Былая дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан афіцыйна вылучаная кандыдаткай на прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі, стаўшы першай жанчынай-кандыдатам на прэзыдэнта ў гісторыі краіны.
Падчас галасаваньня Клінтан набрала неабходныя 2383 галасы дэлегатаў партыйнага зьезду, які адбываецца ў Філадэльфіі.
Працэдура вылучэньня насіла фармальны характар: прадстаўнікі кожнага зь 50 штатаў і замежных тэрыторый ЗША па чарзе абвясьцілі вынікі папярэдніх партыйных выбараў (праймэрыз), якія праходзілі ў лютым-чэрвені. Перамогу па выніках праймэрыз атрымала Клінтан, апярэдзіўшы свайго галоўнага суперніка сэнатара Бэрні Сандэрса.
Цяпер Клінтан павінна даць афіцыйную згоду на ўдзел у выбарах прэзыдэнта. Яе выступ адбудзецца ў чацьвер і стане фінальным мерапрыемствам зьезду.
Усеагульныя выбары пройдуць у ЗША 8 лістапада. Раней Рэспубліканская партыя вылучыла Дональда Трампа.