31 ліпеня ў Беларусь для назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі прыяжджае місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ).
Як паведаміла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, місію ўзначальвае прадстаўніца Італіі Каэтана дэ Зулуета Аўтрам. Яна нарадзілася ў Калюмбіі, з 1981 працавала журналістам, цяпер блогер. З 1996 года абіраецца ў італьянскі парлямэнт. У якасьці кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЭ яна працавала ў Азэрбайджане, Турцыі, Чэхіі, Францыі, ва Узбэкістане, Украіне.
2 жніўня назіральнікі БДІПЧ плянуюць наведаць ЦВК, дзе зь імі сустрэнецца Ярмошына.
Раней паведамлялася, што для працы на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі БДІПЧ АБСЭ плянуе накіраваць 40 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. Выбары пройдуць 11 верасьня.