Як паведамілі агенцтву Reuters крыніцы, блізкія да расьсьледаваньня, была ўзламаная кампутэрная сыстэма Камітэту па выбарах у Кангрэс Дэмакратычнай партыі, які займаецца зборам сродкаў для кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў.
Паводле той самай крыніцы, новы хакерскі напад мог мець на мэце атрыманьне інфармацыі аб донарах партыі. Пакуль незразумела, якая менавіта інфармацыя была выкрадзена, хоць звычайна ў такіх файлах пазначаны імёны, адрасы электроннай пошты і зьвесткі аб крэдытных картах тых, хто аказвае фінансавую дапамогу партыі.
У ФБР не выключаюць, што да гэтай атакі, як і да ўзлому кампутарнай сыстэмы Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі, могуць быць датычныя расейскія хакеры — на гэта паказвае шэраг асаблівасьцяў хакерскіх прыёмаў.
Гэтая хакерская атака спараджае новыя падазрэньні ў тым, што Крэмль спрабуе ўмешвацца ў ход выбарчай кампаніі ў ЗША — на карысьць рэспубліканскага кандыдата Дональда Трампа.
Выкладзеная 21 ліпеня на сайце WikiLeaks службовая перапіска Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі выклікала скандал, у выніку чаго на нацыянальным зьездзе партыі прагучалі афіцыйныя прабачэньні на адрас Бэрні Сандэрса, былога суперніка Гілары Клінтан у барацьбе за намінацыю кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад дэмакратаў. Аб сваёй адстаўцы абвясьціла старшыня камітэту Дэбі Васэрман-Шульц.