«Хвілінка», якая не спынілася

Нячаста хочацца пісаць пра кнігі — па-над імі штораз лунае дух фармалізацыі, завяршэньня, урэшце мёртвасьці ідэі. Чытаю новы «Дзеяслоў», а ў нумары — аповесьць «Францішак: словы за вакном», працяг «Хвілінкі» Ігара Бабкова.

Канечне, «Хвілінка» — таксама праект, акрэсьленая задума, тым ня менш адкрытая ў вульгарна-экаўскім разуменьні аматараў пачытаць літары на пераплёце. Нягледзячы на ўшанаваньне Гедройцем, «Хвілінка» доўжыцца, хоць упершыню яна расьсекла ківачом паветра гадоў мо дваццаць ці дваццаць пяць таму, на старонках дубаўцоўскай «Нашай Нівы» урыўкам з раману пра адну менскую кавярню, адкуль усё «стала быць». З увагі на такую амплітуду становіцца відавочным, што ідэя аўтару надзвычай дарагая, прадумваецца яна дзясяткі гадоў і, прынамсі, быў час адмовіцца ад шматлікіх варыянтаў разьвіцьця падзей, сашкрабаць жанравыя маркёры ці закласьці ў тэкст столькі шкляных пэрлінаў, колькі душа пажадае.

Ня выключана, праўда, і мэтадалёгія, агучаная голасам апавядальніка:

«Ён ніколі не пісаў па пляне: не было анічога больш чужога і далёкага, чым распрацоўка тэмы, пошук ідэяў і мэтафараў, рытарычных фігураў і лягічных паваротаў.

Усё пачыналася зь незразумелай трывогі, непакою. Які паўставаў у глыбіні ягонай істоты. І пачынаў шукаць дарогу навонкі.

Потым прыходзілі словы. Самі, як быццам зьніадкуль. Часам зь няўцямным рытмам. Трэба было ўважліва слухаць, каб зразумець, што і куды непакоіцца. Адпусьціць свой розум, сьцішыцца, даць мейсца.

І далей проста сачыць за тым, як яны складаюцца і што гавораць. Спыняцца, заціхаць разам зь імі, на тыдні і месяцы. Пакуль не пачнуць складацца ўзоры».

Далей там пра тое, што «не прастора, а час ёсьць нашым сапраўдным домам», і, зыходзячы з гэтай лёгікі, лінейнае апавяданьне магло выбудавацца ў шматтамовую сагу, у кшталце Марсэля Пруста. І аўтар адкідае лінейнасьць на карысьць інтуіцыі.

І ў кніжным варыянце «Хвілінкі», і ў «дзеяслоўскім» працягу аўтар працуе з досыць аўтаномнымі адзінкамі — фрагмэнтамі (мініятурамі? мэдытацыямі?), але ў новым тэксьце яны становяцца заўважна ляканічнейшымі, і чытач пастаянна ловіць радыёхвалю, якая пастаянна зрываецца праз кепска адладжаную сыстэму пераключэньня. Пакуль уваходзіш у тэкст, мусіш прывыкнуць да яго, як да ракі. І толькі тады пачынае раскручвацца сюжэт.

«Хвілінка», калі можна так сказаць, больш «працавала» зь Менскам, месцам (і местам), якое паўставала зь нічога — у сваім беларускім калярыце. Магчыма, асуджаным на вечнае паўставаньне. Менскі гарадзкі міт, гарадзкі тэкст пісаўся на вачах Францішка, пры непасрэдным ягоным удзеле, аднак і набыў формы, няўяўныя і непрадказальныя для стваральнікаў. Таму новым месцам, дзе магло нарадзіцца нешта новае, сталася Вільня, скарбніца сымбаляў і руінаў, якая заўсёды на скрыжаваньні і сутыкненьні. Самая прастора змушае яго занурацца ў мінулае, але не для адшуканьня нейкіх слупоў і канстантаў, дзеля якіх варта было перасякаць мяжу. Хутчэй самы гэты суплёт выпадковасьцяў, нечаканых сустрэч, вечаровых вандровак, якія невядома дзе і чым скончацца, важны для пражываньня, бо зь яго і пачынаецца новая гісторыя.

Якая, тым ня менш, робіцца працягам.

Гэткім чынам і блукае апавядальнік, тут ён выштукоўвае працяг часу — «сапраўднага дому», напаўняючы аповед цытатамі — часам называючы, часам абмінаючы імёны. Розныя культуры, асобныя тэксты, сюжэты, прывіды, двайнікі. Вобраз зь верша Гёльдэрліна, успамін пра Гласаў Сэлінджара, Гайдэгер з філязофіяй прамаўленьня, магічны тэатар «Стэпавага ваўка» Гесэ, пошукі дона Хуана, тахканьне сэрца Ўладзімера Жылкі, дубаўцоўскія размовы за сьцяной зь сіняга карабля, які ў блакітным моры плыве. Джанатан Суіфт з п’есы Ўільяма Батлера Ейтса, якая чароўным чынам у тым жа нумары «Дзеяслова» ператлумачаная з ангельскай мовы Наталкай Харытанюк. Вітраж складаецца зь дзясяткаў шкельцаў, якія то змушаюць зьвяртаць на сябе ўвагу, кожнае паасобку, то адсылаюць да агульнай карціны, што пакуль яшчэ цалкам не адкрылася.

І толькі напрыканцы расчыняюцца чароўныя дзьверы і гавораць, што ўсё напісанае было прадмовай да дзейства. Да другога тому «Хвілінкі».