Сэбастыян Каў, прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацый, адказаў адмовай на ліст міністра спорту Расеі Віталія Мутко, які прасіў дапусьціць на Алімпіяду ў Рыё-дэ-Жанэйра «чыстых» расейскіх лёгкаатлетаў.
«Мне сёньня прыйшоў адказ ад спадара Каў, у якім ён у прынцыпе дзякуе за пазыцыю і зварот, за тое, што мы сур’ёзна да гэтага ставімся, што мы гатовыя далей рэфармаваць лёгкую атлетыку. Але разам з тым ён лічыць, што немагчыма вяртацца да таго рашэньня, на жаль,» — сказаў Мутко журналістам.
Мутко накіраваў ліст Каў 25 ліпеня — на наступны дзень пасьля таго, як Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэньне не пазбаўляць Расею права ўдзельнічаць у Гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра з-за допінгавага скандалу, а пераклаў рашэньне аб допуску спартоўцаў на асобныя фэдэрацыі.
Раней Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацый ужо забараніла ўсім расейскім лёгкаатлетам удзел ў Алімпіядзе-2016 пасьля таго, як было выкрытае сыстэматычнае ўжываньне допінгу ў расейскай камандзе. Спартовы арбітражны суд у Лязане (Швэйцарыя) 21 ліпеня адхіліў апэляцыю Расеі на гэтае рашэньне.
Некалькі фэдэрацый — у тым ліку фэдэрацыі гімнастыкі, трыятлёну і стральбы з луку — ужо заявілі аб тым, што дапускаюць расейскіх спартоўцаў на Алімпіяду.
25 ліпеня Міжнародная фэдэрацыя плаваньня адхіліла ад удзелу ў Алімпіядзе семярых расейскіх плыўцоў, але дазволіла выступаць расейскім сынхраністкам, скакунам у ваду і ватэрпалісткам ў поўным складзе.