Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Том Кент рашуча асудзіў напад на трох супрацоўнікаў Радыё Азатутюн, якія ўвечары 29 ліпеня асьвятлялі сутыкненьні ў Ерэване паміж паліцэйскімі і пратэстоўцамі каля будынку паліцыі, які ўтрымлівае ўзброеная група з 17 ліпеня.
Кент заявіў што абураны ўжываньнем гвалту да журналістаў, якія выконвалі свой прафэсійны абавязак, і выказаў надзею, што вінаватыя будуць пакараныя, а ўлады Армэніі забясьпечаць супрацоўнікам СМІ бясьпеку.
На Карлена Асланяна, Аванэса Маўсісяна і Гарыка Арутуняна напалі людзі ў цывільным, узброеныя дубінкамі і жалезнымі прутамі. Маўсісян паведаміў па тэлефоне, што адзін з тых, хто нападаў спытаў: «Ты вядзеш здымку?» — А затым ударыў журналіста і разьбіў яго камэру. Акрамя таго, Маўсісян атруціўся сьлёзатачывым газам, які паліцыянты ўжылі пры разгоне пратэстоўцаў. У выніку журналіст трапіў у бальніцу. Двое іншых рэпарцёраў нашай мэдыякарпарацыі атрымалі невялікія траўмы.
Прэс-сакратар паліцыі Ашот Агаранян на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паабяцаў, што будзе неадкладна праведзена расьсьледаваньне актаў гвалту ў дачыненьні да журналістаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і іншых СМІ, якія асьвятляюць падзеі ў Ерэване.
Офіс амбудсмэна Армэніі заявіў, што вывучыць паведамленьні аб тым, што на журналістаў напалі паліцыянты ў цывільным.