадала справы вядучаму навуковаму супрацоўніку. Нядаўна я атрымала па накіраваньні музэйнай сыстэмы другую вышэйшую адукацыю, каб мець лепшую прафэсійную падрыхтоўку. Але, выходзіць, нікому не шкада грошай, „укладзеных у мяне“, калі вядзецца пра палітыку. І адміністрацыя дбае не пра эфэктыўную працу ў музэі, а пра тое, каб пазбавіцца ад „небясьпечных“ кадраў», — разважае Вольга Дамаскіна.
Цяпер актывістка абдумвае, ці варта дамагацца аднаўленьня на працы праз судовыя ды іншыя інстанцыі. Прынамсі, у абласную ўправу прафсаюзу работнікаў культуры яна ўжо зьвярнулася — нагадаўшы пра тое, што мае дзьве граматы, якімі яе ўганараваў прафсаюз. А таксама й пра тое, што адміністрацыя музэйнай сыстэмы парушыла працэдуру непрацягненьня кантракту — не папярэдзіла пра гэта прафсаюзную арганізацыю, у якую ўваходзіць актывістка, за два месяцы.
Пакуль Вольга Дамаскіна чакае адказу, яна рыхтуецца да ўдзелу ў выбарах. Правяла ў Полацку некалькі пікетаў па зборы подпісаў. Паралельна шукае новую працу, бо ня надта верыць, што прадзяржаўны прафсаюз дапаможа ёй аднавіцца на ранейшай пасадзе.