Мэдыкі пакінулі захоплены будынак паліцыі ў Ерэване

Раніцай 31 ліпеня лекары выйшлі з будынку палка патрульна-паставой службы ў Ерэване, які быў захоплены 17 ліпеня ўзброенай групай.

«Магу пацьвердзіць, што яны на волі, падрабязнасьці будуць пазьней», — перадае пра мэдыкаў Інтэрфакс са спасылкай на прэсавага сакратара міністэрства Аховы здароўя Армэніі Анаіт Айтаян.

Зьвесткі пра захоп мэдыкаў у закладнікі зьявіліся 30 ліпеня. У сваю чаргу прэсавы сакратар ініцыятывы «Устаноўчы парлямэнт» Варужан Авецісян заявіў мясцовым журналістам, што мэдыкі знаходзіліся на тэрыторыі часткі па сваёй ініцыятыве, іх ніхто не захопліваў. «Яны былі свабодныя ў сваіх рашэньнях і перасоўваньні», — паведаміў Авецісян.

Таксама прэсавы сакратар «Устаноўчага парлямэнту» абверг зьвесткі праваахоўнікаў пра тое, што захопнікі будынку напярэдадні забілі аднаго з паліцыянтаў.

«З нашага боку тэрыторыя, на якую яны ўказваюць, не праглядаецца. Мы яго не забівалі. Магчыма, ён быў забіты праз страляніну снайпэраў з боку саміх праваахоўнікаў», — сказаў Варужан Авецісян, які знаходзіцца ў захопленым будынку разам з узброенай групай.

30 ліпеня быў забіты стрэлам 30-гадовы паліцыянт Юра Тепанасян. Гэта адбылося на адлегласьці 400 мэтраў ад захопленай часткі. Ён стаў другой ахвярай захопу сярод праваахоўнікаў.

Групоўка патрабуе вызваленьня лідэра «Ўстаноўчага парлямэнту», адстаўкі прэзыдэнта ды ўраду і фармаваньня новага «ўраду нацыянальнага даверу». 30 ліпеня армянскія праваахоўнікі аб’явілі ўльтыматум захопнікам будынку палку ППС, але на штурм дагэтуль не пайшлі.