Як паведамляе сайт Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК), 29 ліпеня на пазачарговай выбарнай канфэрэнцыі БФБ старшынёй фэдэрацыі быў абраны намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандар Дубкоўскі. Дарэчы імя цяпер ужо былога кіраўніка фэдэрацыі Юрыя Чыжа ў паведамленьні прэс-службы НАК нават ня згадваецца.
Юры Чыж быў старшынёй Беларускай фэдэрацыі барацьбы на працягу амаль васьмі гадоў — са сьнежня 2008 году. На гэтай пасадзе ён зьмяніў алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзьведзя.
Бізнэсоўца і генэральнага дырэктара кампаніі «Трайпл» Юрыя Чыжа затрымалі 11 сакавіка. Яго абвінавачваюць у злачынстве, прадугледжаным ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі (ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).